У Санкт-Пецярбургу беларусы ўдзельнічаюць у набажэнствах на роднай мове | Друк |
10.05.2013 11:38

10 мая вернікі грэка-каталіцкай парафіі Святых Кірыла і Мятода ў Санкт-Пецярбургу моляцца за ахвяраў Другой сусветнай вайны і сталінскіх рэпрэсій. У Левашоўскай пусташы — мемарыяльных могілках, дзе пахаваны каля 45 тысяч чалавек — яны ўзгадаюць і загінуўшых беларусаў. Каля 20 вернікаў парафіі таксама паходзяць з Беларусі.

Некаторыя з іх прыехалі ў паўночную сталіцу Расіі ў савецкія часы, іншыя — не так даўно на заробкі або вучыцца. Для агульнай малітвы быў абраны час пасля 9 мая, Дня Перамогі, і напярэдадні праваслаўнага Дня ўспаміну памерлых — Раданіцы, якая прыпадае ў гэтым годзе на 14 мая.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, пробашч парафіі айцец Кірыл Міронаў на працягу года служыў у Беларусі пад кіраўніцтвам Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у нашай краіне архімандрыта Сяргея Гаека. З пачатку гэтага года ў парафіі з’явіліся і беларускія набажэнствы, каб этнічныя беларусы маглі такім чынам мець тут частку радзімы і магчымасць маліцца на роднай мове.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by