Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай 2006 г.
1. Пасланне, якое мы можам адкрыць у абразе Маці Божай Будслаўскай

Мы сабраліся ў нашым санктуарыі ў Будславе, каб вучыцца ў Марыі любові да Бога і да чалавека. Калі мы глядзім на будслаўскі абраз Маці Божай, на якім да Яе туліцца Езус, мы выразна адкрываем, што любоў да Бога і бліжняга распачынаецца ад пашаны ў адносінах да бацькоў, да нашых продкаў і выхавацеляў, якія прысвяцілі свае сілы для нашага выхавання.

Марыя з пяшчотай трымае на руках свайго любімага Сына Езуса, нібы жадаючы сказаць нам, што немагчыма любіць Бога і ў той жа час не мець павагі да бездапаможных дзяцей, да кожнага жыцця, а асабліва да найбольш безабароннага, якое толькі зачата ва ўлонні маці.

Езус, які з даверам туліцца да сваёй Маці, праменіцца пачуццём бяспекі і радасці, бо Ён згаджаецца на залежнасць, якая існуе паміж дзіцем і бацькамі. Такім чынам, будслаўскі абраз імкнецца дапамагчы нам адкрыць прыгажосць залежнасці чалавека ад Стварыцеля. Залежнасць ад Бога дае нам сапраўдную бяспеку — падобна да той бяспекі, якую дзіцяці даюць бацькі.

Пасля стварэння свету Бог не пакідае свайго стварэння. Ён не толькі дае яму жыццё, але ў кожную хвіліну падтрымлівае яго існаванне. Сваім нястомным айцоўскім клопатам Бог дазваляе свайму стварэнню дзейнічаць і вядзе яго да канчатковай мэты, да вечнага жыцця. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас, што «Прызнанне гэтай поўнай залежнасці ад Стварыцеля — гэта крыніца мудрасці і свабоды, радасці і даверу: „Бо любіш Ты ўсё, што існуе, і нічым, што стварыў, не грэбуеш; бо, калі б нешта ненавідзеў, гэтага б Ты не стварыў. Як бы магло трываць што-небудзь, калі б Ты не захацеў? Ці як захавалася б тое, што не было паклікана Табою? Але Ты ўсё шкадуеш, бо яно Тваё, о Пане, які любіш жыццё“ (Мдр 11, 24–26)» (ККК 301).

 
2. Першародны грэх як адкідванне залежнасці ад Бога

На жаль, усведамленне дароў, якія нясе з сабою залежнасць ад Бога — мудрасць, свабода, радасць і давер, — было знішчана першародным грахом. Біблейскі аповед пра першародны грэх у раі і пра Бабілёнскую вежу паказваюць нам прыроду першароднага граху як ілюзорнае жаданне быць як Бог, жаданне выключыць Бога са свайго жыцця, забыцца пра Яго і быць у адносінах да Яго абыякавым; як быццам у плане дзеяння і арганізацыі людзей залежнасць ад Бога не заслугоўвае ўвагі (пар. Reconciliatio et paenitentia, 14).

Кожны чалавек у сваім жыцці павінен прайсці пілігрымку веры і надзеі, якая вядзе да адкрыцця прыгажосці і дабра, што вынікаюць з залежнасці ад Бога. Мы спадзяемся, што праз заступніцтва Маці Божай і Яе прыклад мы аднойчы дасягнем гэтай мэты. Слуга Божы Ян Павел ІІ вучыў: «Чалавек — кожны чалавек — з’яўляецца такім блудным сынам: ахоплены спакусай адысці ад Айца, каб жыць незалежна, паддаецца спакусе; падмануты гэтаю пусткаю, якая захапіла яго, як міраж, самотны, прыніжаны, выкарыстаны, калі спрабуе пабудаваць свет толькі для сябе, у глыбіні сваёй нікчэмнасці прыгнечаны жаданнем вярнуцца да еднасці з Айцом» (пар. Reconciliatio et paenitentia, 5).

Неабходна выразна падкрэсліць, што залежнасць ад Бога захоўвае стварэнне, не супярэчыць годнасці чалавека, але адпавядае найбольш патаемным імкненням чалавечага сэрца (пар. ККК 2125). Тут трэба было б прыгадаць перасцярогу, выказаную Другім Ватыканскім Саборам: «Стварэнне (...) без Стварыцеля адмірае. (...) Больш за тое, само стварэнне паглыбляецца ў цемру, калі забываецца пра Бога» (GS 36).

 
3. Старацца быць незалежным ад граху

Часта чалавеку здаецца, што найважней за ўсё быць незалежным эканамічна, тэрытарыяльна ці матэрыяльна. Гэта вельмі добра. Але нельга ў такой незалежнасці бачыць адзіны шлях да шчасця і прысвячаць для дасягнення гэтага вельмі шмат часу і сілаў. Можна ўбачыць людзей веруючых, якія таксама паддаюцца гэтай спакусе і здараецца, што нават занядбоўваюць клопат пра тое, што з’яўляецца значана важэнейшым — імкненне быць незалежным ад граху і яго наступстваў, што на мове аскезы называецца «імкненнем да святасці».

Сваёй паслухмянасцю аж да смерці Езус заслужыў для нас дар валадарскай свабоды. Гэты дар становіцца нашым удзелам, калі мы адракаемся ад грэшных уцех, якія прапануе свет, і клапоцімся пра святасць свайго жыцця. Тады моцаю Божага дару мы пераадольваем у саміх сабе панаванне граху. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас: «Той, хто трымае ў падпарадкаванні сваё цела і кіруе сваёю душою, не дазваляючы, каб яе непакоілі страсці, з’яўляецца гаспадаром самога сябе; ён па праве можа называцца «валадаром», таму што ўмее валодаць самім сабою; ён вольны і незалежны, а таксама не аддае сябе ў няволю граху» (ККК 908).

 
4. Жудасныя наступствы незалежнасці ад Бога

Чалавек можа пабудаваць свет без Бога, але ў рэшце рэшт такі свет звернецца супраць чалавека. Незалежнасць ад Бога вядзе да розных залежнасцяў і да ўзнікнення цывілізацыі смерці. Гэтая цывілізацыя смерці сваімі прыладамі стараецца напасці на тых, хто яшчэ не сфармаваны, не мае жыццёвага вопыту, які дапамог бы ім заўважыць схаваную атруту ў зманлівых прапановах гэтага свету. Гаворка ідзе перш за ўсё пра моладзь. Менавіта ў яе шэрагах алкаголь і наркотыкі збіраюць сваё жудаснае жніво.

Цывілізацыя смерці, якая з’яўляецца вынікам будавання свету без Бога, нападае, між іншым, праз навязванне распусты, блуду і забойства ненароджаных дзяцей. Гэта ўдар, скіраваны непасрэдна ў чалавека, які з’яўляецца вянцом стварэння, узлюбленаю Справаю Бога. Нанесці балючы ўдар па чалавеку азначае абразіць самога Бога.

Адмаўленне Бога ў рэшце рэшт вядзе да страты пачуцця граху. Цывілізацыя смерці вядзе да скажэння праўды, жадае апраўдаць грэх, надаць яму станоўчыя рысы. Яна часта называе грэх словамі, якія павінны схаваць зло, што тоіцца ў ім: грэх распусты пачынаюць называць «бяспечным сексам», грэх забойства ненароджаных дзяцей называецца нейтральным словам «аборт», крадзеж — «камбінацыямі», злоўжыванні рознага рода — «жыццёвым спрытам», ляноту — «прыстасаваннем».

Бог з’яўляецца пачаткам і канчатковаю мэтаю чалавека, які мае ў сабе Божае зерне. Калі чалавек будзе адмаўляць прысутнасць Бога і пажадае жыць так, як быццам Яго не існуе, выкрэсліваючы Яго са свайго штодзённага жыцця, гэта паўплывае і на адносіны з іншымі людзьмі. Знікне разуменне таго, што такое дабро і што такое зло. Любое зло можна будзе апраўдаць, схаваць пад іншай назвай, якая нібыта ператворыць зло ў дабро. Слуга Божы Ян Павел ІІ перасцерагае: «Нельга таму разлічваць на тое, што ўмацуецца адчуванне граху ў адносінах да чалавека і чалавечых каштоўнасцяў, калі не стане пачуцця абразы, нанесенай Богу; гэта значыць, сапраўднага адчування граху» (Reconciliatio et paenitentia, 18). Адмаўляючы Бога, адкідаючы залежнасць ад Бога, супольнасць губляе магчымасць развіваць міжчалавечыя адносіны, развіццё якіх вымяраецца адыходам ад эгаізму і імкненнем да любові.

 
5. Адкрыць прыгажосць і дабро залежнасці ад Бога праз прыняцце штодзённых абавязкаў

Калі чалавек не можа паверыць у тое, што залежнасць ад Бога нясе з сабою мудрасць і вольнасць, узнікае перашкода на шляху да дасканаласці. Дапамагчы нам разбурыць гэтую перашкоду можа спаўненне штодзённых абавязкаў, якія ўскладае на кожнага з нас Бог. Гэта можа быць належнае выкананне абавязкаў вучня, студэнта, бацькі ці маці, або добрасумленнасць у прафесійнай працы. Кожны, хто працавіта выканае ўскладзеныя Богам абавязкі, неўзабаве пераканаецца, што яны вядуць да яго асабістага развіцця. Хоць на пачатку трэба пераломваць свой эгаізм і ляноту, аднак потым мы са здзіўленнем заўважаем, што адбываецца памнажэнне нашых талентаў, нашых прыродных здольнасцяў. Другі Ватыканскі Сабор адзначае, што чалавек сваёю працаю «яднаецца са сваімі братамі і служыць ім, можа практыкаваць шчырую любоў і супрацоўнічаць ва ўдасканаленні рэчаў, створаных Богам» (GS 67).

Касцёл вучыць, што сумленнае выкананне абавязкаў прыносіць таксама звышнатуральны плён: «Праца (…) можа таксама мець адкупленчае вымярэнне. Пераносячы цяжар працы ў еднасці з Езусам, рамеснікам з Назарэта, укрыжаваным на Галгофе, чалавек пэўным чынам супрацоўнічае з Сынам Божым у Яго справе Адкуплення. Ён пацвярджае, што з’яўляецца вучнем Хрыста, несучы крыж кожнага дня ў дзейнасці, да якой быў пакліканы. Праца можа быць сродкам асвячэння і ажыўлення зямной рэчаіснасці ў Духу Хрыстовым» (ККК 2427).

 
6. Патрэба асабістаых намаганняў і самавырачэння для таго, каб не паддацца цывілізацыі смерці, якая вынікае з адмаўлення Бога

Належнае выкананне штодзённых абавязкаў і абарона ад уплыву цывілізацыі смерці павінны падтрымлівацца асабістымі намаганнямі імкнення да жыцця, згоднага з вучэннем Евангелля. Яшчэ ў старажытнасці моладзь вучылі пераадольваць цяжкасці, з якімі яна сутыкалася на шляху да дасягнення розных зямных дабротаў. Маладым людзям прыгадвалі выслоўе: «Праз церні да зорак». Мы, як веруючыя людзі, скажам крыху інакш, заклікаючы да мужнасці ў пераадоленні спакусы жыць так, як быццам Бога няма: «Праз крыж да хвалы». Ніколі не трэба лічыць, што мы ўжо раз і назаўсёды адкрылі прыгажосць і дабро, якое паходзіць з залежнасці ад Бога Айца. Каб жыць гэтаю праўдаю, неабходна прыкладаць намаганні ва ўсе перыяды жыцця. Гэтыя намаганні павінны быць больш інтэнсіўнымі ў пэўныя перыяды жыцця, асабліва тады, калі фармуецца асоба, у дзяцінстве і ў маладосці (пар. ККК 2342).

Другі Ватыканскі Сабор нагадвае: «У сферах сваёй дзейнасці грамадскія супольнасць і Касцёл незалежныя адно ад аднаго і аўтаномныя. Аднак абедзве супольнасці служаць, хоць і па-рознаму, асабістаму і грамадскаму пакліканню адных і тых жа людзей. Яны тым больш плённа будуць здзяйсняць гэтае служэнне для дабра ўсіх, чым лепш будуць развіваць паміж сабою здаровае супрацоўніцтва, улічваючы таксама абставіны месца і часу, таму што чалавек не абмяжоўваецца толькі зямным парадкам, але жывучы ў гісторыі, захоўвае ў паўнаце сваё вечнае пакліканне» (GS 76).

 
7. «Totus Tuus» — папскае аддане Маці Божай

Слуга Божы Ян Павел ІІ даверыў сваё жыццё Маці Божай. Ён жадаў, каб прысутнасць Маці Божай у яго жыцці перамагла ў ім кожны неспакой, выкліканы тым, каб пайсці ў невядомасць за Богам. Давярэнне сябе Марыі, Маці, якая выхоўвае нас у залежнасці ад Бога, выказаў словамі «Totus Tuus, Maria».

Слуга Божы Ян Павел ІІ запрашае даверыцца Маці Божай. У энцыкліцы Redemptoris Mater ён нагадвае нам пра марыйнае вымярэнне жыцця вучняў Хрыста (45). Не толькі святы Апостал Ян быў даручаны пад крыжам Маці Божай, але таксама кожны вучань Хрыста, кожны хрысціянін. Давярэнне сябе Марыі — гэта давер да асобы, якая мяне любіць і жадае мне дабра. Гэта перадусім адказ на любоў маці. Марыйнае вымярэнне жыцця вучня Хрыста праяўляецца асаблівым чынам праз такі сыноўскі давер да Багародзіцы, які мае сваю крыніцу ў запавеце Адкупіцеля на Галгофе.

Па-сыноўску давяраючы сябе Марыі, хрысціянін так, як апостал Ян, прымае Маці Хрыста ў сваё жыццё і ўводзіць Яе ва ўсё тое, з чаго складаецца яго асабістае жыццё. Гэта штодзённыя клопаты зямнога жыцця, а таксама тое, што складае сутнасць нашага зямнога вандравання — унутранае жыццё, імкненне да поўнай залежнасці ад Божай Волі. Дзякуючы нашаму асабістаму давярэнню сябе Марыі Яна атрымлівае права быць нашаю духоўнаю Маці. Сваёй мацярынскай любоўю Яна ўзаемадзейнічае з Духам Святым, каб нас нараджаць і выхоўваць; каб мы адкрылі, што прызнанне гэтай поўнай залежнасці ад Стварыцеля з’яўляецца крыніцай мудрасці і свабоды, радасці і надзеі.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да моладзі, сабранай у Чэнстахове, паказваючы на Марыю, сказаў: «Яна — сярод нас, Яна вучыць нас медытацыі, Яна вучыць нас малітве. Яна вучыць нас, як адкрыць сэрцы і розум на моц Святога Духа, якога мы павінны занесці ўсяму свету».

Звернемся ж да Маці Божай словамі, якія так часта паўтараў Слуга Божы Ян Павел ІІ: «Святая Маці Адкупіцеля, Брама нябесная, якая заўсёды адчынена, Зорка мора! Падтрымай заняпалы народ, калі ён жадае падняцца. Ты нарадзіла Стварыцеля свайго, на здзіўленне ўсёй прыродзе!»

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі у разважаннях для святароў на месяц май пісаў: «Мы маем абавязак сузіраць вобраз Марыі, якая з’яўляецца найдасканалейшым прыкладам і школай цнотаў, звяраць свае паводзіны з Яе паводзінамі, сваё жыццё — з Яе жыццём, свой узровень, свой дух з Яе узнёсласцю, з Яе найчысцейшай душою, такой сонечнай і вялікай, як усё неба, большай за неба, бо ўся прыгажосць і ўсе скарбы нябёсаў з’яўляюцца толькі частачкай таго, што змяшчае Яе душа. Хто любіць Марыю, той з лёгкасцю і раскошай разважае пра Яе святасць і стараецца ўсё лепш Яе пазнаваць, адначасова наследуючы Яе; стараецца наблізіцца да Яе сэрца, што вядзе да ўзрастання ў цнотах, гэта значыць, у любові да Бога».

Адноўлена 18.07.2009 16:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі