Сірыйскія хрысціянскія лідары падрыхтавалі «план Маршала» для вяртання бежанцаў | Друк |
06.04.2017 11:13

Біскупы Сірыйскага Каталіцкага і Халдзейскага Каталіцкага Касцёлаў, а таксама Сірыйскай Праваслаўнай Царквы дамовіліся супольна рэалізоўваць «план Маршала», пакліканы садзейнічаць вяртанню хрысціянскіх бежанцаў у правінцыю Ніневія.

Пра гэта паведамляе аўстрыйскае інфармацыйнае каталіцкае агенцтва KATHPRESS.

Сустрэча іерархаў прайшла ў Эрбіле, сталіцы Іракскага Курдзістана. На аднаўленне хрысціянскіх вёсак спатрэбіцца больш за 185 мільёнаў еўра. Джыхадзісты сур’ёзна пашкодзілі больш за 12 тысяч дамоў, а амаль 700 цалкам разбурылі.

На першым этапе экспертам давядзецца ацаніць маштаб прац. Кожны Касцёл атрымае фінансаванне, прапарцыянальнае колькасці пашкоджаных дамоў іх рэлігійнай абшчыны. Каардынацыяй зоймецца Камітэт па рэканструкцыі Ніневіі, у які ўваходзяць па два прадстаўнікі ад трох Касцёлаў, а таксама тры эксперты ад Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», які адказвае за пошук сродкаў.

Сацыёлагі адзначаюць рэзкі рост колькасці хрысціянскіх бежанцаў, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. З апытання 1300 сем’яў, якія цяпер знаходзяцца ў Эрбіле, 41 працэнт з іх далі сваю згоду на вяртанне, а яшчэ 46 працэнтаў з іх не выключаюць падобны крок. У лістападзе 2016 года доля тых, хто планаваў вярнуцца, складала ўсяго 3,28 працэнты.

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by