Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на свята Узвышэння Святога Крыжа (Вілейка, 2006 г.)
1. Паходжанне свята Узвышэння Святога Крыжа

Першыя звесткі пра адзначэнне свята Узвышэння Святога Крыжа адносяцца да першай паловы IV ст. Паводле Александрыйскай хронікі імператрыца Алена 14 верасня 320 года знайшла крыж Хрыста. У сувязі з гэтай падзеяй у Ерузалеме на Галгофе былі пабудаваны дзве базылікі — Базыліка Мучанікаў (Martyrium) і Базыліка Уваскрасення (Anastasis). Базыліку Мучанікаў называлі таксама Базылікай Крыжа. У 335 годзе адбылася кансэкрацыя абодвух касцёлаў, і для публічнай адарацыі быў выстаўлены адшуканы крыж Хрыста. Гэта таксама адбылося ў дзень 14 верасня.

Культ рэліквіі крыжа Хрыста хутка развіваўся ва ўсім Касцёле, але асаблівае значэнне ён набыў у сувязі з нападам персаў на Ерузалем у 614 годзе і знішчэннем базылікі, з якой забралі таксама крыж. Крыж быў ізноў адшуканы ў 630 годзе. Аднак яго не вярнулі ў Ерузалем, але перавезлі ў Канстанцінопаль. З другім адшуканнем крыжа звязана свята, якое адзначалася 3 мая ажно да 1960 года і таксама было прысвечана крыжу.

Цэнтральнымі тэмамі літургіі свята Узвышэння Крыжа з’яўляюцца смерць Хрыста на крыжы і адкупленне, якое на ім здейснілася. Ужо ў антыфоне на ўваход мы спяваем: «Нам жа належыць ганарыцца крыжам Пана нашага Езуса Хрыста, у якім нашае збаўленне, жыццё і ўваскрашэнне, праз яго мы збаўленыя і вызваленыя». Такі ж сэнс заключаны ў Калекце. Мэтай смерці Езуса на крыжы з’яўляецца збаўленне ўсіх людзей, і таму просім Бога аб дары пазнання гэтай вялікай таямніцы, каб мы маглі атрымаць яе плады ў небе. Ахвяра Езуса на Алтары Крыжа змывае правіны ўсяго свету, і таму хрысціяне, якія ўдзельнічаюць у святой Імшы, якая бяскроўна актуалізуе гэтую Ахвяру, просяць аб прабачэнні сваіх грахоў. На крыж неабходна глядзець праз прызму ўваскрашэння. Крыж не з’яўляецца самадастатковаю мэтаю, а шляхам, які вядзе да ўваскрашэння, гэта значыць — да паўнаты жыцця ў Богу. Новае жыццё нараджаецца на крыжы і вядзе да жыцця вечнага. Гэтую праўду коратка выказаў св. Андрэй Крыцкі, біскуп: «Сапраўды, крыж — вялікі і каштоўны. Вялікі, бо праз яго мы атрымалі шмат дабротаў... А каштоўны, бо крыж — гэта знак мукі і перамогі Бога: знак мукі па прычыне дабравольнай смерці ў пакутах; знак перамогі, бо дзякуючы крыжу шатан быў паранены, а разам з ім была пераможана смерць; паколькі брамы пекла былі разбіты, крыж стаў для ўсяго свету паўсюдным знакам збаўлення».

У кантэксце імшальных малітваў сённяшняга свята крыж становіцца знакам збаўлення для ўсіх, хто ў прастаце сэрца паверыць у Божую любоў і такі спосаб збаўлення чалавека. У гэтым святле абсалютна іншае значэнне набываюць усе штодзённыя крыжы чалавека.

 
2. Знак крыжа

Крыж Хрыста мы ўшаноўваем, калі чынім знак крыжа. Першапачаткова знак крыжа чынілі над прадметамі, накрэсліваючы яго далоняй. Ён азначаў вызнанне веры, павінен быў абараняць ад няшчасцяў, прыносіць Божае благаслаўленне. Гэтая традыцыя паходзіць таксама з першых стагоддзяў хрысціянства. Акрамя таго, да крыжа ставіліся як да каталіцкага крэда, кароткага выразу найважнейшых праўдаў веры. Словамі падкрэслівалі веру ў Бога, Адзінага у Святой Тройцы, а жэстам рукі падкрэслівалі нашае збаўленне праз муку і смерць Хрыста. Першыя хрысціяне гэты знак выкарыстоўвалі вельмі часта. У Касцёле захаваўся гэты звычай у літургіі пры благаслаўленні вернікаў.

Сённяшняе свята нагадвае нам пра вялікае значэнне крыжа як сімвала хрысціянства і дапамагае ўсвядоміць, што мы не павінны ўспрымаць яго толькі як элемент аздаблення нашага жылля, месца працы ці аднаго са шматлікіх элементаў нашага штодзённага строю. Калі святы Павел піша ў Пасланні да Галатаў: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету» (Гал 6, 14), ён выказвае сваю найглыбейшую веру ў тое, што крыж Хрыста з’яўляецца прыладай збаўлення для ўсяго роду чалавечага і прычынай гонару для ўсіх веруючых у Хрыста. А якія мае адносіны да крыжа?

Не было б надзеі збаўлення і ўваскрашэння, не было б Касцёла і вечнага жыцця, сакрамантаў і веры, не было б жыцця, калі б не гэты знак, калі б не крыж нашага Пана Езуса Хрыста. Ад пачаткаў хрысціянства ён быў для веруючых сімвалам перамогі дабра над злом, быў знакам гонару і мостам, які вядзе да збаўлення.

 
3. Ян Павел ІІ і цярпенне

Незвычайнай постаццю, якая ў наш час дала нам прыклад таго, як пераносіць цярпенні, жыццёвыя крыжы — з мужнасцю і глыбокім разуменнем гэтай таямніцы, — з’яўляецца Слуга Божы Ян Павел ІІ. Яго пантыфікат быў пазначаны крыжам, крыжам яго асабістых цярпенняў. На пачатку яго служэння Касцёлу адбыўся замах на яго жыццё, які вельмі аслабіў добрае да таго часу здароўе Папы. Пасля гэтага фізічныя сілы Святога Айца ўжо больш ніколі поўнасцю не аднавіліся. Пазней былі хваробы і балючая старасць.

Папа ўсё больш нагадваў Езуса з Гімна ў Пасланні да Філіпянаў — «прыніжаны і які страціў усё» — і працягвае траціць яшчэ больш: фізічнае здароўе, магчымасць хадзіць, часам нават мову. Усё часцей ён можа толькі прысутнічаць пры тым, калі чытаюцца словы яго гаміліі. Працягваецца хвалюючае Узвышэнне Крыжа.

І зноў, як у выпадку Крыжа Езуса і як у выпадку крыжа Пятра, мы самі ў Касцёле не здольныя спасцігнуць гэтую сітуацыю. Хтосьці заклікаў Папу адмовіцца ад Сталіцы Пятровай, хтосці спрачаўся, ці належным чынам яго лечаць. Яшчэ хтосьці казаў, што на самай справе не адбываецца нічога трагічнага: Папа ў цудоўнай форме, а на будучы год у яго ўжо запланаваныя чатыры апостальскія падарожжы. Тэлебачанне шукала ратунку ў рэпартажах пра маладосць Караля Вайтылы: на ранейшых здымках будучы Папа выпраменьвае моц і фізічную сілу, цягне за сабою задыханых сяброў на бесперапынную 8-гадзінную «прагулку» на лыжах.

Папа-спартсмен застаўся ў мінулым; не варта дзеля яго пакідаць Папу, прыкутага да свайго трону. Гэты Папа свабодны, і ён свядома нясе «свой крыж». Калі ён не пайшоў у адстаўку, значыць увесь час жадаў яшчэ чамусьці навучаць. Ён быў моцным знакам. Дастаткова было б спытацца пра гэта хворых людзей. Альбо тых, хто ў паўсядзённым жыцці сутыкаўся з цярпеннем. Магчыма, яны больш за ўсіх разумелі гэты знак.

Адзін са святароў расказваў, што з групай знаёмых яму пашчасціла ў Ватыкане ўдзельнічаць у святой Імшы, якую цэлебраваў Ян Павел ІІ у сваёй прыватнай капліцы. Гэта быў адзін з тых дзён, якія каментатары называлі «больш слабымі»: Папа з цяжкасцю хадзіў, з намаганнем, выразна бачным на твары, ён адварочваўся пры алтары, гаварыў менш выразна, чым звычайна. Пасля кароткай аўдыенцыі, калі ўдзельнікі аўдыенцыі ўжо выйшлі на плошчу Святога Пятра, адзін чалавек з групы, які некалькі гадоў пакутліва хварэў на артрыт, сказаў свайму сябру святару: «Калі я калі-небудзь яшчэ буду скардзіцца на ногі, нагадай мне пра сённяшнюю Эўхарыстыю».

Слуга Божы Ян Павел ІІ напісаў Апостальскі ліст, прысвечаны таямніцы цярпення, у якім мы можам прачытаць наступныя словы: «Можна прыняць, што амаль кожны ўваходзіць у цярпенне з тыпова чалавечым бунтам, а таксама з пытаннем „чаму“. Чалавек пытаецца пра сэнс цярпення і шукае адказ на гэтае пытанне на сваім чалавечым узроўні. Напэўна, неаднойчы ён задае гэтае пытанне таксама Богу, задае яго перад Хрыстом. Ён не можа пры гэтым не бачыць, што Той, каму ён задае сваё пытанне, сам церпіць, гэта значыць, што Ён хоча адказваць яму з Крыжа, з глыбіні свайго ўласнага цярпення. Аднак часам неабходны час, нават доўгі час, каб гэты адказ быў унутрана пачуты. Бо на чалавечыя пытанні пра сэнс цярпення Хрыстус не адказвае проста і не адказвае абстрактна. Чалавек чуе Яго збаўчы адказ па меры таго, як сам становіцца ўдзельнікам цярпенняў Хрыста».

Папа напісаў гэтыя словы каля 25 гадоў таму назад. Ён напісаў іх для іншых, для нас і для сябе, каб з надзеяй паглядзець на сэнс цярпення. Крыж заўсёды незразумелы. І пакуль гэта магчыма, трэба яго пазбягаць. Аднак ёсць хвіліны, калі ўжо нельга ўцячы ад крыжа. І тады ў нас застаецца дарога, якую Слуга Божы накрэсліў словамі і прыкладам нясення свайго крыжа. Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі