Намінацыйная була Святога Айца Францішка аб прызначэнні кс. Алега Буткевіча біскупам | Друк |
18.01.2014 18:55
Францішак Біскуп, Слуга Слугаў Божых

Улюбёнаму Сыну Алегу Буткевічу, прэзбітэру дыяцэзіі Віцебскай,

У якой трымае апеку над парафіяй Святога Антонія Падуанскага,

Абранаму Біскупу гэтай жа Сталіцы Віцебскай,

Вітанне і апостальскае благаслаўленне.

Каб была адпаведна забяспечана катэдра віцебскага Касцёла, якая па прычыне адрачэння шаноўнага брата Уладзіслава Бліна знаходзіцца ў стане вакансу, ты, улюбёны Сыне, хвалебнымі здольнасцямі надзелены і ў святых рэчах дасведчаны, быў прызнаны адпаведным, каб ёю кіраваць.
 
І таму Мы, знаходзячыся на благаслаўлёнай Пятровай Сталіцы, у клопаце пра духоўнае дабро ўсяго статку Пана, найвышэйшай Апостальскай уладай, мянуем цябе біскупам Віцебскім, надзяляючы ўсімі правамі і абавязкамі.

Дазваляем прыняць пасвячэнні ад якогакольвечы каталіцкага біскупа па-за горадам Рымам, адпаведна з літургічнымі нормамі.

Але перад гэтым належыць табе скласці вызнанне каталіцкай веры, а таксама здзейсніць прысягу на вернасць Мне і Маім Наступцам паводле святых канонаў.

Да таго ж даручаем, каб з гэтым лістом ты пазнаёміў духавенства і люд твой: якім просім, каб прынялі цябе з ахвотаю, і з табою заўсёды трывалі ў еднасці.

Для цябе ж, улюбёны Сыне, праз заступніцтва благаслаўлёнай Панны Марыі і пасрэдніцтва святога Язафата, шчодрых дароў Духа Святога просім, каб з Яго дапамогай табе давераных верных ты мог пасвіць старанна, з развагай і пабожна ды “больш чынам, чым словам” (Св. Бэнэдыкт, Рэгула 2.12)

Супакой Хрыста няхай будзе заўсёды з табою і з дыяцэзіяльнай віцебскай супольнасцю на дарагой Нам Беларусі.

Дадзена ў Рыме, у Св. Пятра, дня трыццаць першага месяца лістапада, года Пана дзве тысячы трынаццатага, у першым годзе нашага Пантыфікату.

Францішак
Адноўлена 25.01.2014 15:21
 
© 2003-2020 Catholic.by