Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (в. Краснае, 2006 г.)
1. Унебаўзяцце — узяцце душы і цела Маці Божай у неба

Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам праўду веры аб тым, што Беззаганная Панна «скончыўшы зямное жыццё, з целам і душою была ўзятая да нябеснай хвалы» (Vaticanum II, p.). Марыя ў адрозненне ад астатніх хрысціянаў, якія паміраюць у стане Божай ласкі, разам з целам была ўзятая да нябеснай хвалы. Догмат Унебаўзяцця пацвярджае, што цела Марыі пасля Яе смерці было праслаўлена. Уваскрашэнне целаў усіх людзей адбудзецца напрыканцы свету, а праслаўленне цела Марыі моцаю выключнай прывілеі адбылося ўжо раней. Трэба сказаць, што Унебаўзяцце з’яўляецца заканчэннем барацьбы за адкупленне чалавецтва, у якой Марыя ўдзельнічала з велікадушнай любоўю.

Святы Герман піша ў незвычайна паэтычным тэксце, што гэта любоў Езуса да Маці патрабавала, каб Марыя зноў паядналася ў небе са сваім Боскім Сынам: «Як дзіця шукае і жадае прысутнасці сваёй маці і як маці падабаецца знаходзіцца побач з сынам, так трэба было, каб і Ты, чыя мацярынская любоў да Сына і Бога не выклікае ніякіх сумненняў, вярнулася да Яго. А ці ж не трэба было, каб той жа Бог, які адарыў цябе сапраўднай сыноўняй любоўю, узяў Цябе да сябе?».

Праз Унебаўзяцце Марыі Пан Бог паказвае нам вялікую каштоўнасць і годнасць чалавечага цела. Трэба ўсведамляць, што цела Марыі, якое атрымала ласку ўнебаўзяцця, належала жанчыне ўжо сталага ўзросту. Таямніца Унебаўзяцця гаворыць нам пра годнасць кожнага чалавечага цела і пра каштоўнасць людзей сталага ўзросту, цела якіх у чалавечым разуменні непрыгожае, а таму як бы нічога нявартае.

 
2. Значэнне пажылых асобаў у сям’і і ў Касцёле

Раней да пажылых людзей ставіліся з вялікаю пашанаю. Лацінскі паэт Авідзій пісаў, што «вялікая была калісьці пашана да сівой галавы». Сотні гадоў таму грэцкі паэт Факілід павучаў: «Шануй сівыя валасы, а мудрага старца атуляй пашанаю, як уласнага бацьку». У наш час пажылыя людзі маюць значна меншую пашану, таму што сучасная цывілізацыя ставіць на першае месца прыдатнасць і прадукцыйнасць чалавека. Унебаўзяцце ж паказвае нам, што найважнейшым з’яўляецца тое, наколькі наша цела прасякнута ласкаю, а не спраўнасць дзеяння. Маці Божая была ўзятая ў неба з целам, таму што яно ўдзельнічала ў Божым мацярынстве, а не таму, што было карыснае і здатнае да плённай працы.

Касцёл на працягу стагоддзяў, а таксама сёння, падкрэсліваў і падкрэслівае надзвычай вялікае значэнне пажылых людзей для грамадства. Яны патрэбныя нам у натуральным і звышнатуральным жыцці. Слуга Божы Ян Павел ІІ пісаў у «Лісце да сем’яў»: «Пажылыя людзі дапамагаюць нам мудрэй глядзець на зямныя падзеі, бо дзякуючы жыццёваму вопыту яны набылі веды і сталасць (...). Пажылыя людзі дзякуючы сваёй сталасці і вопыту могуць даваць маладым парады і каштоўныя веды» (п. 10). У пажылым узросце вельмі выразна праяўляецца крохкасць чалавечага існавання. Яна з’яўляецца напамінам пра ўзаемазалежнасць і патрэбу салідарнасці паміж рознымі пакаленнямі, таму што кожнаму чалавеку патрэбны іншы чалавек, і ён узбагачаецца дзякуючы дарам і харызмам людзей рознага узросту» (п. 10).

Пашана да асобаў пажылога ўзросту вынікае з Дэкалогу: «Шануй бацьку свайго і маці сваю». Яго поўнае і паслядоўнае выкананне з’яўляецца не толькі крыніцаю любові дзяцей да бацькоў, але таксама падкрэслівае моцную сувязь паміж пакаленнямі. Там, дзе гэта запаведзь прымаецца і верна захоўваецца, пажылыя людзі не павінны баяцца, што стануць непатрэбным і дакучлівым цяжарам. Гэта Божая запаведзь займае першае месца на другой Скрыжалі, на якой змешчаны абавязкі чалавека ў адносінах да самаго сябе і да грамадства. Таксама Яна адзіная дапоўнена абяцаннем: «Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дае табе» (Зых 20, 12; пар. Дрг 5, 16). У Старым Запавеце мы знаходзім таксама павучанне адносна пажылых асобаў: «Перад абліччам сівога ўставай і шануй аблічча старца» (Лев 19, 32). Шанаваць пажылых людзей — значыць спаўняць патройны абавязак адносна іх: прымаць іх прысутнасць, дапамагаць ім і цаніць іх годнасць.

Пажылыя людзі патрэбныя нам у звышнатуральным жыцці, патрэбныя нам як прыклад веры. Іх душэўны стан, нягледзячы на адчуванне вынікаў старэння цела, вынікае з унутранага сведчання чыстага сумлення і веры, якая нясе надзею на ўваскрашэнне. Як піша святы Грыгоры Назіянзскі, такі напоўнены вераю чалавек пажылога ўзросту «не старэе душою, але пагодзіцца са сваім адыходам як з момантам непазбежнага вызвалення. Ён лёгка пяройдзе на другі бок, дзе нікога няма нясталага, ні пажылога, але ўсе ўжо дасягнулі дасканалага духоўнага ўзросту».

Касцёльная супольнасць можа атрымаць шмат карыснага дзякуючы прысутнасці асобаў пажылога ўзросту. Гэта асабліва датычыць евангелізацыі, бо яе эфектыўнасць зусім не залежыць ад спраўных дзеянняў. Слуга Божы Ян Павел ІІ апісвае іх значэнне ў справе евангелізацыі: «У вельмі многіх сем’ях унукі пазнаюць асновы веры, дзякуючы бабулям і дзядулям! Аднак пажылыя людзі могуць уносіць дабрачынны ўклад таксама ў многія іншыя сферы. Дух дзейнічае, як і дзе хоча, не раз карыстаецца чалавечымі сродкамі, якія ў вачах свету лічацца нязначнымі. Шмат асобаў знаходзіць зразуменне і падтрымку ў пажылых, у самотных або ў хворых людзей, якія, тым не менш, умеюць падбазёрыць, даючы зычлівую параду, ціхую малітву, сведчанне цярпення, якое яны зносяць з моцнай верай. Менавіта тады, калі слабнуць іх сілы і здольнасць дзейнічаць, нашы састарэлыя браты і сёстры становяцца асабліва каштоўнымі прыладамі таямнічых задумаў Божага Провіду» (Ліст да сем’яў, п. 11).

 
3. Выкарыстанне старасці для збліжэння з Богам

Каб зразумець уласнае жыццё трэба на яго глядзець у перспектыве вечнасці. Кожны перыяд жыцця з’яўляецца падрыхтоўкаю да яе. Старасць таксама павінна адыграць сваю ролю ў гэтым працэсе паступовага сталення чалавека, які імкнецца да вечнасці. Згодна з Божай задумай для кожнага чалавека, гэта перыяд, калі ўсё садзейнічае таму, каб пажылы чалавек мог як мага лепш пазнаць сэнс жыцця і здабыць «мудрасць сэрца». Толькі гэта перспектыва дапамагае прыняць абмежаванні, якія паходзяць са слабасці цела, заканчэння прафесійнай працы або адыходу дзяцей. Аказваецца, што пажылы ўзрост вельмі спрыяе паглыбленню сувязі з Богам, адкрыццю Яго любові і ўсемагутнасці.

Новы Запавет паказвае нам розныя постаці пажылых людзей, якія тлумачаць нам значэнне гэтага перыяду жыцця для паяднання з Богам. На першых старонках Евангелля ад Лукі перад намі паўстаюць сужэнцы Альжбета і Захарыя, бацькі Яна Хрысціцеля, «былі яны ўжо ў старым узросце» (пар. 1, 7). Падчас адведзінаў Марыяй яе пажылая сваячка Альжбета, напоўненая Духам Святым, прамовіла словы: «Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго!» (Лк 1, 42). А састарэлы Захарыя пры нараджэнні Яна Хрысціцеля спявае гімн падзякі, які называецца Benedictus. Гэта пара пажылых людзей прасякнута глыбокім духам малітвы. Менавіта гэты перыяд жыцця можа дапамагчы нам пранікнуцца духам малітвы, на якую раней не было дастаткова часу з-за працы і хатніх абавязкаў.

Пажылы ўзрост спалучаны з абмежаваннем сілы і магчымасцяў цела. Такім чынам ён вельмі садзейнічае пазнаванню ўсемагутнасці Бога, адкрыцця шматлікіх дароў, якія мы атрымоўваем ад Яго кожны дзень. Чалавек, закрануты бездапаможнасцю, лягчэй прысвячае Богу дабро, пра якое раней думаў, што гэта справа выключна яго рук. У Старым Запавеце прыкладам гэтага з’яўляецца сужэнства Абрагама і Сары. Жонка Сара ўсведамляе сваю фізічную старасць, але менавіта гэта немач цела, што звядае, дазваляе ёй спазнаць моц Бога, які перамагае чалавечую слабасць, даючы ёй жаданага сына.

Старасць вельмі добра спрыяе адкрыццю прамінальнасці матэрыяльнага свету. Чалавечае цела слабне разам са сканчэннем чарговых гадоў жыцця. Гэта нам лягчэй дапамагае зразумець, што свет, у якім мы жывем, і ўсё, што матэрыяльнае, што дзякуючы Божай ласцы чалавек на ім пабудаваў, перастае існаваць. Няма такіх чалавечых справаў, якія былі б вечнымі. Вечнае толькі тое, што Бог пажадаў зрабіць вечным. Заўважаючы прысутнасць Бога ў створаных рэчах, дзякуючы старасці мы можам адкрыць, што яны былі створаныя толькі на пэўны час. Не для таго, каб для іх прысвяціць жыццё, але для таго, каб іх выкарыстаць у выкананні Божай волі.

Гэта ўсё вядзе да таго, што старасць мы можам назваць благаславёным часам для нашага збаўлення, для нашага сталення да сустрэчы з Богам тварам у твар. Дае нам сілы, каб не паддацца сучаснай цывілізацыі смерці, якая недаацэньвае старасць, а, наадварот баіцца яе і з гэтае прычыны прапагандуе пажылым людзям эўтаназію — скарачэнне часу сваёй страсці праз згоду на самазабойства.

Унебаўзяцце Марыі з душою і целам гаворыць усім людзям, як важна выкарыстоўваць гэты перыяд жыцця для асвячэння. У Бога не лічыцца спраўнасць дзейння і прадукцыйнасць працы, але стан асвячэння душы. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 16:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі