Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на юбілей а. В. Глэмбоцкага 2006 г.
1. Значэнне сённяшніх юбілеяў:

  • 40 гадоў святарства а. В. Глэмбоцкага OFM Conv
  • 400 гадоў парафіі (а.В.Г. працаваў 15 гадоў, г.зн., з самага пачатку)
  • 62 гады з дня забойства пробашча і вікарыя (24 ліпеня 1943)
  •  
    2. Святар — знак прысутнасці і айцоўства Бога

    Дар святарства — гэта знак таго, што Хрыстус спадарожнічае свайму вернаму народу, а таксама пацвяржэнне дзейснасці словаў: «Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Праз святароў у супольнасці вернікаў становіцца бачнаю прысутнасць Хрыста — Галавы Касцёла (пар. KKK 1549).

    Наша вера гаворыць нам, што ў Богу «мы жывем, рухаемся і існуем» (Дз 17, 28). Нашае жыццё — гэта няспынная сустрэча з Яго прысутнасцю. Бог з’яўляецца першапрычынаю таго, што адбываецца як у нас, так і ў свеце прыроды або ў гісторыі. Прысутнасць Бога датычыцца справаў грамадскіх і гаспадарчых, а таксама нашых сямейных і прафесійных справаў. Бог прысутны паўсюль, і ўсё ад Яго залежыць. У Яго руцэ як лёс кожнага з нас, так і лёсы ўсіх народаў і свету.

    На жаль, недахопы нашай веры часта перашкаджаюць заўважыць Бога, прысутнага ў людзях, у з’явах прыроды і ў гістарычных падзеях. Каб было лягчэй адчуваць блізкасць Бога, што заўсёды напаўняе нас надзеяй і дадае сілы, трэба з вераю глядзець на святара, які ўвасабляе бачную прысутнасць Хрыста.

    Святы Ігнацы з Антыёхіі надае вялікае значэнне прысутнасці Хрыста ў Яго пасрэдніку — святару. Паводле святога Ігнацыя, святар, а перадусім, біскуп, з’яўляецца «фігураю Айца». Такім чынам, ён — жывы вобраз Бога Айца (KKK 1549).

    Айцоўства Бога праяўляецца ў Яго няспынным жаданні дапамагаць нам. Нават самыя дробныя справы нашага жыцця важныя для Бога Айца, які ніколі не пакідае нас сам-насам з жыццёвымі цяжкасцямі. У сваім нагорным казанні Езус гаворыць пра палявыя ліліі. Іх адметнасць у тым, што яны адзначаюцца дзівоснаю прыгажосцю, і ў той жа час вельмі хутка знікаюць: гэтая кветка жыве толькі адзін дзень. Выклікае вялікае здзіўленне тое, што Пан Бог стварае такую кветку-аднадзёнку, прычым настолькі прыгожую, што яна, па словах Езуса, прыгажэйшая нават за найвышэйшую хвалу Саламона. Калі Бог так клапоціцца пра нейкую кветку, укладаючы ў яе ўвесь бляск прыгажосці, то таксама павінен клапаціцца і пра нас — сваіх умілаваных дзяцей. Праўда пра Божае Айцоўства — гэта запрашэнне да таго, каб мы пазбавіліся ад непатрэбных страхаў і мітусні.

    Таму дар святарства дадзены для таго, каб паглыбляць у Касцёле веру ў жывую прысутнасць Бога. Гэта — прысутнасць Айца, які нястомна спяшаецца на дапамогу сваім дзецям: як тым, якія захоўваюць вернасць вучэнню Касцёла, так і тым, якія пайшлі шляхам блуднага сына і пакуль не маюць прыязні з Богам.

     
    3. Святар нараджае для вечнага жыцця — клопат бацькоў пра рэлігійнае выхаванне дзяцей

    Якім чынам святары павінны быць сведкамі прысутнасці Хрыста і айцоўскіх адносінаў Бога да чалавека? На гэтае пытанне цудоўны адказ дае святы Пробашч з Арс, які кажа: «Святар працягвае справу адкуплення на зямлі… Калі б мы добра зразумелі, кім з’яўляецца святар на зямлі, то можна было б памерці: не ад страху, а ад любові. Святарства — гэта любоў сэрца Езуса».

    Працяг справы адкуплення здзяйсняецца праз аднаўленне еднасці з Богам праз ахвяры і малітвы (пар. ККК 1540). Святар пакліканы да таго, каб нараджаць душы для Нябеснага Валадарства, каб паказваць шлях да святасці, каб клапаціцца пра духоўнае жыццё даверанай яму аўчарні. Гэтае галоўнае заданне — нараджэнне душы для еднасці з Богам — у наш час вельмі яскрава і выразна падкрэсліў Папа Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да духавенства з такімі словамі: «Вернікі чакаюць ад святароў толькі аднаго — каб яны былі спецыялістамі ў справе сустрэчы чалавека з Богам. Ад святара не патрабуецца таго, каб ён быў экспертам у эканоміцы, будаўніцтве ці палітыцы. Ад яго чакаюць, каб ён быў экспертам у галіне духоўнага жыцця». Святар найбольш поўна паказвае айцоўства Бога, калі становіцца духоўным айцом для душаў, калі прысвячае час таму, каб быць спаведнікам і духоўным кіраўніком.

    Варта адзначыць, што праца святара ў справе асвячэння душаў грунтуецца на працы бацькоў, якія прысвячалі час і сілы для таго, каб перадаць дзецям дар веры (пар. ККК 902). Бацькі з’яўляюцца першымі і галоўнымі выхавацелямі дзяцей. Ніхто не можа вызваліць ад гэтага бацькоў, прыняўшы на сябе выхаванне дзяцей да маральнага, духоўнага і звышнатуральнага жыцця (пар. ККК 1653). Служэнне святара як духоўнага айца можа прынесці плён тады, калі бацькі добра сфармавалі сумленне дзіцяці. Гэта можа здзейсніцца, калі бацькі з наймалодшых гадоў прывучваюць дзіця спазнаваць Закон Божы і жыць ім. Касцёл вельмі выразна вучыць, што «выхаванне сумлення з’яўляецца неабходным у жыцці кожнага чалавека, бо ён знаходзіцца пад пагрозаю адмоўных ўплываў, а грэх спакушае яго аддаваць перавагу ўласнаму меркаванню, адкінуўшы аўтарытэтнае вучэнне» (ККК 1783).

    Папа Бэнэдыкт XVI на Сусветным кангрэсе сем’яў у Валенсіі даў некалькі вельмі канкрэтных парадаў адносна таго, як фармаваць сумленне дзіцяці і яго веру, каб пасля дзіця ў духоўным жыцці звярталася па дапамогу да святара. У сваёй гаміліі Папа сказаў: «Хрысціянская сям’я перадае веру, калі бацькі вучаць дзяцей маліцца і моляцца разам з імі (пар. Familiaris consortio, 60); калі набліжаюць іх да сакрамэнтаў і ўводзяць у жыццё Касцёла; калі збіраюцца разам для таго, каб чытаць Біблію, асвячаючы сямейнае жыццё святлом веры і праслаўляючы Бога як Айца».

     
    4. Святар сведчыць пра любоў Бога сваім цэлібатам — дапамога сям’і ў пераадоленні крызісаў

    Святар сведчыць пра прысутнасць Хрыста сярод нас, пра моц Яго дзеяння ў чалавечай душы сваім выбарам і жыццём у цэлібаце. Многія людзі лічаць, што ў сённяшнім свеце поўнае ўстрыманне немагчымае. Святар сваім жыццём сведчыць, што Бог ніколі не адмаўляе ў сваёй ласцы тым, хто просіць у Яго дару вернасці. Праз малітву, злучаную з сакрамэнтамі Касцёла, святар сярод цяжкасцяў умацоўвае надзею на тое, што ласка мацнейшая за ўсялякія спакусы. Слуга Божы Ян Павел ІІ у дакуменце, прысвечаным святарам, напісаў такія словы: «Жывучы ў цэлібаце, святар можа лепш выконваць сваю паслугу сярод Божага люду. Асабліва даючы сведчанне евангельскай каштоўнасці цнатлівасці, ён можа дапамагаць хрысціянскім сужэнцам у перажыванні ўсёй паўнаты „вялікага сакрамэнту“ любові Хрыста да Касцёла — Яго Абранніцы; таксама яго вернасць цэлібату будзе апораю для вернасці сужэнцаў» (Pastores dabo vobis, 50).

    Жыццё святара ў вернасці свайму пакліканню нясе таксама святло тым, хто імкнецца да святасці на шляху паклікання да жыцця ў сужэнстве. Святар, жывучы ў цэлібаце, нагадвае пра існаванне любові, якая непасрэдна паходзіць ад Бога. «Без пазнавання любові чалавек не можа развівацца», — нагадаў Папа Бэнэдыкт ХVІ на Кангрэсе сям’і ў Валенсіі. — Адчуванне прыняцця Богам і любові Бога (...) з’яўляецца моцнаю падставаю, якая заўсёды спрыяе ўзрастанню і сапраўднаму развіццю чалавека (...)». Такім чынам святар чэрпае сілу для развіцця з таго, што праз веру адкрывае Божую любоў. Гэта яна надае яго жыццю дынамічнасць, дазваляе пераступіць праз уласны эгаізм, стаць ахвярным пастырам для даручаных яму людзей.

    Вельмі часта муж або жонка памыляюцца, калі думаюць, што толькі адзін з іх з’яўляецца крыніцай любові, дапамогі або клопату. Калі муж ці жонка заўважаюць эгаізм у іншым, гэта можа стаць пачаткам крызісу. На дапамогу ў такія моманты прыходзіць нам вера і сведчанне святарскага жыцця. У такой сітуацыі прысутнасць святара нагадвае расчараванаму чалавечаму сэрцу, што ёсць любоў і клопат, якімі атуляе нас Бог. Калі другі чалавек на пэўным этапе жыцця ў сужэнстве не зможа адказаць на нашу патрэбу любові, то гэта можа зрабіць Божая любоў. Любоў, якую Папа Бэнэдыкт ХVІ называе «сыходзячай зверху» ад Бога, і якую мы можам спазнаць не толькі праз пасрэдніцтва іншага чалавека.

    Пастырскае служэнне святара прыходзіць на дапамогу сужэнцам, калі яны паддаюцца спакусе эгаізму, кажучы, што не маюць сілы змяніцца: маўляў, змяніць сябе настолькі цяжка, што гэта здаецца немагчымым. Святар, які клапоціцца пра супольнасць, з’яўляецца доказам Божай Любові, якая можа змяніць чалавечае сэрца. Замест таго, каб шукаць сябе самога, засяроджвацца на імкненні да ўласнай прыемнасці і выгоды, святар становіцца сведкам любові, што сыходзіць ад Бога, якая шукае перадусім дабра для іншага чалавека, якая здольная да самаахвяравання і прысвячэння (пар. Deus caritas est, 6). Жыццё святара абапіраецца на словы Езуса Хрыста: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Святар можа быць ахвярным пастырам, бо Хрыстус дзейнічае ў яго сэрцы сваёй любоўю. Гэта можа абуджаць надзею ў засмучаных сэрцах сужэнцаў, бо дзякуючы паглыбленню сувязі з Хрыстом яны таксама могуць спазнаць ачышчэнне сваёй любові ад уплываў эгаізму. Сведчанне пастырскага жыцця святара можа падтрымаць тых, хто траціць надзею.

     
    5. Клопат пра святарскія пакліканні

    Шмат ласкаў атрымлівае народ Божы праз пасрэдніцтва святароў. Таму мы павінны прасіць аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Мы павінны ганарыцца, калі сын або дачка становіцца на шлях выключнага служэння Богу. Таму трэба ўсіх, хто пайшоў за голасам паклікання, падтрымліваць сваёй малітваю, каб яны вытрывалі да канца на гэтым шляху, як жывыя сведкі прысутнасці Бога і Яго айцоўскіх адносінаў да чалавека.

    Памолімся за святароў, законных братоў і сясцёр словамі малітвы Слугі Божага Яна Паўла ІІ:

     
    Марыя,
    Маці Езуса Хрыста і Маці святароў,

    прымі гэты тытул, якім мы Цябе адорваем,
    каб ушанваць Тваё мацярыснства
    і разам з Табою сузіраць
    святарства Твайго Сына і Тваіх сыноў,
    Святая Багародзіца.

    Маці Хрыстова,
    Святару-Месіі Ты дала чалавечае цела,
    каб яно было намашчана Духам Святым
    для збаўлення ўбогіх і пакорных сэрцам, —
    захавай святароў у Тваім Сэрцы і ў Касцёле,
    Маці Збаўцы.

    Маці веры,
    Ты прынесла ў святыню Сына Чалавечага,
    здзяйсненне абяцанняў, дадзеных Айцом, —
    аддавай Айцу для Яго хвалы святароў Твайго Сына,
    Арка Запавету.

    Маці Касцёла,
    у Вячэрніку Ты разам з вучнямі
    малілася да Духа Святога
    за Новы народ і яго Пастыраў, —
    выпрасі для святароў паўнату дароў,
    Каралева Апосталаў.

    Маці Езуса Хрыста,
    Ты была з Ім ад пачатку Яго жыцця і Яго місіі,
    шукала Яго сярод натоўпу, дзе Ён навучаў,
    Ты стаяла каля Яго, калі Ён быў узнесены па-над зямлёю,
    знішчаны адзінаю і вечнаю ахвяраю,
    а спадарожнічаў Табе Ян як Твой сын, —
    прытулі пакліканых,
    ахоўвай на шляху ўзрастання,
    падтрымлівай у жыцці і ў служэнні Тваіх сыноў,
    Маці святароў.
    Амэн.

    Адноўлена 18.07.2009 16:42
     

    Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

    Гаміліі

    05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
    01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
    26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
    21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
    15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
    04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
    27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
    21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
    21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
    20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі