Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Газета La Croix: аўтабіяграфіі пра навяртанне становяцца бестселерамі
10.02.2017 11:40

На французскім кніжным рынку з’явілася новая катэгорыя бестселераў —аўтабіяграфічныя апісанні вялікіх навяртанняў. На гэта звяртае ўвагу парыжская газета La Croix.

Рэмбрандт Харменс ван Рэйн. Вяртанне марнатраўнага сына. 1668.
Такі тып адкрыцця мае ў Касцёле багатую традыцыю. Дастаткова прыгадаць «Споведзь» св. Аўгустына або ўспаміны Андрэ Фрасара «Бог існуе, я спаткаў Яго». Сёння такія публікацыі з’явіліся ізноў, і ў вялікай колькасці.

На думку выдаўцоў, асаблівы попыт менавіта на такую літаратуру сёння існуе таму, што супольнасць веруючых адчувае сур’ёзную дэстабілізацыю. У той жа час сведчанні «марнатраўных сыноў» падбадзёрваюць, паказваюць сутнасць каталіцкай веры. Такія выданні таксама з’яўляюцца добрым падарункам для сяброў або блізкіх, якія знаходзяцца ў пошуку.

Аўтабіяграфіі неафітаў — літаратура вельмі асабістая, нават інтымная, а таму і вельмі разнастайная. Аднак, як сцвярджае La Croix, у гісторыях пра навяртанне можна вызначыць некалькі агульных рысаў. Перадусім — асабісты крызіс, які папярэднічае навяртанню, пошук сэнсу жыцця або барацьба з сумненнямі. Вера ж, як сцвярджаюць неафіты, вядзе іх да адраджэння, перамены жыцця.

Дастаткова часта ў апісаннях навяртанняў таксама прысутнічае звышнатуральны элемент, відавочны цуд або нават асабістае адкрыццё. Марыс Кайе, аўтар кнігі «Я быў масонам», згадвае, напрыклад, што калі ён маліўся аб аздараўленні сваёй жонкі, то пачуў выразны голас, які не быў яго ўнутраным голасам або голасам сумлення: «Гэта добра, што ты молішся аб аздараўленні, але што ты хочаш Мне ахвяраваць?»

Як чытаем у La Croix, сучасныя навяртанні не з’яўляюцца плёнам інтэлектуальнага даспявання, у іх часта прысутнічае элемент ірацыянальнага, як сказаў апостал Павел: «Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых». Неафіты, як сцвярджаецца ў La Croix, не зведваюць навяртанне ў «адукаваны каталіцызм», яны выбіраюць традыцыйны тып пабожнасці і духоўнага жыцця.

Паводле credo-ua.org
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.