Папскі дабрачынны фонд Kirche in Not адзначае 70 гадоў дзейнасці | Друк |
23.02.2017 16:41

Міжнародны каталіцкі фонд Kirche in Not («Дапамога Касцёлу ў патрэбе») у гэтым годзе адзначае 70-годдзе існавання. Ён быў заснаваны па ініцыятыве папы Пія ХІІ у 1947 годзе.

Напачатку акцыя пад назвай «Дапамога святарам з Усходу» была арыентавана на нямецкіх салдат, якія вярталіся з фронту, іх сем’і, а таксама на асобаў у выгнанні. У 1950-х гадах арганізацыя пашырыла сваю дзейнасць і стала дапамагаць Касцёлу ў камуністычных краінах.

Сёння фонд аказвае дапамогу ў сферы фармацыі семінарыстаў, святароў і манаскіх асобаў, у справе будаўніцтва касцёлаў і капліц, фінансуе набыццё аўтамабіляў і ровараў для душпастыраў Лацінскай Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Усходняй Еўропы. Дапамагае фонд бежанцам, а таксама падтрымлівае праекты па выданні рэлігійнай літаратуры. Асаблівае месца ў дзейнасці арганізацыі займае праект «Біблія для дзяцей», якая выдаецца больш чым на 150 мовах.

На сёння папскі фонд падтрымлівае душпастырскую працу там, дзе Касцёл пераследуецца, асабліва на Блізкім Усходзе, дзе хрысціяне церпяць уціск і знаходзяцца ў небяспецы.

Штогод фонд рэалізуе каля пяці тысяч праектаў у 140 краінах свету. У 23 краінах арганізацыя мае свае прадстаўніцтвы. Грошы прыходзяць у фонд праз ахвяраванні больш за 600 тысяч дабрачынцаў з краін, у якіх дзейнічаюць прадстаўніцтвы.

У 2011 годзе арганізацыя змяніла свой статус. Па рашэнні папы Бэнэдыкта XVI гэты міжнародны дабрачынны фонд стаў папскім фондам з сядзібай у Ватыкане. Старшынёй Святы Айцец прызначыў прэфекта Кангрэгацыі па справах Духавенства кардынала Мауро П’ячэнца.

Юбілейныя ўрачыстасці 70-годдзя будуць спалучаны з вялікай пілігрымкай у Фаціму 11–16 верасня.

КАІ (VGr)

 
© 2003-2019 Catholic.by