Сінгапур: канцэрт Мадонны абражае хрысціян | Друк |
01.03.2016 12:30

«Не падтрымлівайце "псеўдамастацтва", што спрыяе пачуццёвасці, бунту, пагардзе, парнаграфіі, забруджваючы розумы моладзі, разбэшчанасці, індывідуалізму, які шкодзіць супольнаму дабру, вульгарнасці, хлусні і паўпраўдзе», — з гэтымі словамі звярнуўся ардынарый Сінгапура арцыбіскуп Уільям Гох да  католікаў і іншых хрысціян, якія жывуць у гэтай азіяцкай мінідзяржаве, у сувязі з канцэртам Мадонны

Выступ Мадонны ў Сінгапуры — гэта частка турнэ ў падтрымку яе апошняга альбома «Rebel Heart» («Узбунтаванае сэрца»).

Вядомая выкарыстаннем хрысціянскіх сімвалаў амерыканская папулярная спявачка між іншым зараз выступае з танцоркамі, апранутымі як манахіні, якія ў ніжняй бялізне танчаць на трубе ў форме крыжа. Падчас шоў таксама маецца пародыя на Апошнюю Вячэру, а ў адной са сцэн з’яўляюцца рыцары, якія замест дзідаў выносяць велізарныя крыжы.

Арцыбіскуп Уільям Гох нагадаў вернікам, што іх прысутнасць на зневажаючым веру шоў — гэта антысведчанне, супрацьлеглае таму, каб заставацца верным Богу і Яго загадам.

Многія католікі і некатолікі падзякавалі ардынарыю Сінгапура за адназначную пазіцыю ў гэтай справе, а мясцовыя ўлады вырашылі, што канцэрт змогуць наведаць толькі паўналетнія. Па словах арцыбіскупа, католікі павінны з павагай ставіцца да тых, хто не падзяляе іх поглядаў, але гэта не азначае, што мастацтва мае права абражаць рэлігійныя пачуцці, асабліва ў наш час, такі адчувальны ў гэтым пытанні.

Паводле польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by