ЮНІСЕФ: колькасць непаўналетніх мігрантаў без апекі бацькоў узрасла ў пяць разоў | Друк |
19.05.2017 10:07

Колькасць дзяцей і моладзі, якія блукаюць па свеце як мігранты без апекі дарослых, павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з 2010 годам. Пра гэта паведамляе ЮНІСЕФ.

Як вынікае з рапарту міжнароднай арганізацыі, якая дзейнічае пад эгідай ААН, на працягу двух апошніх гадоў усяго ў 80 краінах зарэгістравана 300 тысяч дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, пазбаўленых апекі бацькоў. У 2010 і 2011 гг. такіх дзяцей было 66 тысяч.

Дырэктар нямецкай секцыі ЮНІСЕФ Крысціан Шнайдэр заклікаў уключыць гэтае пытанне ў праграму пасяджэння групы G7, якая на наступным тыдні збярэцца ў Італіі.

Да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЮНІСЕФ падрыхтаваў план. Між іншым, будуць уздымацца пытанні аб неабходнасці абароны дзецей-мігрантаў ад злоўжывання і насілля, аб забеспячэнні «еднасці сям’і», каб кожнае дзіця мела легальны дакумент жыхарства, а таксама доступ да адукацыі і медыцынскай дапамогі. У гэтым кантэксце ЮНІСЕФ нагадвае, што адначасова належыць змагацца з прычынамі міграцыі.

У рапарце ЮНІСЕФ звяртаецца ўвага, што ўсё часцей малалетнія бежанцы і мігранты прыбываюць «вельмі небяспечнымі шляхамі», а з той прычыны, што «не існуе легальных шляхоў пераходу мяжы, непаўналетнія асуджаны на дапамогу кантрабандыстаў і гандляроў людзьмі». У такой сітуацыі ўзнікае пільная неабходнасць заключэння міжнародных дамоваў, якія будуць абараняць дзяцей і моладзь ад злоўжывання і смерці.

Як вынікае з прадстаўленых даных, толькі ў Еўропе ў 2015 і 2016 гг. аб прыстанішчы прасілі 170 тысяч дзяцей і моладзі без апекі бацькоў. Непаўналетнія складаюць амаль 28 працэнтаў сярод ахвяраў гандлю людзьмі. Найчасцей гэта афрыканскія маладыя людзі з рэгіёнаў на поўдні Сахары, а таксама з Цэнтральнай Амерыкі і карыбскіх рэгіёнаў.

Паводле КАІ (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by