Віншаванні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і Новага 2013 года | Друк |
20.12.2012 10:09

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія дыяцэзіяне!

У святы Божага Нараджэння вандроўка па сцежках веры прыводзіць нас у Бэтлеем. Мы кленчым каля ясляў і аддаём пашану Богу, які зышоў з неба для нашага збаўлення. Шчыра жадаю, каб сустрэча — у Год веры — Нованароджанага Збаўцы паглыбіла нашу веру, а яе вызнаванне стала нашай штодзённай малітвай.

Няхай малітва каля ясляў Божага Дзіцяці абуджае ў кожным з нас няспыннае жаданне давяраць Яму кожную хвіліну свайго жыцця, а Нованароджаны Езус узмацняе нас і дапамагае гарачым сэрцам адказваць на Таямніцу Божай Любові.

Жадаю, каб у калядныя святы кожны перажыў асаблівае дакрананне Божага Сына, Дзіцяці з убогай стайні, якое асвяціць нашыя думкі і дзеянні.

Няхай у надыходзячым 2013 годзе нас вядзе Найсвяцейшая Панна Марыя, Зорка Новай Евангелізацыі, і накіроўвае нашыя крокі туды, дзе пануе нявер’е, каб прынесці надзею, прыгажосць любові і падзяліцца тым, што для хрысціяніна самае галоўнае: Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам, які з’яўляецца «пачынальнікам і завяршыцелем веры» (Гбр 12, 2).

Радасных свят і бласлаўлёнага Новага года.
Усім ад усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю.

                                                                                                                         Аляксандр Кашкевіч
                                                                                                                             Біскуп Гродзенскі


Гродна, 17.12.2012, № 760/12

Адноўлена 20.12.2012 16:52
 
© 2003-2024 Catholic.by