Віншаванні біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікдзень 2016 г. | Друк |
24.03.2016 13:21

Хрыстус уваскрос!

Гэтымі словамі хрысціяне ва ўсім свеце ўжо амаль дзве тысячы гадоў віншуюць адзін аднаго са святам Вялікадня. Хрысціяне, якія святкуюць Вялікдзень паводле календара каталіцкай канфесіі, адзначаюць яго ў гэтым годзе 27 сакавіка. Як пастыр Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі, я прагну падзяліцца радасцю Уваскрасення Хрыста з кожным чалавекам.

Каталіцкі Касцёл, святкуючы Уваскрасенне Хрыста, бачыць у гэтай таямніцы найпаўнейшае выражэнне любові Бога да чалавека. Уваскрасенне — гэта перамога прабачэння і любові над злом і нянавісцю. Хрыстус прыносіць нам плёны сваёй крыжовай смерці і ўваскрасення — супакой сэрца, прымірэнне з Богам і паўнату жыцця. Мы ідзем за Ім, спяваючы ва ўвесь голас радаснае «Аллелюя» і славячы Бога за вялікія і цудоўныя справы.

Велікодныя святы – гэта час праслаўлення збаўчай ахвяры Хрыста, дзякуючы якой мы ўсе былі адкуплены. Гэта таксама час нашай сустрэчы з міласэрным і любячым Богам, які дапамагае адкрыцца на іншых людзей. Няхай жа гэта сустрэча дапаможа кожнаму з нас узрасці ў любові да бліжняга, дапаможа нашым сем’ям станавіцца своеасаблівымі святынямі, дзе любоў памнажаецца.

Папа Францішак кажа, што Уваскрасенне здарылася аднойчы і назаўсёды, але яго моц павінна ўплываць на ўсе сферы нашага штодзённага жыцця. Святы Айцец заахвочвае нас: «Прымем жа ласку ўваскрасення Хрыста! Дазвольма, каб міласэрнасць Бога нас аднавіла, дазвольма Езусу нас любіць, дазвольма, каб моц Яго любові перамяніла нашае жыццё. Давайце самі станем каналамі міласэрнасці, дзякуючы якім Бог будзе паіць зямлю і берагчы ўсё стварэнне, каб квітнелі справядлівасць і спакой!»

З радасцю і вераю ў сэрцы мы спяшаемся сёння абвясціць усяму свету навіну аб Уваскрасенні Пана, пераможцы смерці, пекла і шатана, які разам з намі «ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Падобна як Марыі Магдалене, Езус таксама і нам гаворыць, каб мы пайшлі і сказалі нашым братам і сёстрам, што Ён жыве і ўзыходзіць да свайго Айца. Вучні, сустрэўшы ўваскрослага Пана па дарозе ў Эмаус, не змаглі схаваць гэтую навіну для сябе. Таму яны, як толькі прыбылі ў Ерузалем, «расказалі пра тое, што здарылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламанні хлеба» (Лк 24, 35). Той самы Езус праз некаторы час з’явіўся перад вучнямі ў Вячэрніку, нагадваючы ім словы Пісання, якія адносіліся да Яго.

Хрысціянства з’яўляецца сведчаннем жыцця і любові, якая не баіцца быць ахвярнай. З пакалення ў пакаленне Касцёл абвяшчае справу Езуса з Назарэта, які «быў замучаны пры Понцкім Пілаце, памёр і быў пахаваны, на трэці дзень уваскрос з памерлых» (Вызнанне веры). Гэтая праўда дайшла да нас дзякуючы шматлікім сведкам, якія перадавалі дэпазіт веры ці, інакш кажучы, жывую памяць пра Хрыста. Сёння мы нясем адказнасць за тое, каб свет паверыў, што «Ён сапраўды ўваскрос».

Уваскрослы Хрыстус кажа нам з моцаю: «Вось чыню ўсё новае» (Ап 21, 5). Гэтыя словы напаўняюць нас велізарным даверам і глыбокай надзеяй, бо праз пусты гроб для нас адчыніліся брамы да крыніцы новага жыцця. Мы можам чэрпаць з яе дзякуючы бязмежнай любові Бога, які ўсё перамагае, рассейвае цемру, дае адвагу, а таксама дае паўнату жыцця і дзейнасці. Нягледзячы на цяжкасці і змаганні кожнага дня, Уваскрослы Хрыстус прагне адарыць усіх нас сілай новага жыцця, сілай нязгаснай і пераможнай, якая ўваскрашае ў штодзённай рэчаіснасці прыгажосць і напаўняе яе ласкаю Пана.

Бог дае нам жыццё і заклікае, каб мы былі слугамі жыцця. Па Божай волі жыццё павінна пачынацца ў сужэнстве, асвечаным сакрамэнтальнаю ласкаю. Няхай маладыя сем’і не баяцца прымаць новае жыццё. Няхай у перадачы каштоўнасці жыцця яны кіруюцца розумам, асвечаным вераю. Няхай будуць адкрытымі ў пакліканні да бацькоўства. Няхай заўсёды абараняюць жыццё. Асаблівым чынам служыць жыццю пакліканы медыцынскія работнікі і фармацэўты. Няхай найлепшы лекар — Езус Хрыстус — благаславіць іх працу. Няхай тыя асобы, ад якіх залежыць прыняцце законаў, памятаюць аб сваёй адказнасці перад Богам і ўсведамляюць неабходнасць клопату пра сем’і, убогіх і пакрыўджаных.

Дзякую вам, браты і сёстры, за сведчанне, якое вы далі, перажываючы перыяд Вялікага посту. Дзякую за ўсе пакутныя практыкі і малітву, за намаганні дзеля аднаўлення жыцця і навяртання да Бога. Дзякую ўсім святарам, рэкалекцыяністам, спаведнікам, братам і сёстрам законным за руплівую душпастырскую працу ў гэты час. На пачатак велікодных святаў дасылаю вам сардэчныя віншаванні з пажаданнем шматлікіх ласкаў Уваскрослага Пана. Жадаю шмат радасці ў вашых дамах і сем’ях. У сваёй малітве я памятаю пра ўсю нашу супольнасць і прашу для яе адвагі, вытрымкі і запалу ў абвяшчэнні Евангелля Любові.

Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб вы, напоўненыя спакоем і гарачай любоўю, заўсёды трывалі ў еднасці з Хрыстом. У гэтай еднасці са Збавіцелем будуйце Божае Валадарства ў чалавечых душах. Няхай Уваскрослы Хрыстус адорыць шматлікімі ласкамі!

+Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Адноўлена 26.03.2016 15:50
 
© 2003-2020 Catholic.by