Зварот Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі ў сувязі з прызначэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага | Друк |
Браты і сёстры ў Хрысце Пану!

21 верасня 2007 года Святы Ацец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу з’яўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На працягу года я спаўняў абавязкі Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і жадаў бы сёння з гэтай нагоды выказаць сваю шчырую ўдзячнасць усім тым, хто працаваў на карысць Касцёла.

Сардэчную падзяку выказваю сваім найбліжэйшым супрацоўнікам, святарам — як законнікам, так і дыяцэзіяльным святарам, — за добрасумленную працу на жніве Пана. Свае словы скіроўваю ў адрас клерыкаў з просьбай вытрываць у пакліканні. Дзякую сёстрам і братам законным за супрацоўніцтва і дапамогу ў розных служэннях, а таксама за іх працу. Дзякую ўсім тым, хто з дапамогаю друкаванага слова і аўдыёвізуальных сродкаў пашыраў Добрую Навіну ў чалавечых сэрцах. Дзякую вам, народзе Божы, за веліч вашых сэрцаў у прыняцці Божых праўдаў і за вашае сведчанне веры ў розныя перыяды гісторыі Касцёла на Беларусі.

За ўсё ўчыненае вамі дабро і зразуменне няхай усіх вас благаславіць Добры Бог. У нашых малітвах будзем з удзячнасцю памятаць пра папярэдняга Мітрапаліта кардынала Казіміра Свёнтка. Будзем маліцца за арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Ад вашага і ад свайго імя я даслаў арцыбіскупу тэлеграму з віншаваннямі.

Пра дзень урачыстага ўваходу ў мінскую архікатэдру арцыбіскупа Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча будзе зроблена спецыяльнае паведамленне.

Біскуп Антоні Дзям’янка
Апостальскі Адміністратар
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Адноўлена 18.07.2009 18:55
 
© 2003-2024 Catholic.by