Легіянеры Хрыста: перамагаючы дабром наступствы зла | Друк |
07.02.2014 12:15
Легіянеры Хрыста вырашылі перагледзець харызмат сваёй кангрэгацыі, дыстанцуючыся ад свайго заснавальніка як прыклада для наследвання і ад яго асабістых запісаў наконт кіраўніцтва духоўным жыццём. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, што было апублікавана 6 лютага пасля заканчэння генеральнага капітула кангрэгацыі, які праходзіў у Рыме.
Манаская супольнасць "Легіянеры Хрыста" была заснавана ў Мексіцы ў 1941 годзе айцом Мас'елем. Некалькі год назад былі выяўлены сур'ёзныя амаральныя паводзіны заснавальніка, пасля чаго Папа Бэнэдыкт ХVІ заклікаў да ачышчэння кангрэгацыю і прызначыў у сувязі з гэтым свайго спецыяльнага дэлегата кардынала Веласіо Дэ Паоліса.

Удзельнікі капітула рашуча асудзілі ўчынкі заснавальніка супольнасці і выказалі жаданне "выправіць сваю балючую гісторыю, перамагаючы дабром наступствы зла".

"Толькі так мы зможам знайсці евангельскі сэнс у тым, што адбылося, і будаваць надалей на магутным фудаменце даверу да Бога, вернасці Касцёлу і праўдзе", - так гаворыцца ў паведамленні.

Удзельнікі сустрэчы прыгадалі, што Бэнэдыкт ХVІ назваў супольнасць здаровай, але патрабуючай зменаў. Гэтыя змены, акрамя перагляду харызмату, будуць мець дачыненне да кіравання кангрэгацыі і фармацыі яе членаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
 
(AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by