Біскупы Бельгіі рашуча супраць новага праекту закона аб эўтаназіі | Друк |
07.03.2013 22:04

Бельгійскія біскупы рашуча выступілі супраць прапанаванага ў краіне праекту закона аб эўтаназіі, які дае права на дабравольны адыход з жыцця людзям, маладзейшым за 15 гадоў. Пазіцыю епіскапату па гэтым пытанні прадставіў арцыбіскуп Андрэ-Жозэф Леанард.

Іерарх падкрэсліў, што голас Касцёла не змяніўся з часу легалізацыі эўтаназіі ў Бельгіі ў 2002 годзе. «Мы прапануем засяродзіцца на тым, як хворыя, у тым ліку непаўналетнія, маглі б атрымаць лепшую дапамогу службы аховы здароўя, — адзначыў арцыбіскуп, якога цытуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Калі мы кажам „не“ эўтаназіі, гэта не азначае, што мы хочам, каб людзі пакутавалі. У галіне паліятыўнай апекі прагрэс сёння такі значны, што можна паспяхова пазбегнуць просьбаў аб эўтаназіі».

Біскупы скіравалі ў парламент спецыяльны ліст, у якім выказалі надзею, што бельгійская дэмакратыя будзе шанаваць перш за ўсё годнасць чалавека.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by