Апостальская Сталіца ў ААН пра дапамогу дзецям з ВІЧ | Друк |
08.03.2013 21:30

Пазіцыю Апостальскай Сталіцы ў справе дзяцей, якія маюць вірус ВІЧ, прадставіў пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры сядзібе ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Іерарх выступіў на пасяджэнні, прысвечаным правам дзіцяці, якое прайшло 7 сакавіка.

Арцыбіскуп, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, адзначыў, што, нягледзячы на паведамленні аб паспяховасці тэрапіі дзяцей з вірусам ВІЧ, толькі 28 працэнтаў з такіх дзяцей, якія жывуць у слаба- і сярэднеразвітых краінах, карыстаюцца паспяховым лячэннем. У выніку кожную гадзіну паміраюць 30 дзяцей, хворых на СНІД, якім менш за 15 гадоў.

Прадстаўнік Ватыкана нагадаў аб важнейшых задачах, якія стаяць у гэтай сферы перад міжнароднай супольнасцю, у тым ліку аб прадухіленні заражэння дзяцей праз маці і аб раннім знаходжанні вірусу ў дзяцей.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by