Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне на Сусветны дзень барацьбы са СНІДам 1 снежня 2005 г.
13.07.2009 17:28
Да Канферэнцый Біскупаў, нацыянальных і міжнародных інстытутаў і арганізацый, неўрадавых арганізацый і асацыяцый, да ўсіх людзей добрай волі.
 
1. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, арганізаваны ў гэтым годзе UNAIDS (Аб’яднанай праграмай ААН па ВІЧ/СНІД) пад лозунгам «Спыні СНІД. Выканай абяцанне» з’яўляецца заклікам да ўсіх і, перш за ўсё, да тых, хто займае адказныя пасады ў галіне барацьбы з ВІЧ/СНІДам, зноў аднавіць і асэнсаваць абавязак няспыннага прадухілення распаўсюджвання гэтай пандэміі, а таксама клопату пра тых, хто пацярпеў ад яе, асабліва ў бедных краінах, каб затрымаць і павярнуць назад тэндэнцыю росту распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі.
 
2. Папская Рада Душпастырства Аховы Здароўя далучаецца да нацыянальных і міжнародных арганізацый, у прыватнасці, да UNAIDS, якая кожны год праводзіць кампанію па барацьбе са СНІДам, каб супрацьпаставіць гэтаму злу, што блукае па планеце і выклікала глабальны крызіс, акцыю такую ж глабальную і супольную. Вернасць кіраўнікоў дзяржаваў і прадстаўнікоў урадаў Дэкларацыі абавязку барацьбы з ВІЧ/СНІДам 2001 г. стала важным момантам у абуджэнні свядомасці і ў фармаванні палітычнай прыхільнасці на сусветным узроўні ў абарону моцнага, глабальнага і рашучага супрацьстаяння эпідэміі і адказам сусветнай супольнасці.
 
3. Эпідэміялагічная сітуацыя ВІЧ/СНІД-краінаў выклікае ўсё большы неспакой. Палічана, што ў 2005 г. колькасць хворых СНІДам склала каля 40,3 мільёна, з іх 2,3 мільёна — гэта падлеткі ва ўзросце да 15 гадоў. Год за годам колькасць людзей, інфіцыяваных гэтым вірусам, працягвае расці. У 2005 г. 4,9 мільёна чалавек заразіліся ВІЧ, з іх 700 тысяч — падлеткі да 15 гадоў; у 2005 г. 3,1 мільёна чалавек памерлі ад СНІДа, з іх 570 тысяч — маладыя людзі, якія не дасягнулі 15 гадоў. ВІЧ/СНІД працягвае сеяць смерць ва ўсіх краінах па ўсім свеце.
 
4. Лепшае лячэнне — гэта прадухіленне заражэння ВІЧ/СНІД, які, як належыць памятаць, можа перадавацца трыма шляхамі: праз кроў, ад маці да дзіцяці, праз палавыя кантакты. Колькасць выпадкаў заражэння праз пераліванне крыві і іншыя кантакты з крывёю інфіцыяванага чалавека ў цяперашні час значна знізілася. Аднак, вельмі вялікую ўвагу трэба па-ранейшаму прысвячаць таму, каб выключыць гэты шлях інфіцыявання, асабліва ў цэнтрах, якія займаюцца пераліваннем крыві і праводзяць хірургічныя аперацыі.
 
Мы павінны дзякаваць Пану Богу за тое, што перадача інфекцыі ад маці да дзіцяці можа кантралявацца праз адпаведныя лекавыя прэпараты. Барацьба за прадухіленне распаўсюджвання захворвання гэтым шляхам павінна быць узмоцнена дзякуючы дзейнасці грамадскіх арганізацый у розных краінах свету, якія забяспечваюць неабходнымі медыкаментамі інфіцыяваных маці.
 
Трэці шлях распаўсюджвання інфекцыі — перадача палавым шляхам — па-ранейшаму застаецца асноўным. Яго буянню шмат у чым спрыяе геданістычная культура, якая абясцэньвае сексуальнасць, зводзячы яе да звычайнай забавы, і не бачыць у ёй больш глыбокага сэнсу. Радыкальнае прадухіленне гэтага спосабу перадачы павінна наступіць дзякуючы правільнаму разуменню і выкарыстанню сексуальнасці: сексуальная актыўнасць, у сваім сапраўдным значэнні, з’яўляецца поўнай і абсалютнай праяваю плоднай любові.
 
Гэтая паўната можа рэалізоўвацца толькі ў сужэнстве, якое з’яўляецца непаўторным і непарыўным. Такім чынам, надзейны спосаб прадухілення заражэння гэтым шляхам ляжыць ва ўмацаванні трываласці сямейнага саюзу.
 
У гэтым мае свой глыбокі сэнс шостая запаведзь, Божы закон, які з’яўляецца апірышчам, стрыжнем у надзейным прадухіленні распаўсюджвання СНІДу праз палавыя кантакты.
 
5. Бачачы цяжкае сацыяльнае, культурнае і эканамічнае ствновішча, у якім знаходзяцца многія краіны, неабходна памятаць, што абарона і падтрыманне здароўя іх насельніцтва стане праяваю ўзаемнай альтруістычнай любові, так неабходнай самым гаротным і слабым, якія змагаюцца з галечаю на ўзроўні індывіда і грамадства. Законы, якія не прысвячаюць належнай увагі стварэнню роўных для ўсіх умоваў аховы здароўя, павінны быць перагледжаны. Здароўе з’яўляецца дабром само па сабе, і, можна сказаць, што «яго стан — гэта закладная грамадства». Таму права на яго ахову павінна гарантавацца ўсім жыхарам зямлі; належыць праводзіць даследванне рэсурсаў, якія можна выкарыстаць для выздараўлення кожнага чалавека, у тым ліку па забеспячэнні элементарнай апекі і лячэння, у якіх па-ранейшаму адмаўляецца большасці насельніцтва зямлі. Права на ахову здароўя павінна, аднак, суправаджацца абавязкам захоўваць нормы паводзінаў і ладу жыцця, якія накіраваныя на абарону здароўя, і адмовіцца ад тых, якія разбураюць здароўе.
 
Каталіцкі Касцёл працягвае рабіць свой унёсак як у прадухіленне распаўсюджвання ВІЧ/СНІД, так і ў клопат пра інфіцыяваных і і іх сем’і на ўзроўні медычнай апекі і дапамогі, а таксама на сацыяльным, духоўным і пастырскім узроўнях. 26,7% цэнтраў дапамогі тым, хто пакутуе ад ВІЧ/СНІД у свеце, з’яўляюцца каталіцкімі. Лакальныя Касцёлы, рэлігійныя інстытуты і свецкія асацыяцыі з любоўю, пачуццём адказнасці і ў духу міласэрнасці рэалізуюць мноства праектаў і праграм, звязаных з трэнінгам, адукацыяй, абаронаю і дапамогаю, а таксама духоўнаю падтрымкай хворых людзей.
 
7. На падставе інфармацыі, што паступае ад лакальных Касцёлаў і каталіцкіх інстытутаў з усяго свету, акцыі ў галіне СНІДу фактычна можна падзяліць на наступныя катэгорыі: спрыянне кампаніям сенсібілізацыі, адукацыйныя праграмы па прадухіленні захворвання і догляду за хворымі, падтрымка сіротаў, размеркаванне медыкаментаў і прадуктаў, хатняя апека, адкрыццё шпіталяў, стварэнне цэнтраў і тэрапеўтычных таварыстваў, праца якіх звязана з апекаю і дапамогаю інфіцыяваным ВІЧ/СНІД, праца з урадамі, апека ў турмах, катэхізацыя, стварэнне сістэмаў дапамогі праз Інтэрнэт, стварэнне груп дапамогі хворым людзям.
 
12 верасня 2004 г. Папа Ян Павел ІІ заснаваў фонд «Добры самарытанін» для падтрымкі гэтых неацэнных і годных пахвалы памкненняў, які быў даручаны Папскай Радзе Душпастырства Аховы Здароўя; пазней фонд быў зацверджаны таксама Папам Бэнэдыктам XVI дзеля таго, каб дзякуючы атрыманым ахвяраванням аказваць эканамічную дапамогу хворым і найбольш патрабуючым людзям ва ўсім свеце, у тым ліку і ахвярам ВІЧ/СНІД. На працягу першага года працы Фонда значная фінансавая дапамога на куплю лекаў была аказаная лакальным Касцёлам у Амерыцы, Афрыцы і Еўропе.
 
8. Я б хацеў унесці некалькі прапановаў, вызначыўшы асноўныя кірункі працы тых, хто на розных узроўнях удзельнічае ў барацьбе з ВІЧ/СНІД:
  • Хрысціянскія супольнасці павінны працягваць падтрымліваць стабільнасць сям’і і вучыць дзяцей правільна разумець сексуальнасць як дар Пана Бога, поўнае любові і плоднае самаахвяраванне.
  • Урады павінны прысвячаць першачарговую ўвагу здароўю сваіх нацый і праяўляць клопат пра хворых на СНІД, грунтуючыся на прынцыпах адказнасці, салідарнасці, справядлівасці і законнасці.
  • Фармацэўтычная індустрыя павінна спрыяць эканамічнай даступнасці антывірусных прэпаратаў для лячэння ВІЧ/СНІД і тых прэпаратаў, якія неабходныя для лячэння апартуністычных, умоўна-патагенных інфекцый.
  • Навукоўцы і работнікі аховы здароўя павінны аб’яднаць свае намаганні і зрабіць усё магчымае для пашырэння біямедыцынскіх даследванняў у галіне ВІЧ/СНІД па стварэнні новых і эфектыўных лекавых прэпаратаў, здольных спыніць гэтае бедства.
  • Сродкі масавай інфармацыі павінны распаўсюджваць сярод насельніцтва шчырую, аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю пра гэтую з’яву і пра метады яе прадухілення, адмовіўшыся ад усялякіх карыслівых памкненняў.

9. На заканчэнне я хачу прывесці словы Папы Бэнэдыкта XVI, звернутыя да біскупаў Паўднёвай Афрыкі падчас іх візіту Ad Limina 10 чэрвеня 2005 г.: «Браты Біскупы, я падзяляю вашую глыбокую занепакоенасць спусташэннем, выкліканым СНІДам і спадарожнымі захворваннямі. Асабліва я малюся за ўдоваў, сіротаў, маладых маці і за тых, чыё жыццё было разбурана гэтай бязлітаснай эпідэміяй. Настойліва прашу вас працягваць барацьбу з гэтым вірусам, які не толькі забівае, але і з’яўляецца сур’ёзнаю пагрозай для эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці кантынента».

Кардынал Хав’ер Ласано Барраган
Прэзідэнт Папскай Рады Душпастырства Аховы Здароўя

Пераклад рэдакцыі часопіса «Ave Maria»
Адноўлена 13.07.2009 17:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.