Барселона: моладзь у цэнтры ўвагі Касцёла ў Еўропе | Друк |
28.03.2017 16:36

«Суправаджаць моладзь, каб у свабодзе адказаць на заклік Хрыста», — тэма міжнароднага сімпозіума, які па ініцыятыве Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (ССЕЕ) распачаўся 28 сакавіка ў Барселоне.

На працягу чатырох дзён дэлегаты з усёй Еўропы будуць дзяліцца вопытам супрацоўніцтва з моладдзю і абмяркоўваць падрыхтоўку да сіноду на тэму моладзі, які запланаваны на будучы год.

«Гэтая сустрэча стане магчымасцю не толькі падзяліцца багатым вопытам, але таксама павучыцца ў краін, якія перажылі рознага роду крызісы, як супрацьстаяць або прадухіляць цяжкія сітуацыі, якія ў многіх краінах Еўропы прывялі, між іншым, да радыкальнага спаду пакліканняў», — адзначае ў размове з КАІ кс. Эміль Парафінюк, каардынатар Еўрапейскай службы пакліканняў, які бярэ ўдзел у сустрэчы.

Сярод удзельнікаў форуму — старшыня CCEE кардынал Анджэла Баньяска, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела.

На сімпозіум прыбыла таксама моладзь з розных куткоў Еўропы, якая каардынавала ў сваіх краінах падрыхтоўку да Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве (2016).

«Гэта вельмі важна — мець магчымасць сустрэцца з сябрамі з усёй Еўропы, а таксама пазнаёміцца з новымі людзьмі, якія дапамогуць нам пашырыць гарызонты і супольна падрыхтавацца да сіноду пра моладзь», — адзначыла Вераніка Каман, якая прадстаўляе аддзел па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Венгрыі.

КАІ (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by