Хрысціяне Пакістана заклікаюць да аднаўлення Міністэрства па справах рэлігійных меншасцяў | Друк |
01.03.2016 12:42

Хрысціяне Пакістана патрабуюць аднаўлення ў краіне Міністэрства па справах рэлігійных меншасцяў. Яно было зачынена пяць гадоў таму пасля забойства Шахбаза Бхаці, першага каталіцкага міністра ў гісторыі гэтай ісламскай рэспублікі.

Шахбаз Бхаці загінуў ад рук тэрарыстаў за тое, што спрабаваў рэфармаваць закон аб блюзнерстве. Менавіта з-за гэтага закона была асуджана на смерць Асія Бібі.

Гэтая хрысціянская маці знаходзіцца за кратамі ўжо шосты год, а яе апеляцыя на прысуд да гэтага часу не разгледжана Вярхоўным судом. Шахбаз Бхаці выступаў у яе абарону.

Пасля яго смерці міністэрства было цалкам закрыта, а затым адноўлена ў форме аддзела, які практычна не мае паўнамоцтваў па прыняцці рашэнняў. Яго ўзначальвае мусульманін. Гэта абцяжарвае дыялог з рэлігійнымі меншасцямі, якія адчуваюць дыскрымінацыю ў Пакістане.

За апошнія пяць гадоў сітуацыя немусульман у Пакістане значна пагоршылася, іх правы моцна парушаюцца. Таму брат забітага міністра Пол Бхаці заклікае прэзідэнта Пакістана ад імя ўсёй хрысціянскай супольнасці краіны аднавіць міністэрства, якое «дазволіць будаваць вялікую гармонію і мірнае суіснаванне ў рэлігійна разнастайным грамадстве».

Шахбаз Бхаці быў забіты 2 сакавіка 2011 года. У гадавіну яго мучаніцкай смерці пройдзе міжрэлігійны сімпозіум і святая Імша. Касцёл у Пакістане толькі распачаў працэс беатыфікацыі забітага міністра. Каля яго цела забойцы пакінулі запіску: «Бхаці павінен быў памерці за сваю веру ў Езуса».

Паводле Deon.pl (MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by