Паведамленне аб прызначэнні папскага пасланца на святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі мінскай архікатэдры | Друк |
09.08.2010 15:08

Вялебнаму Брату Нашаму
Яго Эмінэнцыі Найдастойнейшаму кардыналу Юзафу Томко,
былому Прэфекту Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў

Мінска-Магілёўская касцёльная супольнасць, усёй душою ўдзячная, святкуе трохсотую гадавіну кансэкрацыі сваёй катэдральнай святыні, прысвечанай Найсвяцейшаму Імені Марыі. Умілаваныя пастыры і вернікі гэтай паствы, разважаючы над той падзеяй, рупліва спазнаюць найважнейшыя асновы хрысціянскага шляху, уважліва ўслухоўваюцца ў голас Пана, супольна ў правінцыі паказваюць Ягоны Провід. Вялікай павагі заслугоўваюць душпастырскія пачынанні, перадусім духоўныя практыкаванні, якія гэты партыкулярны Касцёл прапануе сваім вернікам і ўсім людзям добрай волі, каб усе маглі ясна ўбачыць, якім чынам хрысціянская рэлігія спадарожнічае гісторыі гэтага рэгіёна.

9 кастрычніка гэтага года з нагоды шчаслівага юбілею ў катэдральнай святыні адбудзецца ўрачыстая цэлебрацыя як выраз удзячнасці пастыраў і вернікаў усемагутнаму Богу за шматлікія Ягоныя дабрадзействы, якімі Ён шчодра адорваў на працягу стагоддзяў усю касцёльную супольнасць.

Нядаўна ж Вялебны Брат Тадэвуш Кандрусевіч, Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які рупліва вядзе даручаную яму паству шляхам Евангелля, ласкава прасіў Нас скіраваць на згаданую ўрачыстасць дастойнага пасланца, які зможа прадстаўляць Нас у Мінску, а таксама выказаць прысутным там хрысціянам Нашую любоў. Таму, Вялебны Браце Наш, паколькі ты раней узначальваў Кангрэгацыю Евангелізацыі Народаў і грунтоўна спазнаў радасці і цяжкасці беларускіх вернікаў, да цябе звяртаемся ў думках Нашых і гэтым Лістом прызначаем цябе Нашым надзвычайным пасланцом на ўрачыстую цэлебрацыю трохсотгоддзя кансэкрацыі мінскага архікатэдральнага касцёла, якая адбудзецца 9 кастрычніка гэтага года.

У гэтай слаўнай святыні ты ўзначаліш урачыстую Эўхарыстыю, а таксама, згадаўшы словы Святога Пісання: «Узвяду [іх] на гару Маю святую і ўсцешу іх у Маім доме малітвы» (Іс 56, 7), у сваім казанні заахвоціш усіх прысутных больш старанна наследаваць жыццё Хрыста, бо належыць, каб кожны з адноўленай руплівасцю выяўляў асаблівую любоў да Хрыстовага Касцёла і Евангелля, а таксама штодзённа палымнеў цнотаю веры.

Разам з тым просім цябе, каб ад Нашага імя ўсім там сабраным перадаў прывітанне, перадусім Арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, а таксама ўсім іншым святым Пастырам, святарам, законнікам і законніцам, свецкім Хрыстовым вернікам. Урэшце, моцна жадаем, каб словы Нашай прыхільнасці ты данёс таксама да дзяржаўных уладаў і да ўсіх, хто з увагаю ставіцца да місіі Касцёла, значэння свабоды веравызнання, а таксама да сапраўднага дабра чалавечай асобы.

Мы ж табе, Вялебны Браце Наш, у выкананні твайго пасланніцтва будзем спадарожнічаць у малітвах. Ад усяго сэрца ўдзяляем табе Наша Апостальскае Благаслаўленне як знак Нашай да цябе прыхільнасці і задатак нябесных дароў, якія ты ўсім удзельнікам цэлебрацыі паводле ўстаноўленага парадку перадай.

Ватыкан, 7 жніўня 2010 года, у шостую гадавіну Пантыфікату.

[подпіс: Папа Бэнэдыкт XVI]

Адноўлена 17.08.2010 10:24
 
© 2003-2020 Catholic.by