Апостальская Сталіца ў ААН: каб знішчыць беднасць, трэба ўключаць бедных у жыццё грамадства | Друк |
25.04.2013 11:39

«Усе старанні дзеля знішчэння беднасці павінны канцэнтравацца на інтэгральным развіцці асобы. Пры гэтым трэба заўсёды памятаць пра роўную годнасць усіх людзей», — падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Фрэнсіс Чуллікат.

Выступаючы на пасяджэнні ў Нью-Ёрку, іерарх адзначыў, што ў планаванні і рэалізацыі мэтаў развіцця неабходна даць права голасу ўсім людзям, асабліва бедным і адкінутым на перыферыю існавання — бо менавіта іх найперш датычаць гэтыя мэты.

Прадстаўнік Ватыкана звярнуў увагу, што як наступствам, так і прычынай беднасці з’яўляецца выключэнне людзей з грамадства: калі людзі выключаюцца з удзелу ў эканамічным, грамадскім, палітычным і культурным жыцці, іх магчымасці не развіваюцца і яны становяцца няздольнымі клапаціцца аб саміх сабе. «Кожны чалавек мае прыроджанае права карыстацца супольнай спадчынай, а таксама права і абавязак яе ўзбагачаць», — сказаў арцыбіскуп, якога цытуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Для таго, каб знішчыць беднасць, іерарх прапанаваў уключаць бедных у сусветную эканамічную, грамадскую, палітычную і культурную дзейнасць на асновах поўнага партнёрства.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by