Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкія рухі Італіі кажуць пра небяспеку Хэлоўіна
31.10.2012 15:59

Напярэдадні забаваў, звязаных са святкаваннем Хэлоўіна, каталіцкія рухі Італіі заклікаюць бацькоў не дазваляць дзецям удзельнічаць у іх і заахвочваюць да ўдзелу ў Імшах за душы памерлых і ў эўхарыстычных працэсіях.

Сёлета ў Італіі, дзе хэлоўін паспеў моцна замацавацца, пройдзе вялікі шэраг так званых мерапрыемстваў анты-Хэлоўін. Так, у рымскай базыліцы святой Анастасіі па ініцыятыве супольнасці Яна XXIII будзе цэлебравацца Імша за «зневажанне і прафанацыю, да якіх даходзіць у ноч хэлоўіна». Пасля яе адбудзецца працэсія па стадыёну «Circus Maximus» — месцы мучаніцтва першых хрысціянаў.

Cупольнасць Яна XXIII, якая, між іншым, аказвае дапамогу ахвярам залежнасцяў і сект, найбольш актыўна ў Італіі змагаецца супраць новага свята, якое, на іх думку, абражае «святасць жыцця і смерці» і напоўнена сатанісцкімі і акультнымі практыкамі.

Нагадаем, што традыцыя Хэлоўіна ўзнікла ў дахрысціянскія часы ў асяроддзі друідаў, якія выконвалі функцыі святароў і ведзьмароў у старажытных кельтаў. Яны лічылі, што ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада духі памерлых вяртаюцца ў свае былыя дамы, каб наведаць жывых. Таму людзі гатавалі ў гэты дзень розныя стравы для духаў, каб тыя ім не пашкодзілі. Пад уплывам хрысціянства гэтая традыцыя амаль знікла. Каб цалкам адысці ад язычніцкага святкавання смерці, у ІХ ст. урачыстасць Усіх Святых была перанесена з Велікоднага перыяду на 1 лістапада. Сама назва «Хэлоўін» (ангельск. Halloween) паходзіць ад словазлучэння All Hallow Evening — вечар Усіх Святых. Кожны хрысціянін павінен памятаць, што ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных адзначэнню «Хэлоўіна», несумяшчальны з яго вераю.

Раім пачытаць таксама «Хэлоўін: забава ці небяспека?»

(SZh)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.