Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Імшы на 10-годдзе з дня смерці ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага
2 снежня 2006 г., дв. Шэметава,
святая Імша на 10-годдзе з дня смерці
ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага

1. Малітва аб пакліканнях

Сёння, у чарговую гадавіну з дня смерці кс. Станіслава Кучынскага, мы сабраліся, каб супольна ўзносіць просьбы да Хрыста Добрага Пастыра, каб Ён спаслаў работнікаў на сваё жніво і адарыў нашу архідыяцэзію новымі пакліканнямі. Кс. Станіслаў Кучынскі быў першым рэктарам гродзенскай семінарыі, якая ў апошнія гады выпусціла шмат святароў. Месца спачыну кс. Станіслава — гэта добрае месца для таго, каб адсюль узносіць малітвы аб новых пакліканнях. Нас не павінна знеахвочваць перакананне ў тым, што цяпер настаў цяжкі час, што сучасная моладзь іншая, што яна больш прасякнута духам гэтага свету. Слуга Божы Ян Павел ІІ сказаў, што «пакліканне да святарства (...) не заўсёды нараджаецца ў атмасферы, якая яму спрыяе, часам ласка паклікання вядзе праз кантаст з асяроддзем, нават не раз праз супраціўлене з боку блізкіх» (Christifideles laici, 3). Пакліканне да святарства развіваецца перш за ўсё пад уплывам бацькоў, потым братоў і сясцёр і многіх людзей з розных асяроддзяў. Добры Пастыр у адказ на нашы малітвы у дэхрысціянізаваным асяроддзі можа паставіць на шляху моладзі людзей, якія разаўюць у іх ласку паклікання. Мы можам смела сказаць, што апроч тых, каго мы ведаем, якіх можам асабіста пазнаць на шляху паклікання, ёсць яшчэ іншыя, невядомыя. Я глыбока перакананы, што сярод іх — святой памяці кс. Кучынскі, які падчас свайго жыцця клапаціўся пра новыя пакліканні да святарства і да кансэкраванага жыцця. Мы ведаем, што Хрыстус, Добры Пастыр, шукае работнікаў на сваё жніво. Ён сам сказаў вучням: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37).

Заахвочванне да малівы аб новых пакліканнях мы прымаем ад Святога Айца Бэнэдыкта ХVI, які з адвагаю маліўся у гэтай інтэнцыі ў часе пілігрымкі ў сваю айчыну. А, як ведаем, Захад, у тым ліку Германія, а таксама Расія — гэта абшар, дзе асабліва не хапапае святароў. У казанні падчас Нешпараў у базыліцы святой Ганны ў Алтоццінгу Папа сказаў: «Гэтак жа, як тады, калі Пан злітаваўся над людзьмі, якія былі для яго як авечкі без пастыра, таксама і сёння ёсць шмат людзей, якія хоць многае ўмеюць рабіць, якія шмат чаго бачылі, не зразумелі таго, як належным чынам можна ўпарадкаваць сваё жыццё. Пане, глянь на патрэбы нашага часу, калі неабходны пасланнікі Евангелля, Твае сведкі, указальнікі „жыцця ў паўнаце“! Глянь на свет і пашлі работнікаў! З такою просьбаю мы стукаемся ў дзверы Бога, але з такою ж просьбаю Пан стукаецца ў дзверы нашага сэрца». У гэтых словах Папа даў нам надзею на тое, што Бог надалей абуджае пакліканні, стукаецца ў сэрцы маладых людзей, хоць свет цяпер секулярызаваны.

Пакліканне нараджаецца з Божай ласкі, з Сэрца самога Адкупіцеля. А разам з тым нараджаецца з улоння Касцёла. Гэты народ з’яўляецца як бы духоўнаю глыбінёю пакліканняў, глыбінёй, якой кіруе Дух Святы. Кожнае пакліканне — гэта радасць для люду Божага, таму што кожны святар з’яўляецца знакам прысутнасці Хрыста ў пакаленнях людзей і хрысціянскіх супольнасцях.

2. Клопат святароў пра новыя супольнасці народу Божага

Трэба, каб таксама і мы, святары, магчыма, выхаваныя святой памяці ксяндзом Станіславам Кучынскім, сур’ёзна паразважалі над асаблівым характарам нашага паклікання. «Служэнне (святароў), — вучыць Сабор, — патрабуе (...), каб яны не прыпадабняліся да гэтага свету; аднак разам з тым патрабуе, каб на гэтым свеце яны жылі сярод людзей» (Dekr. Presbyterorum ordinis, 3). У святарскім пакліканні душпастыра павінна быць асаблівая прастора для людзей, для свецкіх, для іх імкнення да святасці. Калі мы святары выйдзем да народу Божага, пачнём клапаціцца пра Яго асвячэнне, то гэтая Глыбіня Паклікання, напэўна, прынясе жаданы плён. Слуга Божы Ян Павел ІІ сказаў: «Святары не маглі б быць слугамі Хрыста, калі б не былі сведкамі і даўцамі іншага жыцця, чым зямное — у той жа час «яны не змаглі б (...) служыць людзям, калі б засталіся чужымі ў адносінах да іх жыцця і ўмоваў (...). Ва ўсім гэтым святар няхай імкнецца бачыць „сапраўды хрысціянскую годнасць“ кожнага са сваіх свецкіх братоў і сясцёр. Больш таго, няхай ён стараецца ўсведамляць гэтую годнасць ім самім, усім сваім святарскім служэннем да гэтай годнасці іх выхоўваць» (Christifideles laici, 5).

Кожны святар павінен усведамляць, што ён — брат сярод людзей, якія з’яўляюцца членамі аднаго і таго ж Цела Хрыста, будаванне якога даручана ім усім.

Выпрацоўваючы ў сабе павагу да свецкіх і клопат пра іх поўнае з’яднанне з Богам, святары спаўняюць сваё асабістае пакліканне да душпастырства. Іх заданне — «збіраць» хрысціянскую супольнасць. Другі Ватыканскі Сабор неаднойчы падкрэслівае гэтае заданне. Святары, «спаўняючы служэнне Хрыста (...), збіраюць Божую сям’ю як братоў, ажыўленых духам еднасці, і праз Хрыста ў Духу вядуць яе да Бога Айца» (Lumen gentium, 28). У адпаведнасці з гэтай парадай былі створаны новыя парафіі ў Крычаве, Горках, Кіраўску, Клічаве, Глуску, Бабруйску — пад тытулам святых Пятра і Паўла, святога Андрэя Баболі і святога Язафата Кунцэвіча. Парафіі створаны там, дзе касцёлаў не было на працягу 80 гадоў.

Стварэнне новых парафій мае на мэце «збіранне» вернікаў, каб яны адкрылі сваю годнасць дзяцей Божых і сваё пакліканне да святасці. Глыбока перакананы, што туды, дзе Касцёл прымае місійны заклік, Добры Пастыр пасылае сваіх работнікаў. Бэнэдыкт XVI нагадаў духавенству пра неабходнасць таго, каб яны выходзілі з народа: «Той, хто з Хрыстом, не захоўвае гэтага для сябе, але павінен перадаваць далей тое, што знайшоў. З такім чалавекам адбываецца так, як з Андрэем, які сказаў свайму старэйшаму брату, Сымону Пятру: „Мы знайшлі Месію“ (Ян 1, 41)» (Казанне падчас Нешпараў у базыліцы св. Ганны, Алтоццінг).

Кожны пастыр павінен усведамляць, што ён збірае супольнасць не вакол сябе, але вакол Хрыста, і не для сябе, але для Хрыста. Такі падыход святара вызваляе месца для дзеяння самога Хрыста ў гэтай супольнасці, а адначасова — у кожным чалавеку. Такое «збіранне» — гэта не часовыя, маментальныя намаганні, але трывалае і паслядоўнае «будаванне» супольнасці, якая з’яўляецца Целам Хрыста. Неабходна ўсвядоміць, што стварэнне супольнасці працягваецца гадамі, але для таго, каб паўстаў Божы народ, неабходны пачатак — стварэнне парафіі. Для таго, каб узнік новы асяродак, на якім будзе збірацца народ Божы, патрэбна супрацоўніцтва паміж святарамі і свецкімі вернікамі, пра якое гаворыцца ў саборных дакументах: «Няхай [святары] ў духу веры адкрываюць розныя харызмы свецкіх — як малыя, так і вялікія, — няхай з радасцю іх прызнаюць і з клопатам падтрымліваюць [...]. Няхай таксама з даверам даручаюць свецкім вернікам заданні ў служэнні Касцёлу, пакідаючы ім свабоду і прастору для дзеяння» — чытаем у саборным Дэкрэце (тамсама).

3. Падзяка

Напрыканцы хацеў бы запэўніць усе сем’і, сыны якіх вучацца ў семінарыі, аб тым, што памятаю пра іх у малітве. Жадаю падзякаваць таксама ўсім святарам, якія згаджаліся працаваць у новаствораных парафіях. Запэўніваю вас, што заўсёды можаце разлічваць на маю дапамогу.

Памолімся да Маці Божай, Каралевы Апосталаў, аб новых пакліканнях і аб тым, каб святары былі адкрытымі і ішлі да Божага народу таксама і ў новыя асяродкі.

Вітай, Марыя...

Або
Марыя,
Маці Езуса Хрыста і Маці святароў,
прымі гэты тытул, якім Цябе адорваем,
каб ушанаваць Тваё мацярынства
і разам з Табою,
Святая Багародзіца,
сузіраць Святарства
Твайго Сына і Тваіх сыноў.
Маці Хрыста,
Ты дала чалавечае цела Святару-Месіі,
каб яно было намашчана Духам Святым
для збаўлення ўбогіх і скрушаных сэрцам
— захавай святароў
у Тваім Сэрцы і ў Касцёле,
Маці Збаўцы,
Маці веры,
Ты прынесла ў святыню Сына Чалавечага,
спаўненне абяцанняў, дадзеных айцам,
— аддавай Айцу, для Яго хвалы,
святароў Твайго Сына,
Арка Запавету.
Маці Касцёла,
разам з вучнямі
Ты малілася ў Вячэрніку
да Духа Святога
за Новы народ і яго пастыраў
— выпрасі для святароў
паўнату дароў,
Каралева Апосталаў.
Маці Езуса Хрыста,
Ты была з Ім у пачатку Яго жыцця і Яго думак,
Ты шукала Яго сярод натоўпу, калі Ён навучаў,
Ты стаяла побач з Ім,
калі Ён быў узвышаны над зямлёй,
вынішчаны адзінай і вечнай ахвярай,
і Ян, як Твой сын, спадарожнічаў Табе
— прытуляй пакліканых,
ахоўвай з самага пачатку іх узрастанне,
падтрымлівай у жыцці і ў служэнні
Тваіх сыноў,
Маці святароў.
Амэн».

Адноўлена 18.07.2009 17:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі