У Самалі дваіх хрысціянаў публічна пакаралі смерцю | Друк |
17.03.2014 12:01

У Самалі ісламісты «Аль-Шабааб» публічна пакаралі смерцю дваіх хрысціянаў. Паводле інфармацыі Morning Star News, у партовым горадзе Барава экстрэмісты сабралі мясцовых жыхароў, каб тыя сталі сведкамі пакарання 41-гадовай Садыі Алі Амар і яе 35-гадовага сваяка Асмана Махамуда Моге.

Перад тым, як абезгаловіць хрысціян, баявік «Аль-Шабааб» заявіў: «Мы ведаем, што гэтыя двое з'яўляюцца хрысціянамі. Яны нядаўна вярнуліся з Кеніі. Мы выкаранім любую падпольную хрысціянскую дзейнасць на тэрыторыі маджахедаў».

Дочкі Садыі Алі Амар — 8 і 15 гадоў — прысутнічалі на пакаранні. Мясцовыя хрысціяне дапамаглі дзяўчынкам пераехаць у іншы раён. У супольнасці асцерагаюцца, што баевікі працягнуць сачыць за дзецьмі і, у рэшце рэшт, заб'юць і іх.

У Самалі адмова ад ісламу караецца пакараннем смерцю. Самалійцы, якія жылі ў пераважна хрысціянскай Кеніі, знаходзяцца пад асаблівым падазрэннем. Мясцовыя хрысціяне паведамілі, што забітыя наклікалі на сябе падазрэнне, калі перасталі наведваць малітвы па пятніцах.

Баявікі «Аль-Шабааб» ужо забілі дзясяткі людзей пасля выяўлення іх прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці.

(AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by