Экуменічную абшчыну Тэзэ ўпершыню наведае Канстанцінопальскі Патрыярх Барталамей | Друк |
29.03.2017 09:38

25 красавіка пілігрымкай у французскую вёску Тэзэ завершыцца візіт Патрырха Барталамея ў Швейцарыю з нагоды 50-годдзя праваслаўнага цэнтра ў Шамбезі.

Пра гэта са спасылкай на грэчаскае інфармагенцтва «Рамфея» паведамляе Седміца.Ru.

25 красавіка ў 12.00 Канстанцінопальскі іерарх прыме ўдзел у экуменічнай малітве абшчыны Тэзэ ў царкве Прымірэння. Малітва пройдзе ў прысутнасці братоў абшчыны і прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій і моладзевых арганізацый.

Малітва будзе адкрытай для ўсіх. Удзел у малітве могуць прыняць усе жадаючыя, зарэгістраваўшыся на сайце абшчыны Тэзэ загадзя.

Што такое Тэзэ?

Тэзэ — міжнародная хрысціянская экуменічная абшчына, заснаваная ў 1940 г. братам Ражэ Шуцам, які пераехаў у Францыю са Швейцарыі і заставаўся кіраўніком абшчыны да 16 жніўня 2005 г., калі быў забіты псіхічна хворай жанчынай. Сёння абшчыну ўзначальвае брат Алоіз.
На сёння ў абшчыне Тэзэ налічваецца больш за 100 манахаў розных нацыянальнасцей, якія прадстаўляюць пратэстанцкія дэнамінацыі і Каталіцкі Касцёл.

Жыццё ў супольнасці абапіраецца на малітву і духоўныя разважанні. На працягу года моладзь з усіх кантынентаў наведвае Тэзэ, а раз на год напярэдадні Божага Нараджэння ў адным з еўрапейскіх гарадоў праходзіць агульная сустрэча еўрапейскай моладзі ў духу Тэзэ.

Паводле sedmitza.ru

 
© 2003-2024 Catholic.by