Хрысціянскі спявак дзякуе Богу за духоўнае аздараўленне пасля сексуальнага гвалту ў дзяцінстве | Друк |
23.03.2017 08:48

Узнагароджаны нядаўна прэміяй Грэмі вакаліст Алекс Кампас распавёў аб тым, як Бог вызваліў яго ад жыцця, звязанага з сямейнымі праблемамі і сексуальным гвалтам.

Кампас — вядомы хрысціянскі спявак з Калумбіі, але яго жыццё не заўсёды было паспяховым. Бацька Кампаса пакінуў сям’ю, калі Алекс быў яшчэ хлопчыкам. Хутка пасля гэтага Кампас стаў ахвярай сексуальнага гвалту.

Да Бога ён прыйшоў дзякуючы бабулі і дзядулі, якія прывялі яго аднойчы на Імшу.



«Ва ўзросце 12 гадоў у мяне адбылася вельмі моцная сустрэча з Панам падчас малітвы праслаўлення, — дзеліцца ён. — Я задаўся пытаннем, чаму людзі спяваюць, чаму людзі падымаюць рукі і чаму яны выражаюць сябе падобным чынам. І калі я задаваў сабе і Богу ўсе гэтыя пытанні, Бог увайшоў у маё сэрца вельмі асаблівым, але моцным чынам. Ён запоўніў пустэчу, створаную бацькам, які пакінуў мяне шмат гадоў таму».

Праз некалькі гадоў Кампас пачаў ствараць сваю ўласную музыку і іграць у групе праслаўлення ў сваім касцёле — гэта было пачаткам яго любові да Езуса і музыкі. Пра гісторыю свайго духоўнага аздараўлення ён напісаў кнігу.



Сёння 40-гадовы Кампас, азіраючыся на сваё дзяцінства, адзначае: «Калі вы перажываеце цяжкасці ў сваім жыцці, то не ведаеце, як дзякаваць. У вас няма песні ў сэрцы, не кажучы ўжо пра песню на вашых вуснах. Але калі вы прыходзіце да Крыжа і падаеце ніцма, Вы кажаце Богу: “Вазьмі кантроль над маім жыццём, вазьмі лейцы”, вось тады ўсё пачне адбывацца, вы зможаце пераадолець гэтыя цяжкія сітуацыі».

Алекс Кампас выйграў тры лацінскія ўзнагароды Грэмі за лепшы іспанамоўны хрысціянскі альбом.

«Я зразумеў, што Бог даў нам магчымасць выйсці да людзей, якія па нейкіх прычынах не ведаюць або адышлі ад Бога. Мы з’яўляемся евангелізуючым інструментам і перш за ўсё праз сваю музыку я хачу дастукацца да людзей, якія далёкія ад Бога», — кажа спявак.

Паводле cnl.news (IL)

 
© 2003-2020 Catholic.by