Мітрапаліт Іларыён выказаў салідарнасць Касцёлу ў Польшчы з прычыны апаганьвання цудатворнага абраза | Друк |
10.01.2013 16:18

Старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён накіраваў ліст Мітрапаліту Чэнстахоўскаму арцыбіскупу Вацлаву Дэпа, у якім выказаў салідарнасць духавенству і вернікам Касцёла ў Польшчы з прычыны апаганьвання цудатворнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

Як інфармуе агенцтва КАІ, арцыбіскуп Вацлаў Дэпа падкрэсліў, што «гэты выраз болю і салідарнасці ў малітве з’яўляецца вялікім дарам» для Касцёла ў Польшчы. Па словах арцыбіскупа, Мітрапаліт Іларыён кажа ў сваім лісце пра «пагрозы з боку сучаснай цывілізацыі, якая супраціўляецца Евангеллю».

Арцыбіскуп Дэпа назваў жэст праваслаўнага іерарха выразам «супольнай дзейнасці на карысць захавання каштоўнасцяў, якія для нас з’яўляюцца каштоўнасцямі жыцця».

Блюзнерскі акт у дачыненні да чэнстахоўскай святыні адбыўся 9 снежня 2012 г. у Яснагурскім санктуарыі. Пасля ранішняй святой Імшы мужчына абліў абраз цёмнай фарбай. Абраз знаходзіцца пад шклом і дзякуючы гэтаму пазбег пашкоджання.

Раней салідарнасць Касцёлу ў Польшчы з гэтай прычыны выказаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by