Кардынал Дзівіш пра мюзікл «Караль»: «Гледзячы на Караля на сцэне, магу сказаць, што ён такі сапраўды і быў» | Друк |
27.02.2017 09:26

25 лютага ў Кракаве адбылася сусветная прэм’ера першага польскага мюзікла пра святога Яна Паўла ІІ. «Гэта цудоўная гісторыя і напамін пра святога, які ўвесь час з намі і нястомна штосьці нам кажа», — сказаў прысутны на прэм’еры кардынал Станіслаў Дзівіш.

Як адзначыў Мітрапаліт Кракаўскі на пенсіі, святыя ўвесь час прамаўляюць і заўсёды застаюцца актуальнымі. «Таму напамін пра постаць і асобу папы Паляка, які нязменна натхняе і маладых і старэйшых, бязмерна важны», — падкрэсліў іерарх.

Кардынал указаў, што мюзікл вельмі трапна адлюстроўвае рысы, якімі адзначаўся Караль Вайтыла — гэта, між іншым, любоў да мастацтва, тэатра, культуры, вялікі патрыятызм і павага да прыроды як твору Божага.

«Гледзячы на Караля на сцэне, магу сказаць, што ён такі сапраўды і быў. Было ў ім штосьці большае, чым у нармальных людзях, асабліва яго велізарнае сузіранне і адданне сябе Богу», — сказаў кардынал Дзівіш, былы сакратар Вялікага Папы.

Іерарх вельмі пазітыўна ацаніў акцёрскую ігру. «Што ўзрушае, дык гэта стыхійнасць і маладосць акцёраў. На сцэне яны выступаюць вельмі пераканальна», — падкрэсліў Мітрапаліт Кракаўскі.

Кракаўскі паказ мюзікла «Караль» стаў пачаткам агульнапольскага туру. У галоўнай ролі — Яцэк Кавалец. На сцэне таксама можна ўбачыць Эдыту Гэперт, Пятра і Войцеха Гугоўскіх. Прадзюсары плануюць таксама замежны тур у сезоне 2017–2018.

КАІ (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by