Святар Аляксандр Кліменка стаў пераможцам украінскага шоў «Голас» | Друк |
24.04.2017 16:17

Перамога ўкраінскага святара ў шоў «Голас» паўтарыла дасягненні кансэкраваных асобаў с. Крысціны Скучыі з Італіі і іераманаха Фоція з Расіі, якія ў розныя гады выйгравалі гэтае шоў у сваіх краінах.

У якасці прыза 33-гадовы праваслаўны святар атрымаў кватэру ў Кіеве, трохмесячную ратацыю на радыё, а таксама магчымасць запісаць песню і кліп. Ён адмовіўся ад «музычнай часткі» прыза на карысць суперніцы па фіналу Інгрыд Касценка.

«Калі б апосталы жылі сёння, яны б не грэбавалі такой пляцоўкай, як свецкая праграма»

Сёмы сезон праекта «Голос країни» ішоў тры месяцы. Святар з Берэзані Кіеўскай вобласці, які падчас «сляпога праслухоўвання» развярнуў да сябе ўсе чатыры крэслы журы, нясе служэнне ў маленькім храме ў сяле Недра і ў берэзанскай калоніі.

«Ад перастаноўкі месца грахі асабліва не мяняюцца. Так, знешне турэмнае служэнне адрозніваецца ад служэння ў храме. Яно не такое камфортнае, часам ёсць нейкія складанасці з характарамі, таму што некаторыя людзі сядзяць у калоніі па 20 гадоў і больш, — адзначыў святар. — Але грэх аднолькавы і там, і там. Пакаянне ж таксама аднолькавае. Таму і святар і там, і там патрэбны прыкладна аднолькава».


Падчас сляпога праслухоўвання да святара павярнуліся ўсе чатыры крэслы настаўнікаў

Спевамі будучы святар займаўся з дзяцінства, і бацькі яго ў гэтым падтрымлівалі. А вось навіна пра тое, што ён хоча стаць святаром, успрынялі негатыўна — больш за тое, ён паведаміў пра гэта яшчэ ў другім класе...

Свой удзел у забаўляльным шоў ён растлумачыў як магчымасць евангелізацыі: «Думаю, апосталы, калі б жылі ў наш час, ні за што не грэбавалі б такой пляцоўкай».

Перад першым прамым эфірам у святара нарадзілася чацвёртае дзіця.

Таксама па тэме:

«Замест таго, каб ставіць лайкі, лепш памаліцеся за мяне»

Протаіерэй адзначыў, што не збіраецца станавіцца артыстам: «Мне здаецца, святар павінен быць нейкім званочкам, напамінам пра тое, што ёсць іншы свет — свет душы, свет духоўных перажыванняў і радасцяў. Няхай тыя, хто не ходзіць у храм, пабачыўшы святара, хаця б прыгадаюць пра Бога».



«Для мяне пахвала больш згубная, чым крытыка. На шчасце, на 20 каментарыяў з пахвалой у інтэрнэце абавязкова ёсць некалькі негатыўных. Праўда, я зараз увогуле перастаў чытаць, што пішуць у сацыяльных сетках. Усім, хто хоча мяне падтрымаць, кажу: замест таго, каб ставіць “лайкі”, лепш проста памаліцеся за мяне».

Паводле kp.ua (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by