Адкрыецца новы тэлеканал, прысвечаны Сусветнаму дню моладзі ў Кракаве 2016 | Друк |
23.10.2015 15:36

Вяшчанне тэлеканала распачнецца ў апошні тыдзень ліпеня наступнага года.  Ён будзе даступны ў інтэрнэце, а яго стваральнікам будзе цэнтр TVP Кракаў, а таксама студэнты факультэтаў журналістыкі Папскага ўніверсітэта Яна Паўла II у Кракаве.

Дэкларацыю аб намерах стварыць тэлеканал 21 кастрычніка падпісалі генеральны каардынатар Аргкамітэту Сусветнага дня моладзі ў Кракаве біскуп Даміян Мускус, рэктар Папскага ўніверсітэта Яна Паўла II у Кракаве прафесар Войцэх Зызак і дырэктар TVP Кракаў Лешэк Дзіура.

Сусветны дзень моладзі 2016 пад дэвізам «Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць» пройдзе ў Кракаве і Вялічцы з 26 па 31 ліпеня 2016 года.

Як паведамляецца ў Дэкларацыі аб намерах, мэтай супрацоўніцтва з'яўляецца медыйная падтрымка СДМ Кракаў 2016.

Спасылаючыся на важнасць мерапрыемства, якім з'яўляецца Сусветны дзень моладзі ў Кракаве  2016, а таксама важнасць грамадскай місіі, якую павінны выканаць аб’яднаныя інстытуты, яны заявілі аб сваёй «гатоўнасці да супрацоўніцтва ў стварэнні новага канала, які плануецца запусціць у апошні тыдзень ліпеня 2016 года».

Стала вядома таксама, што на тэлеканале TVP Кракаў рэгулярна будуць з'яўляюцца матэрыялы, створаныя студэнтамі - рэдактарамі ўніверсітэцкай тэлестудыі JP2TV, якія будуць распавядаць пра ініцыятывы і прыгатаванні да СДМ. Дэталі супрацоўніцтва, такія, як рэпарцёрскі ці фотаабмен, будуць вызначаны пазней.

Задаволенасць ад пагаднення выказаў дырэктар TVP Кракаў Лешэк Дзіура.

− Гэта выдатны момант для таго, каб на тэлебачанне нарэшце трапілі новыя ідэі маладых журналістаў. Я спадзяюся, што гэтыя кантакты дапамогуць таксама моладзі супрацоўнічаць з TVP. Нам заўсёды патрэбны новыя кадры і ідэі.

Рэктар універсітэта прафесар а. Войцэх Зызак сказаў, што журналістыка з’яўляецца найбольш дынамічна развітым напрамкам ва ўніверсітэце і мае найбольшую колькасць студэнтаў.

− Мы працуем з выдатнымі маладымі людзьмі, якія могуць займацца ў добра падрыхтаваных радыё і тэлестудыях, супрацоўнічаць з сапраўднымі прафесіяналамі, працаваць з добрым абсталяваннем. Магчымасць паказаць сябе падчас такой вялікай падзеі, як СДМ, і папрацаваць з такой дасведчанай установай, як TVP, для мяне, як рэктара, з'яўляецца нагодай для гонару, - адзначыў прафесар.

Сусветны дзень моладзі – гэта шэраг сустрэч маладых людзей з усяго свету, які праводзіцца кожныя 2-3 гады. Упершыню яны праходзілі па ініцыятыве Папы Яна Паўла II у 1985 годзе. У мінулым СДМ, які адбыўся ў 2013 годзе ў Рыа-дэ-Жанейра, прынялі ўдзел каля 3,5 мільёнаў чалавек.

Польшча праводзіць мерапрыемства ў другі раз: у 1991 годзе моладзь з усяго свету прымала Чэнстахова.

Паводле Deon.pl

(MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by