Бундэстаг забараніў супрацоўнікам дзяржструктур насіць нікаб і бурку | Друк |
28.04.2017 13:22

Нямецкі Бундэстаг забараніў жанчынам, якія працуюць у гарадскіх адміністрацыях, войску і судах, цалкам закрываць свой твар. Забарона насіць буркі і нікабы была адобрана 27 красавіка вечаровым галасаваннем урадавай кааліцыі хрысціянскіх дэмакратаў і сацыялістаў. Апазіцыя прагаласавала супраць.

Поўнае закрыццё твару па рэлігійных прычынах ці згодна са светапоглядам з’яўляецца спрэчным з прадпісаннем нейтральнасці прадстаўнікоў дзяржавы — так абгрунтавалі неабходнасць забароны прадстаўнікі кааліцыі.

На думку фракцыі левых і фракцыі зялёных гэтае рашэнне дарэмнае і папулісцкае. «Гэты ўчынак чыста сімвалічны», — адзначылі левыя, папракаючы ўрадавую кааліцыю ў тым, што тыя паддаліся на антыісламскі націск партыі Альтэрнатыва для Германіі (AfD).

Новыя прадпісанні абавязваюць жанчын адкрываць свой твар таксама падчас праверкі асобы падчас выбараў.

Міністр унутраных спраў Германіі Томас дэ Мэзьёр адзначыў, што новы закон «вызначае мяжу талерантнасці да іншых культур». Кіраўнік МУС, а таксама канцлер Ангела Меркель раней выказаліся супраць поўнай забароны буркі і нікабу ў публічных месцах, ацэньваючы гэта як нязгодны з нямецкай канстытуцыяй пункт.

Бундэстаг прыняў закон без дыскусіі. Закон уступіць у сілу, аднак, толькі са згоды другой палаты нямецкага парламенту — Бундэсрату.

Паводле deon.pl (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by