Пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўдзельнікам II Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах мукавісцыдозу | Друк |
01.06.2012 11:07

1 чэрвеня 2012 г., Мінск

Глыбокапаважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!

Ад усяго сэрца вітаю ўсіх вас і абяцаю памятаць у сваіх малітвах.

Праблема лячэння рэдкай генетычнай хваробы мукавісцыдозу з’яўляецца адной з найбольш актуальных і схіляе да глыбокіх думак і да прыняцця неабходных захадаў.

Неабходна памятаць аб тым, што гэта дзеці, якія маюць права да нармальнага жыцця. Яны таксама маюць права чалавечай годнасці. Яны толькі распачынаюць сваё жыццё, і якім яно будзе, залежыць ад таго, як грамадства іх успрыме.

Жыццё з’яўляецца самым вялікім Божым дарам, і мы павінны імкнуцца да таго, каб яго захаваць і зрабіць шчаслівым. Нашым абавязкам з’яўляецца  дапамога гэтым дзецям і ахінанне іх неабходнай апекай.

Каталіцкі Касцёл, наследуючы міласэрнага Хрыста, мае вялікі вопыт у галіне дабрачыннасці і ажыццяўляе шматлікія праграмы дапамогі патрабуючым, у тым ліку і дзецям. Мы выказваем сваю гатоўнасць прымаць пасільны ўдзел па вырашэнні праблемы лячэння хворых на мукавісцыдоз, асабліва праз дабрачынную арганізацыю «Карытас». Ужо ўсталяваліся добрыя кантакты і вядуцца перамовы аб магчымасці ажыццяўлення практычнай дапамогі  хворым на мукавісцыдоз дзецям з боку італьянскага дабрачыннага фонду «Alba» ONLUS.

Касцёл не толькі аказвае практычную дапамогу патрабуючым, але таксама і моліцца аб іх. З нагоды II Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах мукавісцыдозу 1 чэрвеня 2012 г. у каталіцкіх касцёлах праводзяцца адмысловыя набажэнствы аб здароўі дзяцей, якія пакутуюць ад гэтага цяжкага захворвання.

Выказваючы падзяку арганізатарам канферэнцыі за праяўленую ініцыятыву і яе ўдзельнікам, іх усіх ад усяго сэрца благаслаўляю і малюся аб яе поспеху.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Дыяцэзіяльны Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Адноўлена 01.06.2012 11:09
 
© 2003-2024 Catholic.by