Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб дыяцэзіяльнай сустрэчы сем’яў і малітвe ў інтэнцыі сем’яў | Друк |
22.09.2015 16:23

 Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

З вялікай радасцю жадаю запрасіць вас усіх да ўдзелу ў сустрэчы сем’яў нашай дыяцэзіі, якая запланавана на 17 кастрычніка гг. у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Асабліва запрашаю на малітоўную сустрэчу сужэнцаў, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей заключэння шлюбу. Таксама да ўдзелу ў сустрэчы запрашаю дзяцей і моладзь – будучыню нашага Касцёла і народа.

Падчас сустрэчы мы хочам маліцца за Святога Айца Францішка, у інтэнцыі Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога восенню гэтага года будуць прысвечаны праблемам сям’і, і ў інтэнцыі саміх сужэнстваў і сем’яў.

18 кастрычніка гг. заахвочваю ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі далучыцца да малітвы ў інтэнцыі сем’яў. У гэты дзень сваімі малітвамі мы ахопім усе нашы сем’і, каб яны захоўвалі вернасць тым каштоўнасцям, якія ўтвараюць фундамент інстытуту сям’і (Матэрыялы на нядзелю 18 кастрычніка будуць дасланы пазней).

Давяраем Святой Сям’і кожнае сужэнства і кожную сям’ю нашай дыяцэзіі. Запэўніваючы таксама ў маёй пастаяннай малітве ў вашых інтэнцыях, усім і кожнаму асобна ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 22 верасня 2015 г.
                              
Просьба да святароў перадаць змест гэтага паведамлення вернікам падчас парафіяльных аб’яваў у нядзелю 27 верасня 2015 г.


 
© 2003-2024 Catholic.by