Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на Вялікі пост 2007 года
«Будуць глядзець на таго,
каго прабілі» (Ян 19, 37)


Дарагія браты і сёстры!

«Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі» (Ян 19, 37). Сёлета гэтыя словы з Бібліі вызначаюць тэму нашага велікапоснага разважання. Вялікі пост — гэта час, спрыяльны для таго, каб вучыцца трываць — разам з Марыяй і Янам, умілаваным вучнем — каля Таго, Хто на крыжы прыносіць у ахвяру за ўсё чалавецтва сваё жыццё (пар. Ян 19, 25). Таму з як мага большай засяроджанасцю ў гэты час малітвы і пакаяння будзем скіроўваць свой позірк на Хрыста ўкрыжаванага, які, паміраючы на Галгоце, адкрыў нам паўнату Божай любові. Тэму любові я закрануў у энцыкліцы Deus caritas est, падкрэсліўшы дзве яе асноўныя постаці — «агапэ» і «эрас».

 
Любоў Бога — «агапэ» і «эрас»

Паняцце «агапэ», якое шмат разоў сустракаецца ў Новым Запавеце, адносіцца да ахвярнай любові, якая шукае толькі дабра для іншага; а слова «эрас» азначае любоў асобы, якая жадае атрымаць тое, чаго ёй не хапае, і жадае з’яднацца з тым, каго любіць. Любоў, якою любіць нас Бог, гэта, несумненна, «агапэ», бо хіба можа чалавек даць Богу нейкае дабро, якога Ён яшчэ не мае? Усё, чым з’яўляецца і што мае чалавек — створаная істота, — гэта Божы дар, а таму гэта стварэнне ва ўсім адчувае патрэбу ў Богу. Але Божая любоў гэта таксама «эрас». У Старым Запавеце Творца сусвету праяўляе да народа, які Ён выбраў, любоў, вышэйшую за любое чалавечае разуменне. Прарок Осія паказвае гэтую палымяную Божую любоў у смелых вобразах, такіх як любоў мужчыны да блудніцы (пар. 3, 1–3); Эзэхіэль жа, гаворачы пра адносіны Бога з народам Ізраэля, не баіцца карыстацца словамі, поўнымі палымянасці і страсці (пар. 6, 1–22). Гэтыя біблейскія тэксты паказваюць, што «эрас» прысутны ў сэрцы Бога: Усемагутны чакае адказу «так» ад сваіх стварэнняў, як малады жаніх чакае адказу «так» ад сваёй каханай. На жаль, з самага пачатку, чалавецтва, падманутае хлуснёю злога духа, замкнулася ад Божай любові ў зманлівай упэўненасці ў самадастатковасці, якая немагчыма (пар. Быц 3, 17). Замыкаючыся ў сабе, Адам аддаліўся ад той крыніцы жыцця, якою з’яўляецца сам Бог, і стаў першым з тых, «хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю» (Гбр 2, 15). Аднак Бог не адступіўся, больш за тое, «не» чалавека стала як быццам вырашальным фактарам у тым, што Бог адкрыў сваю любоў з усёю яе адкупляльнаю сілаю.

 
Крыж адкрывае паўнату Божай любові

Менавіта ў таямніцы крыжа поўнасцю адкрылася бязмежная моц міласэрнасці нябеснага Айца. Каб зноў вярнуць любоў свайго стварэння, Ён згадзіўся заплаціць найвышэйшую цану крыві свайго Адзінароднага Сына. Смерць, якая для першага Адама была знакам крайняй самотнасці і немачы, такім чынам ператварылася ў найвышэйшы акт любові і свабоды новага Адама. Таму можна паўтарыць за Максімам Вызнаўцам, што Хрыстус «памёр, калі можна так сказаць, па-боску, таму што памёр дабравольна» (Ambiguorum liber, 91, 1956). У крыжы праяўляецца Божая любоў (эрас) да нас. Бо «эрас» — як гаворыць Псеўда-Дыянісій — гэта тая сіла, «што не дае любячаму заставацца самому ў сабе, а схіляе яго яднацца з каханаю асобаю» (De divinis nominibus, IV, 13: PG 3, 712). Ці ж ёсць больш «неўтаймаваны эрас» (Н. Кабасілас, «Пра жыццё ў Хрысце») за той, які ўчыніў, што Сын Божы з’яднаўся з намі так моцна, што ўзяў на сябе наступствы нашых злачынстваў і цярпеў за іх?

 
«Той, Каго прабілі»

Дарагія браты і сёстры, мы глядзім на прабітага Хрыста на крыжы! Ён — найбольш уражальнае адкрыццё любові Бога, той любові, у якой «эрас» і «агапэ» зусім не супрацьстаяць адно аднаму, а асвятляюць адно другое. На крыжы сам Бог выпрошвае любоў свайго стварэння, ён прагне любові кожнага з нас. Апостал Тамаш пазнаў у Езусе Пана і Бога, калі ўклаў руку ў рану ў Яго баку. Нічога дзіўнага ў тым, што шмат святых бачылі ў Сэрцы Езуса найбольш кранальны выраз гэтай таямнічай любові. Наогул, можна было б сказаць, што гэтае адкрыццё «эраса» Бога да чалавека насамрэч з’яўляецца найвышэйшаю праяваю Яго «агапэ». Сапраўды, толькі такая любоў, у якой бескарыслівы дар самога сябе злучаны з палымяным жаданнем узаемнасці, прыносіць тую асалоду, дзякуючы якой самыя цяжкія ахвяры становяцца лёгкімі. Езус сказаў: «Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Пан прагна жадае, каб у адказ мы перадусім прынялі Яго любоў і дазволілі Яму прыцягнуць нас. Аднак недастаткова толькі прыняць Яго любоў. На гэтую любоў трэба адказаць узаемнасцю, а потым старацца перадаваць яе іншым: Хрыстус «прыцягвае мяне да сябе», каб з’яднацца са мною, каб я навучыўся любіць братоў такою самаю любоўю, якою любіць Ён.

 
Кроў і вада

«Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі». Мы з даверам глядзім на прабіты бок Езуса, з якога выцеклі «кроў і вада» (Ян 19, 34). Айцы Касцёла прызналі, што гэта — сімвалы хросту і Эўхарыстыі. Праз ваду хросту дзякуючы дзеянню Святога Духа перад намі адкрываецца неабсяжная любоў Тройцы. Падчас Вялікага посту, памятаючы пра наш хрост, мы пакліканыя выйсці з замкнутасці ў сабе і з поўным даверам дазволіць Айцу ўзяць нас у свае міласэрныя абдымкі (пар. св. Ян Залатавусны, Саtechesi, 3, 14 і наст.). Кроў, што з’яўляецца сімвалам любові Добрага Пастыра, сцякае на нас асабліва ў эўхарыстычнай таямніцы: «Эўхарыстыя далучае нас да ахвярнага акту Езуса (…), мы ўключаемся ў саму дынаміку Яго ахвяры» (Deus caritas est, 13). Таму мы перажываем Вялікі пост як «эўхарыстычны» час, калі, прымаючы любоў Езуса, мы вучымся распаўсюджваць яе ў свеце вакол нас кожным жэстам і словам. Сузіранне «Таго, Каго прабілі», дапаможа нам адкрыць сэрцы для іншых і ўбачыць раны, нанесеныя годнасці чалавечай асобы; яно наказвае нам змагацца з усімі формамі пагарды да жыцця і выкарыстання чалавека, а таксама падтрымліваць тых шматлікіх людзей, якія перажываюць трагедыю самотнасці і пакінутасці. Няхай на працягу Вялікага посту кожны хрысціянін нанава спазнае Божую любоў, дадзеную нам у Хрысце, любоў, якую мы, у сваю чаргу, павінны штодзённа «аддаваць» бліжняму, а асабліва таму, хто найбольш церпіць і знаходзіцца ў найбольшай патрэбе. Толькі такім чынам мы зможам поўнасцю ўдзельнічаць у пасхальнай радасці. Марыя, Маці Прыгожай Любові, няхай вядзе нас па гэтым велікапосным шляху — шляху сапраўднага навяртання да Хрыстовай любові. Вам, дарагія браты і сёстры, я сардэчна жадаю, каб гэты велікапосны шлях быў плённым, і ўсім перадаю спецыяльнае апостальскае благаслаўленне.

Ватыкан, 21 лістапада 2006 г.
Бэнэдыкт XVI, Папа

Адноўлена 14.07.2009 11:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.