Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Італіі манахіня краўчыха абсталявала кляштар пад атэлье для нявест
09.06.2017 11:31

Да ўступлення ў ордэн аўгустынак с. Марыя Лаўра была мадэльерам і краўчыхай у Таскана. Яе бацькі — краўцы, таму з кравецкай справай яна была знаёмая  з дзяцінства.

Сёння яна дапамагае нявестам, якія не могуць дазволіць сабе набыць дарагую вясельную сукенку. Адмысловае «Вясельнае атэлье» уладкавана ў санктуарыі св. Рыты Касінскай пры кляштары ў Умбрыі — адным з самых маляўнічых рэгіёнаў Італіі.

Шэсць стагоддзяў таму пасля смерці свайго мужа ў гэты кляштар уступіла св. Рыта Касінская, да якой сёння ў інтэнцыі шчаслівага сужэнства моляцца маладыя дзяўчаты.

Адкуль у кляштары вясельныя сукенкі?

Усё пачалося з таго, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя нявесты пачалі пакідаць свае сукенкі ў санктуарыі ў знак знак падзякі за заступніцтва св. Рыты, а таксама ў знак салідарнасці з тымі, хто не можа дазволіць сабе жаданага строю.

У выніку за больш чым 50 гадоў у кляштары назбіралася дастаткова вялікая калекцыя вясельных сукенак розных брэндаў на любы густ. Сястра Марыя Лаўра іх рэстаўруе, пры неабходнасці перашывае і дапамагае нарачоным падабраць адпаведны фасон, колер ды памер.

Сёння калекцыя налічвае сотні экземпляраў — рознай даўжыні і стылю. «Кліентак» у сястры нямала: за месяц прыходзіць ад шасці да дзесяці дзяўчат,  што зусім не так і мала, калі ўлічыць, што кляштар — закрыты.

«Я адчуваю незвычайную радасць, калі бачу, як маладая дзяўчына выходзіць замуж у сукенцы, якая адпавядае самаму шчасліваму дню ў яе жыцці», — прызнаецца манахіня.

Аўгустынка вядзе прыём па папярэднім запісе. Нявесты прыходзяць у кляштар кожную нядзеню разам з маці і сёстрамі амаль як у вясельны салон. Многія нявесты робяць ахвяраванні ў знак падзякі. Як адзначае с. Марыя Лаўра, некаторыя пакідаюць да 1200 долараў, іншыя — зусім нічога.

«Калі я не магу знайсці яго тут, я проста не магу дазволіць сабе яго набыць», — прызнаецца адна з «кліентак» 21-гадовая К’яра Карыалато, у сям’і якой шэсць чалавек.

Аўгустынка адзначае, што ёй удаецца знайсці падыходзячыя сукенкі амаль для кожнай нявесты. Гэты прыліў эмоцый пасля паспяховай працы яна любіць у сваёй працы, па яе прызнанні, больш за ўсё.

(credo.pro/nytimes.com/cath)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.