Хрысціяне, іўдзеі і мусульмане маліліся за ахвяраў тэракту ў Бостане | Друк |
20.04.2013 17:10

Праз тры дні пасля тэракту падчас марафону ў Бостане (ЗША) хрысціяне, іўдзеі і мусульмане разам маліліся ў мясцовай каталіцкай катэдры Святога Крыжа за ахвяраў трагедыі. У набажэнстве ўдзельнічалі таксама амерыканскія палітыкі на чале з Прэзідэнтам Баракам Абамам.

«Мы павінны перамагчы культуру смерці і абвяшчаць культуру жыцця, — адзначыў арцыбіскуп Бостана кардынал Шон О’Мэллі, які ўзначаліў набажэнства. — Гэтая трагедыя для нас адначасова і выпрабаванне, і шанс, каб распачаць супольную працу ў адноўленым духу салідарнасці, з усведамленнем таго, што любоў мацнейшая за смерць».

Па словах Прэзідэнта Абамы, якія прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, гэтае набажэнства стала нагодай, каб супольна памаліцца, перажыць смутак і ацаніць страты. «Але мы сабраліся тут і для таго, каб запэўніць, што дух гэтага горада не знішчаны», — сказаў амерыканскі лідар і дадаў, што ў наступным годзе традыцыйны бостанскі марафон таксама адбудзецца.

У тэракце загінулі тры чалавекі, 176 атрымалі раненні.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by