Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Поля Пупара, Старшыні Папскай Рады па пытаннях культуры
[12 снежня 2004 г., архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў г. Мінск]

Шаноўны Эмінэнцыя,
паважаныя святары,
дарагія браты і сёстры ў Пану,

1. Для мяне, блізкага супрацоўніка Папы Яна Паўла ІІ, гэта вялікая радасць — з вялебным братам Кардыналам цэлебраваць Эўхарыстыю з вамі і для вас у гэтай цудоўнай мінскай катэдры, асвячанай у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі і рэкансэкраванай 21 кастрычніка 1997 года, менавіта цяпер, у год Эўхарыстыі, распачаты Святым Айцом у кастрычніку, і да таго ж адразу пасля Урачыстасці Беззаганнага Зачацця. У гэтай прыгожай святыні восемнаццатага стагоддзя, якая нават у найцяжэйшыя і найбольш складаныя перыяды вашай гісторыі, такой драматычнай у мінулым стагоддзі, падчас панавання атэістычнага пераследу, не пераставала быць для вас сімвалічным заклікам, з глыбіні майго сэрца зыходзяць словы прарока: «Падбадзёрся, увесь народ зямлі. кажа Пан, і займіся працаю, бо Я з вамі (...). Будучая слава гэтай святыні будзе большай, чым папярэдняй (...) і на гэтым месцы Я дам супакой».

Я перш за ўсё ўдзячны Вам, Ваша Эмінэнцыя, за гэтае запрашэнне. Яно з’яўляецца падараванай Божым Провідам нагодай ізноў перажыць радасць ад нашай сустрэчы, што адбылася ў верасні гэтага года спачатку ў Брэшыі, а затым у Кастэль Гандольфа, калі Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас аўдыенцыі, удзеленай дэлегацыі Інстытута Паўла VI з Брэшыі, якую я ўзначальваў, уручыў Вам узнагароду «Fidei testis» («Сведка веры») за ваша вернае і мужнае сведчанне аб Хрысце і Яго Евангеллі. Сапраўды, Ваша Эмінэнцыя, з самага пачатку Вашага святарскага служэння Божы Провід паклікаў Вас прайсці па via crucis (крыжовым шляху) пераследу, супольным з пакутамі хрысціянскага народа, даверанага Вам, асабіста несучы крыж зняволення, несправядлівага абвінавачання і цяжар катаржнай працы ў лагерах у знясіленасці, голадзе і холадзе. Магчыма было выжыць толькі з вераю, сказалі Вы, дзелячыся перажытым, і гэтыя словы мене глыбока кранулі. І Пан Бог адарыў Вас моцнай і мужнай верай, каб вытрываць у гэтым доўгім і цяжкім выпрабаванні, пасля якога Вы вярнуліся ў супольнасць Касцёла як яшчэ больш годны веры сведка Евангелля: Fidei testis.

Для мяне было гонарам і вялікай радасцю прысутнічаць тады пры гэтым, а таксама на сённяшняй урачыстай цэлебрацыі ў катэдральным касцёле Вашай дыяцэзіі, разам з вернікамі хрысціянскай супольнасці, якой Вы з любоўю кіруеце.

Гэта — ласка; гэта — супадзенне, падараванае Божым Провідам: цэлебраваць гэтую Эўхарыстыю тут, на беларускай зямлі, у трэцюю нядзелю Адвэнту, літургія якой цалкам прысвечана радасці, паколькі цяпер ужо вельмі блізка нашая сустрэча з Панам, які прыходзіць, каб нас збавіць. «Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Пан блізка» (Флп 4, 4-5).

2. Першае чытанне, якое мы толькі што пачулі, з’яўляецца сапраўдным гімнам радасці. Прарок Ісая прадказвае ў ім цуды, якія Пан створыць для свайго народа, каб вызваліць яго з рабства і зноў прывесці на радзіму. З Ягоным прыйсцем адбудзецца як бы новы і найважнейшы зыход, які цалкам ажывіць радасць еднасці з Богам. Якую ж упэўненасць усяляе гэтае месіянскае прароцтва, што дазваляе прадбачыць сапраўднае і канчатковае вызваленне, здзейсненае Езусам Хрыстом!

Словы Евангелля сапраўды дапамагаюць зразумець прычыну нашай радасці, падкрэсліваючы вялікую таямніцу збаўлення, якая здзяйсняецца ў Божым Нараджэнні. Евангеліст Мацвей гаворыць нам пра Езуса: «Той, які павінен прыйсці» (Мц 11, 3), які аб’яўляе сябе праз свае збаўчыя справы: «Сляпыя зноў бачаць і кульгавыя ходзяць (...) і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна» (Мц 11, 5). Ён прыходзіць, каб даць суцяшэнне, каб вярнуць супакой і надзею церпячым, знясіленым і расчараваным у жыцці. Вось у чым найглыбейшая падстава нашай радасці: у Хрысце завяршаецца час чакання. Бог канчаткова здзейсніў збаўленне для кожнага чалавека і для ўсіх нас. Маючы глыбокае перакананне ў гэтым, рыхтуемся святкаваць урачыстасць Божага Нараджэння, незвычайную падзею ласкі, якая зноў запальвае ў нашых сэрцах надзею і духоўную радасць.

Таксама і сёння вельмі шмат тых, хто ахутаны цемраю, чые вочы закрытыя для святла веры; шмат кульгавых, якім цяжка ісці шляхамі дабра; шмат расчараваных; тых, хто паддаўся роспачы; шмат тых, хто стогне ў няволі зла і граху, чакаючы абвяшчэння Божай любові. Да іх і да ўсіх нас скіравана «радасная вестка» Евангелля, давераная хрысціянскай супольнасці. Касцёл на золку новага тысячагоддзя голасна абвяшчае што Хрыстус — сапраўдны Вызваліцель чалавека; той, хто ізноў прывядзе ўсё чалавецтва туды, дзе яго сустрэнуць айцоўскія і міласэрныя абдымкі Бога.

3. Адвэнт заклікае нас да радасці, але ў той жа час заахвочвае нас да цярплівага чакання ўжо блізкага прыйсця Збаўцы (пар. Як 5, 7). Заахвочвае не губляць прысутнасці духа і супрацьстаяць любым цяжкасцям. Гэта чуйная цярплівасць, як зазначае апостал Якуб у другім чытанні, спрыяе ўмацаванню братніх сувязяў у хрысціянскай супольнасці. Прызнаючы сваю нікчэмнасць, беднасць і патрэбу ў Божай дапамозе, яднаемся разам, каб сустрэць Месію, які прыходзіць. Ён прыйдзе ў цішыню, сціпласць і беднасць Ясляў і прынясе радасць тым, хто адкрые яму сваё сэрца. Беручы пад увагу такую перспектыву, належыць навучыцца сустракаць цяжкасці і няўдачы ды супрацьстаяць ім. Красамоўным з’яўляецца прыклад земляроба, які «цярпліва чакае каштоўнага плёну зямлі, пакуль не атрымае дождж ранні і позні» (Як 5, 7).

Сапраўды, Пан блізка. Адкупіцель пасяліўся сярод людзей, і мы можам сустрэць Яго на шляхах нашага штодзённага чалавечага жыцця. Ён не толькі нас настаўляе, але ўсталёўвае з намі адносіны святога сяброўства і вядзе дыялог збаўлення. Мы можам, а нават павінны, задаваць Хрысту пытанні, таксама і ў нашы дні: «Ты той, які павінен прыйсці?» (Мц 11, 3) Адказ Хрыста, які Касцёл захаваў і прапануе ўсім, — той самы, што быў дадзены вучням Яна Хрысціцеля. Ён таксама адпавядае і таму зменліваму і драматычнаму часу, у які жывем мы з вамі. Такая збавенная размова, дабравольна распачатая Богам праз Яго жыватворную любоў, вучыць нас, што таксама і нашыя зносіны з людзьмі павінны быць ажыўленыя палымянаю любоўю, бескарыслівай і неабмежаванай. Дыялог збаўлення нікому не навязваецца сілай. Была вялікая просьба любові, якая, хоць і ўсклала велізарную адказнасць на тых, да каго была скіравана, аднак пакінула кожнаму свабоду выбару адказаць на яе ўзаемнасцю ці адкінуць. Будзем жа памятаць, што цэнтрам гэтай размовы, які чыніць яе сапраўдным дыялогам збаўлення, з’яўляецца малітва.

4. Дарагія браты і сёстры, я ўзрушаны тым, што бяру сёння ўдзел у вашай цудоўнай касцёльнай супольнасці малітвы, якая перш за ўсё праз літургію далучаецца да гармоніі боскага жыцця, згодна з нязменным жаданнем Пана. Такім чынам Касцёл стварае супольнасць адкупленага жыцця, шчодрую на справы любові, якую Хрыстус наказаў мець (пар Ян 13, 35), і дапамагае чалавеку стаць такім, якім яго хоча бачыць Бог. Жыццё вашай каталіцкай супольнасці найбольш поўна развіваецца ў малітве і ўзрастае ў святасці, дзякуючы добрым учынкам. Гэта шлях, які нам міласэрна паказвае Пан, заклікаючы наследаваць Яго прыклад і захоўваць Яго вучэнне, каб жыць у трывалым супакоі. Вашая каталіцкая супольнасць — гэта дом, дзе жывуць браты, які робіць гасцінным любоў да бліжняга і ўпрыгожвае прысутнасць Хрыста ў калейдаскопе штодзённага жыцця з яго радасцямі, цяжкацямі і спадзяваннямі.

Касцёл ззяе, як месца прабывання Хрыста між людзьмі, як Божы народ, як супольнасць асобаў, адроджаных да новага жыця.

5. Найдаражэйшыя браты і сёстры Касцёла ў Мінску, у якасці пастыра Касцёла і супрацоўніка Святога Айца ад усяго сэрца вітаючы вас у супакоі, хачу паўтарыць толькі што прачытаныя словы прарока Ісаі: «Умацуйцеся; не бойцеся! (...) Пан прыйдзе і збавіць Вас» (Іс 35, 4). Гэтыя словы з’яўляюцца для ўсіх нас зычэннем, глыбокім жаданнем, заклікам да трываласці, да ўмацавання надзеі, якую мы маем праз веру.

«Умацуйцеся!» Мы не баімся цяжкасцяў у абвяшчэнні Евангелля. Падтрыманыя ласкай Пана, будзьце апосталамі Хрыста ў вашым горадзе, у вашых сем’ях, на працы, у школах і вышэйшых навучальных установах. Старайцеся, каб ваша вера мела глыбокія карані, дзякуючы якім зможам умацавацца духоўным сокам і новай евангелізацыяй адказаць на выклікі нашага часу, якімі, у прыватнасці, з’яўляюцца бязвер’е і рэлігійная абыякавасць, што было зазначана падчас апошняй Пленарнай Асамблеі Папскай Рады па справах культуры, якая адбылася ў сакавіку гэтага года. (пар. Апублікаваныя дакументы GRIS, Рэлігіі і секты свету, Год 7, № 2, Хрысціянская вера, бязвер’е і рэлігійная абыякавасць, Балонья, 2004).

Ваш добры плён у душпастырскай працы, шаноўныя святары і свецкія вернікі, у еднасці з вашым вялебным біскупам, за які мы дзякуем Пану, з’яўляецца стымулам для таго, каб, пакінуўшы сумненні, працягваць справу новай евангелізацыі ў сем’ях і сярод моладзі, у навучальных установах і ў парафіях, каб маладое пакаленне магло знайсці ў здаровым атачэнні сваёй сям’і падтрымку ў сталым выбары веры і хрысціянскага жыцця. Сапраўды, як нагадвае Пісанне, «Брат, падтрыманы братам, падобны да ўмацаванага горада» (Prov. 18, 19).

Сёння надзвычай важна прысвячаць маладым хоць трохі часу і займацца іх выхаваннем, асабліва тады, калі яны, нажаль, не могуць разлічваць на падтрымку ўласных сем’яў. У такіх выпадках хрысціянская супольнасць становіцца і брацкай, і мацярынскай адначасова, выслухоўваючы іх просьбы, каб задаволіць іх жыццёвыя і рэлігійныя памкненні. Стан асяроддзя, у якім даводзіцца жыць і працаваць, перш за ўсё залежыць ад людзей. І нашая задача зрабіць гэтае асяроддзе жыллём, у якім будзе супрацоўніцтва, адзінства і адносіны, пабудаваных на ўзаемнай павазе, на пачуцці салідарнасці, на верным захаванні евангельскіх каштоўнасцяў, каб пабудаваць «цывілізацыю любові». У вас няма недахопу ў знаках «уваскрасення»: рэкансэкрацыя гэтай катэдры, адкрыццё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, пераклад Імшала на беларускую мову. Я радуюся гэтаму разам з вамі, а таксама дзякую Пану Богу.

Ваша хрысціянская спадчына з’яўляецца найбольшай натхняльнай сілай для вашай самасвядомасці, цэнтрам вашай духоўнасці і крыніцай для вашага культурнага патэнцыяла, які павінен быць накіраваны на культурнае і рэлігійнае аднаўленне грамадства, дзе сустракаюцца людзі з розным культурным набыткам для ўзаемнага ўзбагачэння.

6. Цяпер нашае чаканне ў малітве і ў маўчанні мы яднаем з ахвяраю Хрыста, ахвяруючы таксама і нашае жыццё, намеры, памкненні, радасці і цяжкасці, нашы сем’і, нашу хрысціянскую супольнасць, дзяцей і моладзь, пажылых і хворых, церпячых, а таксама ўсіх тых, хто шчыра шукае праўды.

Ойча Святы, Ты чытаеш у глыбіні нашых сэрцаў, Ты ўсё ведаеш і ўсё можаш, Табе вядомыя нашы спадзяванні. Асвяці і сагрэй нашыя сэрцы промнем Тваёй бязмежнай міласэрнасці і бясконцай любові.

Пане Езу Хрыстэ, чаканы на працягу стагоддзяў, які прыйшоў у паўнаце часу, вядзі нас, мужчын і жанчын трэцяга тысячагоддзя, да справядлівасці, узаемапаразумення і паяднання, каб мы сустрэлі Цябе ў павазе, дыялогу і любові.

Духу Святы, Дух еднасці, вылечы нашыя раны, учыні нашыя сэрцы здольнымі любіць і прабачаць, прымаць іншых і дзяліцца з імі, як сапраўдныя браты. Дай, каб неслі ў свет святло Тваёй праўды, полымя надзеі і імкненне да міру.

Марыя, Беззаганная Дзева, Зорка евангелізацыі, Маці ўцелаўлёнага Слова, будзь нашай заступніцай перад Найсвяцейшаю Тройцай, бо Ты — Маці міласэрнасці. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 15:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі