Лаос: з турмы да кардынальскай годнасці | Друк |
31.05.2017 10:18

«Прабыванне ў турме было часам матэрыяльнай беднасці, але не духоўнай: я не мог цэлебраваць Імшу, але сам я быў жывой ахвярай мілай Богу. Да гэтага пакліканы ў сваім жыцці кожны ахрышчаны», — кажа новапрызначаны кардынал з Лаоса.

Папа Францішак пазнаёміўся з біскупам Луі-Мары Лінг Мангханекунам падчас візіту ad limina Apostolorum, які для біскупаў гэтай краіны праходзіў у студзені. Тады Пантыфік пачуў гісторыю яго жыцця.

Першы кардынал з Лаоса прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у лагеры для бежанцаў, тры гады быў зняволены камуністамі. Пасля вярнуўся ў сваю родную правінцыю Паксэ, дзе нясе служэнне ўжо 17 гадоў. Мясцовая супольнасць налічвае 15 тысяч католікаў, а пастырскую паслугу ў ёй нясуць 7 святароў, 9 манахаў і 16 манахінь.

Некалькі месяцаў таму ў правінцыі Паксэ адбылася ўрачыстасць беатыфікацыі лаоскіх мучанікаў, на якой сабралася каля 7 тысяч вернікаў. «Для нас гэта быў сапраўдны цуд», — адзначыў новапрызначаны кардынал. Яшчэ некалькі гадоў таму, па словах іерарха, падобную ўрачыстасць у Лаосе цяжка было ўявіць.

Паводле КАІ
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by