Прывітальны ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча да арганізатараў і ўдзельнікаў ХІІ Нацыянальнага турніру па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ | Друк |
17.09.2016 14:52

Шаноўныя прадстаўнікі гарадскіх уладаў Слоніма,
Дарагія маладыя сябры — удзельнікі XII Нацыянальнага турніру па футболе памяці св. Яна Паўла ІІ,
Шаноўныя балельшчыкі і аматары футболу,
Шаноўныя арганізатары, медыяльныя партнёры і спонсары гэтай цудоўнай спартыўнай імпрэзы,
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

З вялікай радасцю і глыбокай узрушанасцю скіроўваю да кожнага і кожнай з вас мае самыя сардэчныя прывітанні. Для мяне вельмі вялікая радасць, што Гродзенская дыяцэзія мае гонар і прыемнасць ужо ў дванаццаты раз быць арганізатарам падзеі, якая ўяўляе сабой надзвычай каштоўны і ўсё больш распазнавальны элемент багатай і разнастайнай мазаікі культурнага жыцця ў нашым лакальным Касцёле. З велізарным задавальненнем адзначаю той факт, што з году ў год у спаборніцтвах турніну прымае ўдзел усё больш каманд, якія прадстаўляюць паасобныя парафіяльныя супольнасці як Гродзеншчыны, так і іншых рэгіёнаў Беларусі. Гэта сведчыць аб растучай сярод гульцоў і аматараў футболу папулярнасці гэтай спартыўнай імпрэзы, якая становіцца падзеяй нацыянальнага значэння.

Святы Ян Павел ІІ, які апякуецца нашым Нацыянальным турнірам, сам будучы аматарам спорту і фізічнай культуры, неаднаразова падкрэсліваў вялікую каштоўнасць спорту для развіцця хрысціянскіх цнотаў і найпрыгажэйшых чалавечых якасцяў, такіх, як настойлівасць і ахвярнасць, разважлівасць і сумленнасць у спаборніцтве, уменне ацаніць перавагі іншых і прызнаць у пакоры ўласныя абмежаванасці, павага да бліжняга і лаяльнасць у дачыненні да ўласнай каманды. Спорт не толькі спрыяе добрай забаве і баўленню часу ў коле сяброў, але і схіляе веруючага чалавека да падзякі Пану Богу за Яго дары: за фізічную спраўнасць цела, хуткасць розуму і сілу волі.

Няхай гэтыя думкі Святога Айца Яна Паўла ІІ спадарожнічаюць вам, дарагія гульцы, у здаровым, сяброўскім і сумленным спартыўным спаборніцтве. Няхай радасць ад добрай забавы і творча праведзенага часу ў сэрцах усіх удзельнікаў будзе такой жа вялікай і сапраўднай, як задаволенасць пераможцаў ад здабытых узнагародаў і прызавых месцаў.

Дзякуючы гарадскім уладам Слоніма за гасціннасць, а таксама тым шаноўным асобам і арганізацыям, якія ўнеслі свой уклад у правядзенне гэтай спартыўнай імпрэзы, усім удзельнікам ХІІ Нацыянальнага турніру па футболе памяці св. Яна Паўла ІІ з сэрца ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

 
© 2003-2024 Catholic.by