Ва Украіне могуць легалізаваць аднаполыя шлюбы | Друк |
13.03.2016 17:14

Кабінет міністраў Украіны плануе да другога квартала 2017 года легалізаваць аднаполыя шлюбы. Пра гэта гаворыцца ў «Плане мерапрыемстваў па рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ў галіне правоў чалавека на перыяд да 2020 года». Дакумент быў апублікаваны 10 сакавіка на сайце ўраду Украіны.

«Распрацоўка і прадстаўленне на разгляд кабінета міністраў Украіны законапраекта аб легалізацыі ва Украіне зарэгістраванага грамадзянскага партнёрства для аднаполых пар з улікам маёмасных і немаёмасных правоў, у прыватнасці валодання і наследавання ўласнасці, утрымання аднаго партнёра іншым у выпадку непрацаздольнасці (...)», — адзначаецца ў дакуменце.

Адказнымі за распрацоўку прававых нормаў былі названы сам урад Украіны і «іншыя зацікаўленыя органы дзяржаўнай улады». У дакуменце таксама падкрэслена неабходнасць зняць «дыскрымінацыйную» забарону на ўсынаўленне трансгендарамі дзяцей.

Адпаведныя змяненні ў загад Міністэрства аховы здароўя Украіны павінны быць унесены ўжо ў чацвёртым квартале 2016 года. Адказнымі за выкананне гэтага даручэння урад назваў Міністэрствы аховы здароўя і сацыяльнай палітыкі.

23 лістапада 2015 года Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка зацвердзіў папраўкі да Кодэкса законаў аб працы Украіны, якія, у прыватнасці, забараняюць ушчамленне правоў прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў пры прыёме на працу.

«Мы павінны зрабіць усё, каб у кожнага ўкраінца была магчымасць падарожнічаць без віз па краінах Шэнгенскай зоны», — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

Вярхоўная Рада падтрымала антыдыскрымінацыйную папраўку, якая з’яўляецца адной з умоваў лібералізацыі візавага рэжыму з ЕС, 12 лістапада з другой спробы законапраект быў прыняты.

Паводле lenta.ru (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by