Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на святую Імшу ў вігілію Нараджэння Пана 2006 г.
1. Чалавек паходзіць ад Бога

Слуга Божы Ян Павел ІІ сказаў, што Божае Нараджэнне растлумачвае сэнс чалавечага жыцця. Нараджэнне Хрыста пралівае святло на таямніцу, якой з’яўляецца чалавек. Божае Нараджэнне кажа нам пра тое, што чалавек — не справа выпадку альбо дзеяння сілаў прыроды. Як піша святы Ян Багаслоў, чалавек не з’яўляецца “пладом ні жадання цела, ні крыві”. Ён мае свой пачатак у Богу, які прагне яго існавання, да прыйсця якога Бог падрыхтоўвае свет, ствараючы яго і пастаянна падтрымліваючы яго існаванне. Чалавека нараджае Божае жаданне падзяліцца шчасцем любіць і прабываць у гэтым стане на працягу ўсёй вечнасці. Ніхто з людзей, нават калі гэта не веруючы чалавек, не з’яўляецца сіратой. У яго ёсць Айцец, які радуецца існаванню свайго любімага дзіцяці. Хтосьці можа не ведаць гэтага Айца, бо ніхто яму пра Яго не сказаў; ці, магчыма, некалі чалавек паддаўся прадузятым меркаванням, заўсёды беспадстаўным — і цяпер пра Яго забыўся.

Святое Пісанне вельмі прыгожа і вобразна апісвае гэтую праўду: “Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля (...)? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе” (Іс 49, 15).

 
2. Бог — Айцец, які клапоціцца пра нашыя патрэбы

Няведанне Бога і забыццё Яго не змяняе таго факту, што Ён з’яўляецца Нябесным Айцом, крыніцай існавання кожнага чалавека. З таго факту, што ёсць айцец, а тым больш Айцец-Бог, вынікаюць незвычайныя дары. Айцец — гэта сімвал дзейснай дапамогі, клопату пра задавальненне нашых патрэбаў, “хлеб наш штодзённы”. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла чытаем: “Бог — гэта Айцец [...], і Ён праяўляе сваю айцоўскую ўсемагутнасць, калі клапоціцца пра нашыя патрэбы” (ККК, 270). Кожны з нас можа ў жыцці распараджацца ўсемагутнасцю Нябеснага Айца. Сваёй апекай Ён ахоплівае ўсе нашыя клопаты. Як гаворыцца ў Евангеллі, “у вас жа і валасы на галаве палічаны” (Мц 10, 30).

Гэта азначае, што няма такіх справаў у нашым жыцці, якія не былі б прадметам зацікаўленасці Бога. Нават калі гэта такая дробная справа, як страта воласу на галаве. Гэтая праўда настолькі важная для нашага жыцця, што ў кожную нядзелю і ўрачыстасць мы узгадваем яе ў вызнанні веры. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас: “Сярод усіх Боскіх уласцівасцяў у Сімвале веры названа толькі ўсемагутнасць; вызнанне яе мае вялікае значэнне для нашага жыцця. Мы верым, што Божая ўсемагутнасць паўсюдная, таму што Бог усё стварыў, Ён усім кіруе і ўсё можа” (ККК, 268).

Моцаю сваёй усемагутнасці Бог удзяляе нам дар усынаўлення, як прадказаў гэта ў Старым Запавеце: “І буду вашым Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дачкамі, — кажа Пан усемагутны” (2 Кар 6, 18).

 
3. Бог Айцец — сапраўдны вобраз Бога

Бога, ад якога я атрымліваю жыццё праз пасрэдніцтва бацькоў, які апякуецца мною як клапатлівы Айцец, нельга баяцца. Усведамленне айцоўства Бога павінна нам дапамагчы ў пераадольванні скажонага аблічча Бога, якое захоўваецца ў нас пасля першароднага граху. Нашыя прабацькі Адам і Ева, губляючы першасную святасць, пачынаюць баяцца Бога, бо стварылі сабе Яго памылковы вобраз. У Богу Айцу яны бачаць бога, які раўніва пільнуе свае прывілеі (пар. ККК, 399), або суровага суддзю. Гэта страшна — баяцца Бога, баяцца Таго, які ёсць Любоў.

Хрыстус, каб дапамагчы нам даверыцца нашаму Нябеснаму Айцу, нараджаецца ў Бэтлееме. Ён — безабароннае дзіця, якое нікому не пагражае ніякай магутнасцю ці моцай. Да Яго прыходзяць малыя гэтага свету, такія, як пастухі, і вялікія гэтага свету, як трое мудрацоў, таму што ніхто не адчувае небяспекі з боку малога дзіцяці. Калі ёсць у нас нейкі страх перад Богам, то таямніца Бэтлеема нагадвае, што Бога нельга баяцца.

Ён так сябе прынізіў, стаў такім слабым і безабаронным, каб чалавеку было лягчэй прыпасці да Бога і даверыцца Яго Айцоўскай любові.

Менавіта ў гэтым убостве праяўляецца нябесная хвала. Касцёл не перастае апяваць хвалу гэтай ночы:

“Сёння Дзева нараджае Вечнага,
а зямля дае пячору Недасягальнаму.
Праслаўляюць Яго анёлы і пастыры,
набліжаюцца мудрацы, ідучы за зоркаю,
бо Ты нарадзіўся для нас,
Малое Дзіцятка, вечны Божа!”.

 
4. Божае айцоўства нагадвае нам пра пашану да нашых бацькоў

Божае айцоўства з’яўляецца крыніцай чалавечага айцоўства і падставай пашаны да бацькоў.

Услухоўваючыся ў евангельскія апісанні нараджэння Езуса, мы можам зразумець, колькі цяжкасцяў і цярпенняў перажылі святы Юзаф і Маці Божая ў сувязі з нараджэннем Езуса: складаная дарога ў Бэтлеем на апошніх месяцах цяжарнасці, абыякавасць людзей і адсутнасць месца ў заездзе, нараджэнне Езуса ў стайні альбо таксама ўцёкі з малым Дзіцяці ў Егіпет. Усё гэта нагадвае нам пра цяжкасці і цярпенні нашых бацькоў, якія прынялі ахвяраваны ім Богам дар новага жыцця. Тады мы былі вельмі маленькія і не былі здольныя заўважыць і належным чынам ацаніць гэтыя намаганні. Гледзячы на Святую Сям’ю, падумаем пра нашых бацькоў. Ці не занадта лёгка мы канцэнтруемся на іх слабасцях і недахопах? Аднак жа, калі б не іх клопат, намаганні і апека, то ніхто з нас не быў бы ў стане перажыць перыяд маленства.

Колькі ж разоў яны ўставалі да нас ноччу, колькі сродкаў выдалі на лекі і на тое, каб забяспечыць нашае існаванне на гэтым свеце. Прыгожымі словамі Касцёл заахвочвае нас да сыноўняй пашаны ў адносінах да бацькоў: “Пашана да бацькоў вынікае з удзячнасці да тых, хто праз дар жыцця, сваю любоў і працу нарадзілі дзяцей і дазволілі ім сталець у гадах, мудрасці і ласцы” (ККК, 2215). Святое Пісанне навучае нас: “Усім сэрцам шануй свайго бацьку, а болю тваёй маці не забывай! Памятай, што яны цябе нарадзілі; і як жа аддзячыш ім за тое, што яны далі табе?” (Сір 7, 27–28).

Дзеці ўжо не абавязаны захоўваць паслухмянасць бацькам, калі набываюць незалежнасць, але застаецца пашана, якую належыць аказваць бацькам заўсёды. Бо яна мае сваю крыніцу ў боязі Божай, а таксама ў разуменні тых цяжкасцяў, якія звязаны з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Сыноўняя пашана спрыяе гармоніі ўсяго сямейнага жыцця і апраменьвае ўсё сямейнае асяроддзе. Святое Пісанне навучае нас: “Адносьцеся усёю пакораю і лагоднасцю, з цярплівасцю адзін да аднаго ў любові” (пар. Эф 4, 2).

 
5. Заклік да радасці

Святы Божага Нараджэння — гэта вельмі добры час для таго, каб праявіць сваю пашану да бацькоў у супольнай вігілійнай вячэры, дорачы падарункі. Гэта дні, калі нашыя бацькі не павінны застацца адны. Нашыя адносіны могуць ім дапамагчы адчуць радасць Божага Нараджэння. Гэтыя нашыя намаганні, нават калі яны будуць нязначнымі і невялікімі, маюць важнае значэнне.

Як адзначае Папа Бэнэдыкт XVI, Бог, каб перамяніць свет, “выбраў сціплую дзяўчыну з вёскі ў Галілеі, Марыю з Назарэта, і звярнуўся да Яе з такім прывітаннем: „Радуйся, поўная ласкі, Пан з Табою“. У гэтых словах заключана таямніца сапраўднага Божага Нараджэння. Бог паўтарае яе Касцёлу, кожнаму з нас: „Радуйся, Пан блізка!“. Будзем жа з дапамогай Марыі ахвяраваць сябе саміх з пакорай і адважнасцю, каб свет прыняў Хрыста, які з’яўляецца крыніцай сапраўднай радасці” (Анёл Панскі, 17.12.2006). Амэн.

Адноўлена 18.07.2009 17:26
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі