Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Дзень Папы Яна Паўла ІІ (2006 г.)
1. Паходжанне Дня Папы

Дзень Папы быў устаноўлены Канферэнцыяй Епіскапату Польшчы ў чэрвені 2001 года як дзень роздуму над пантыфікатам Яна Паўла ІІ, які называлі «пантыфікатам пераломных зменаў». Епіскапат стварыў таксама фонд пад назвай «Справа новага тысячагоддзя», мэтай якога з’яўляецца, між іншым, арганізацыя ўрачыстасцяў з нагоды Дня Папы і вызначэнне вучэбных стыпендый для таленавітых дзяцей і моладзі з найбяднейшых сем’яў.

Дзень Папы Яна Паўла ІІ — гэта дзень удзячнасці, духоўнай еднасці са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, дзень прапагандавання яго вучэння. У Польшчы Дзень Папы быў таксама прыняты дзяржаўнымі ўладамі як нацыянальнае свята. Аўтары адпаведнай пастановы напісалі, што яна з’яўляецца ўшанаваннем «найвялікшага аўтарытэта XX стагоддзя; чалавека, які, звяртаючыся да крыніцаў хрысціянства, вучыў нас салідарнасці, мужнасці, пакоры, рашучасці, спагадлівасці і мудрасці».

У абгрунтаванні пастановы чытаем: «Пантыфікат Яна Паўла ІІ змяніў ход гісторыі свету ва ўсіх яе вымярэннях. Устанаўленне такога дня стане праявай гонару з тае прычыны, што гэтага вялікага гуманіста, чалавека глыбокіх ведаў і вялікай культуры сфармавала польская традыцыя. Ян Павел ІІ выступаў з ініцыятывамі, якія спрыялі вырашэнню грамадскіх, палітычных і міжнародных канфліктаў. Ён быў чалавекам міру і надзеі. Усяму свету і кожнай супольнасці, усім людзям і кожнаму чалавеку ён паказваў, як рабіць жыццё больш чалавечым. Ён вучыў нас, як, трываючы ў сваёй веры, адорваць іншых павагай і любоўю».

 
2. Дэвіз VI Дня Папы

У гэтым годзе VI Дзень Папы праходзіць пад дэвізам: «Ян Павел ІІ — Слуга Міласэрнасці». Дэвіз сёлетняга Дня Папы не выпадковы. З-за адсутнасці міласэрнай любові пад пагрозай знаходзіцца годнасць чалавека. Што можа ўратаваць яе? Міласэрная любоў і цывілізацыя любові, да якой пастаянна заклікаў Ян Павел ІІ. Аббэ П’ер — вядомы сучасны грамадскі дзеяч — свой твор пра міласэрнасць назваў «Любіць і дзяліцца» («O miіosierdziu», Warszawa 2004 r., s. 169). «Давайце дзяліцца любоўю», — гэты заклік з самага пачатку спадарожнічаў Дням Папы. Да чаго ён абавязвае?

Гэтыя словы скіроўваюць нашую ўвагу на ўрок міласэрнасці, які нам даў Ян Павел ІІ. Можна смела сцвердзіць, што яго патрыфікат быў адным вялікім урокам міласэрнасці — не толькі тэарэтычным, але і практычным. Ян Павел ІІ падчас свайго пантыфікату адкрыў і паказаў прыгажосць гэтай Божай цноты, якой з’яўляецца міласэрнасць, у прыватнасці, скіроўваючы ўвагу на сястру Фаустыну Кавальскую, а таксама публікуючы адну з першых энцыклік «Пра Бога, багатага на міласэрнасць». Папа падкрэсліў і нагадаў у ёй менавіта пра тое, чым з’яўляецца Божая міласэрнасць. Ён паказаў Божую міласэрнасць як заданне для сучаснага Касцёла і сучаснага хрысціяніна.

Ян Павел ІІ паказваў Божую міласэрнасць у дакументах, вучэнні, а таксама ў канкрэтных жэстах. Падчас кожнага свайго апостальскага падарожжа — у Польшчу ці на іншыя кантыненты — Святы Айцец заўсёды меў у сваёй праграме запланаваную сустрэчу з людзьмі, якім была неабходна разнастайная дапамога. Разам з Маці Тэрэзай ён сустракаўся з хворымі людзьмі, з тымі, хто цярпеў і паміраў у Калькуце. У Індыі ён сустракаўся таксама з беднымі. Папа сам жыў міласэрнасцю і на практыцы паказваў, у чым павінна праяўляцца міласэрнасць.

Адным з учынкаў міласэрнасці, які пакінуў характэрны адбітак на пантыфікаце Яна Паўла ІІ, быў яго візіт у турму, у камеру Алі Агджы — таго, хто спрабаваў яго забіць. Абвяшчаючы Юбілейны год, Папа заклікаў урады багатых дзяржаваў прабачыць прынамсі частку даўгоў бедным краінам. Ян Павел ІІ чыніў міласэрнасць асабіста і праз інстытуты, на якія меў уплыў. Ён усведамляў, што першым наказам міласэрнасці з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, таму што яно здзяйсняецца не толькі праз словы, але і праз учынкі. Без міласэрных учынкаў адны толькі словы могуць стаць невыразнымі і патануць у моры словаў, якія ўвесь час выліваюць на нас сродкі масавай інфармацыі. «Міласэрнасць учынкаў надае неабвяргальную моц міласэрнасці словаў» (Novo millennio ineunte, 49). Калі сярод нас, у нашых парафіях і супольнасцях, бедныя могуць адчуць сябе «як дома», тады найбольш выразна і найбольш дзейсна гучыць Добрая Навіна аб Божым Валадарстве. «Міласэрнасць (...) па сваёй натуры скіравана на ўсеагульнае служэнне, заахвочваючы нас чыніць справы дзейснай і канкрэтнай любові ў адносінах да кожнага чалавека» (тамсама).

Папа з’яўляецца аўтарам фармулёўкі «уяўленне міласэрнасці» (тамсама, 50), бо існуюць дзве пагрозы, якія стаяць перад сучасным чалавекам: спакуса поўнай незалежнасці ад Бога, а значыць — нябачанне Яго міласэрнай любові, а таксама эгаізм, а значыць — абыякавасць у адносінах да чалавека. Любоў патрабуе служэння.

Гэтая новая і натхняльная фармулёўка падкрэслівае, што не столькі інтэлектуальныя разважанні, колькі абуджэнне ўяўлення, плёнам якога з’яўляецца ўзрушальнасць і спачуванне, вядзе да нясення канкрэтнай дапамогі тым, каму яна неабходна. Нельга аддзяліць учынкаў ад чуласці. У прыпавесці Пана Езуса пра міласэрнага самараніна (Лк 10, 30–37) святар і левіт засталіся раўнадушнымі да параненага, абрабаванага разбойнікамі чалавека: і першы, і другі, «ўбачыўшы яго, прайшлі міма» (пар. Лк 10, 31–32). Толькі самаранін, «убачыўшы [яго], злітаваўся» (Лк 10, 33). Вынікам гэтай літасці стала канкрэтная дапамога. Нам неабходна мець уяўленне міласэрнасці.

Ян Павел ІІ абвяшчаў Божую Міласэрнасць у шматлікіх гаміліях, катэхезах і ў адной з першых энцыклік, якую прысвяціў Богу, багатаму на міласэрнасць. Маючы асаблівую чуласць да знакаў часу і натхненняў Духа Святога, ён нагадаў свету, што працягваецца эра Божай міласэрнасці, якая папярэднічае вяртанню Пана ў хвале і справядліваму суду. Бог хоча, каб Яго пазналі і ўшаноўвалі, як багатага на міласэрнасць. Сам Пан Езус заахвочваў сястру Фаустыну: «Кажы душам пра вялікую Міласэрнасць Божую, пакуль на гэта ёсць час» (пар. св. Фаустына Кавальская, Дзённік, 635).

Ян Павел ІІ прасіў святароў, каб яны не забываліся, што на служыцелях Божай міласэрнасці ляжыць вялікая адказнасць і што сам Хрыстус умацоўвае іх абяцаннем, якое перадаў праз святую Фаустыну: «Скажы Маім святарам, што закаранелыя грэшнікі будуць раскайвацца ад іх словаў, калі яны будуць гаварыць пра бязмежную міласэрнасць Маю, пра літасць, якую Я маю да іх у сваім у сваім Сэрцы» (Тамсама, 1521; пар. Ян Павел ІІ, Гамілія падчас св. Імшы, Кракаў-Блоні, 18.08.2002). Біскупаў Ян Павел ІІ заахвочваў ствараць і рэалізоўваць душпастырскую праграму міласэрнасці, якая спачатку павінна накіроўваць іх актыўныя дзеянні ў жыцці Касцёла, а потым, калі гэта слушна і неабходна, у грамадска-палітычным жыцці на нацыянальнай, еўрапейскай і сусветнай арэне (пар. Ян Павел ІІ, Гамілія падчас св. Імшы, Кракаў-Блоні, 18.08.2002).

Трэцім пасля ўчынкаў і словаў спосабам служэння міласэрнасці з’яўляецца малітва. Ян Павел ІІ быў майстрам малітвы. Арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш падчас урачыстай святой Імшы ў кракаўскіх Лагеўніках (...) сказаў, што сілаю і найглыбейшаю таямніцаю Яна Паўла ІІ была малітва і яднанне з Богам. Ён падкрэсліў, што містыка ў Святога Айца была заўсёды моцна з’яднаная з дзіцячай простасцю. Станіслаў Дзівіш таксама адзначыў, што хоць Езус Хрыстус і не засцярог Папу ад многіх пакутаў, Святы Айцец ніколі не скардзіўся на свой лёс, бо ва ўсім бачыў Божую волю і Яго дабрыню, і ўсё яго жыццё праз глыбокую малітву было злучана з Хрыстом.

Як прыклад бязмежнай адданасці Яна Паўла ІІ Богу шматгадовы асабісты сакратар Папы назваў яго фізічную слабасць у апошнія дні жыцця. Арцыбіскуп Дзівіш прызнаўся, што Папа, калі мусіў адысці ад акна Апостальскага палаца, не здолеўшы прамовіць да вернікаў, сказаў: «Можа лепш, каб я памёр бы, бо не магу выконваць даручанай мне місіі». Аднак адразу дадаў: «Няхай будзе воля Твая. Totus Tuus» (V Дзень Папы, 16.10.2005).

Ён нястомна маліўся аб міласэрнасці для ўсяго свету. Праслаўляў Бога словамі святой сястры Фаўстыны: «О неспасцігальная і бязмежная Міласэрнасць Божая, хто Цябе годна праславіць і ўзвялічыць зможа, Найвышэйшая ўласцівасць усемагутнага Бога, Ты — салодкая надзея для грэшнага чалавека» (св. Фаустына Кавальская, Дзённік, 951; Ян Павел ІІ, Гамілія падчас пасвячэння санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, 17.08.2002). З вераю Ян Павел ІІ паўтараў: «Езу, давяраю Табе» і прамаўляў словы вяночка да Божай Міласэрнасці. Ён звязваў з гэтаю малітваю магчымасць атрымання поўнага адпусту. Папа даручыў дадаць у Рымскі Імшал пасля словаў «Другая Велікодная нядзеля» азначэнне «нядзеля Божай Міласэрнасці». Святы Айцец служыў міласэрнасці малітваю і скіраваў на гэты шлях увесь Касцёл.

Ідучы следам за Слугою Божым Янам Паўлам ІІ, памолімся за Касцёл на Беларусі Актам прысвячэння свету Божай Міласэрнасці, які быў здзейснены ў 2002 годзе ў Лагеўніках:

Божа, Ойча Міласэрны,
Які аб’явіў сваю любоў
у Тваім Сыне Езусе Хрысце
і выліў яе на нас у Духу Святым, Суцяшальніку,
Табе давяраем сёння лёсы свету і кожнага чалавека.
Схіліся над намі, грэшнымі,
вылечы нашую слабасць,
перамажы ўсялякае зло,
дазволь усім жыхарам зямлі
адчуць Тваю міласэрнасць,
каб у Табе, Трыадзіны Божа,
заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі.
Ойча Спрадвечны,
дзеля балеснай мукі і змёртвыхпаўстання Твайго Сына,
будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!
Амэн.
(Ян Павел ІІ, Лагеўнікі, 17 жніўня 2002 г.)

Молімся таксама аб хутчэйшым узнясені да хвалы алтара Слугі Божага Святога Айца Яна Паўла ІІ:

Божа ў Тройцы Найсвяцейшай,
дзякуем Табе за тое,
што даў Касцёлу Папу Яна Паўла ІІ,
у якім заяснелі Твая айцоўская дабрыня,
Хвала Хрыстовага Крыжа і хараство Духа любові.
Ён, цалкам давяраючы Тваёй бясконцай міласэрнасці
і матчынаму заступніцтву Марыі,
даў нам жывы вобраз Езуса Добрага Пастыра
і паказаў святасць як узор штодзённага хрысціянскага жыцця,
як шлях для дасягнення вечнага паяднання з Табою.
Праз яго заступніцтва дай нам, згодна з Тваёю воляю,
тую ласку, аб якой просім з надзеяй,
што Твой Слуга Ян Павел ІІ будзе хутка далучаны
да ліку Тваіх святых.
Амэн.
Адноўлена 18.07.2009 17:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі