У Квебеку распачаўся міжнародны кангрэс каталіцкіх СМІ | Друк |
19.06.2017 17:47

Да пошуку новых тэхнічных і сацыяльных сродкаў, якія дапамогуць у паўсюднай місіі абвяшчэння Евангелля, заахвочвае папа Францішак працаўнікоў каталіцкіх СМІ. Пра гэта піша Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін у пасланні на міжнародны кангрэс каталіцкіх мас-медыя SIGNIS, які распачаўся 19 чэрвеня.

Форум праходзіць у канадскай правінцыі Квебек і будзе працягвацца чатыры дні. Пантыфік заахвочвае асабліва журналістаў перадаваць іншым надзею, і гэты заклік сугучны з тэмай сустрэчы: «Мас-медыя на карысць культуры міру: садзейнічаць гісторыі поўнай надзеі».

Падчас кангрэсу ўдзельнікі пазнаёмяцца з новымі магчымасцямі выкарыстання сродкаў камунікацыі з мэтай больш плённага і аўтэнтычнага абвяшчэння Евангелля. Таксама будзе прадстаўлена рэформа ватыканскіх СМІ.

Адной з тэм форуму будзе кінематаграфія і вяртанне тэмы веры ў сучасныя прадукты ў гэтай галіне. З гэтай нагоды падчас кангрэсу рэжысёр Марцін Скарсэзэ атрымае спецыяльную ўзнагароду SIGNIS за фільм «Маўчанне», у якім апавядаецца пра пераслед езуітаў і хрысціянаў у Японіі ў XVII ст.

(каі/vgr)

 
© 2003-2024 Catholic.by