Віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Божаe Нараджэннe і Новы 2016 год | Друк |
23.12.2015 15:54

Умілаваныя ў Хрысце Пану!

Сардэчна віншую вас са святам Божага Нараджэння і Новым 2016 годам. Па волі Святога Айца Францішка надыходзячы год будзем перажываць як Юбілейны Год Міласэрнасці пад дэвізам «Міласэрныя, як Айцец». Юбілейная праграма года Міласэрнасці дае магчымасць кожнаму верніку па-новаму адчуць на сабе позірк Міласэрнага Айца, які клапоціцца аб кожным чалавеку на зямлі, каб ён меў добрую фізічную і духоўную форму. Духоўнае ўзбагачэнне ў нашай дыяцэзіі будзе адбывацца ў 7 юбілейных святынях: катэдральным касцёле ў Пінску, касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе, санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне, санктуарыі святога Андрэя Баболі ў Іванаве (Палескім). У гэтых святынях (стацыйных касцёлах) вернікі з пералічаных мясцовасцяў і з суседніх парафій, а таксама пілігрымы могуць атрымаць дары і ласкі праз паслугу святароў. Заахвочваю кожнага з вас, вашых родных і блізкіх карыстацца тымі ласкамі, якія нам так неабходны тут, на зямлі, каб трапіць у абдымкі Міласэрнага Айца ў вечнасці.

Дарагія вернікі! Няхай Год Міласэрнасці стане адлікам новага часу, з якога вы пачнеце яшчэ з большай руплівасцю рабіць найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі міласэрнасці: малітву, пост, міласціну. Дапамагайце душы бліжняга: настаўляйце грэшнікаў; вучыце тых, хто не ведае; райце тым, хто сумняваецца; суцяшайце засмучаных; зносьце цярпліва знявагу; даруйце ахвотна крыўду; маліцеся за жывых і памерлых. Дапамагайце і целу бліжняга: накарміце галодных; напаіце сасмаглых; апраніце нагіх; прыміце ў дом падарожных; адведайце хворых; суцешце вязняў; пахавайце памерлых.

Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам сапраўднай радасці Божага Нараджэння. Няхай Новы 2016 год прынясе вам і вашым сем’ям толькі самыя добрыя навіны. Упэўнена крочце за Бэтлеемскай зоркай, каб яна дапамагла адшукаць Збаўцу і з новай моцай аддацца Яму, даверыць усе радасці і трывогі, надзеі і чаканні. Хай Божае Дзіця выпраменьвае святло, якое ўкажа сапраўдны шлях да праўды, любові і супакою.

З пастырскім благаслаўленнем,

+Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 10 снежня 2015 г.

Шаноўныя святары няхай прачытаюць гэтае віншаванне падчас парафіяльных аб’яваў 24-25 снежня і 1 студзеня на кожнай святой Імшы і размесцяць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Божага Нараджэння.

Адноўлена 22.12.2015 18:39
 
© 2003-2024 Catholic.by