Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас святой Імшы з нагоды 50-гадовага юбілею святарства кс. Юзафа Пятушкі MIC | Друк |

Барысаў, 19 сакавіка 2007 г.

«Ты святар навекі на ўзор Мельхізэдэка»
(Пс 110 (109), 4; Гбр 5, 6)

Гэтыя словы са Святога Пісання, якія прагучалі ў псальмах і пазней былі паўтораныя аўтарам паслання да габрэяў, раскрываюць сутнасць святарства Новага Запавету. Святарства — не прафесія, не спосаб зарабіць на жыццё. Святарства — гэта, як акрэсліў Слуга Божы Вялікі Папа Ян Павел ІІ, «дар і таямніца».

Амаль 50 гадоў таму ксёндз Юзаф Пятушка атрымаў гэты дар ад Пана праз ускладзенне рук біскупа, які ўдзяліў яму святарскае пасвячэнне. Будзем прасіць кс. Юзафа, каб ён пазней падзяліўся з намі ўспамінанамі пра той шчаслівы момант свайго жыцця.

Разважаючы пра місію святара, перш за ўсё трэба адзначыць, што сам Езус пажадаў устанаваіць іерархічнае святарства ў сваім Касцёле. У апісанні паклікання апосталаў да гэтага служэння мы бачым, што не яны самі прыходзяць да Езуса, але Ён першы кліча іх. Езус кажа першым апосталам, якія перад пакліканнем былі звычайнымі рыбакамі: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей» (Мц 4, 19).

Таму ў Касцёле служэнне святара з’яўляецца не жаданнем пэўнай асобы, а пакліканнем ад Бога. Пакліканнем, якое дае чалавеку Бог паводле сваёй волі і свайго ўпадабання. А чалавек можа толькі з пакораю паўтарыць за прарокам Самуэлем, калі той, яшчэ будучы юнаком і, навучаны святаром Іліем, пачуўшы голас Пана, так адказаў на пакліканне: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой» (1 Сам 3, 10).

Дзякуем Богу за дар паклікання, за святарства, бо яно ажыўляе і духоўна ўмацоўвае супольнасць вернікаў. Гэта пацвердзіў сваім адданым жыццём і ахвярным служэннем святы Ян Марыя Віянэй, пробашч з невялікай вёскі Арс у Францыі — апякун пробашчаў. Гэтая мясціна стала вядомай ва ўсім свеце дзякуючы руплівай працы гэтага святара, які асабліва праз навучанне і сакрамэнт споведзі многім людзям дапамог знайсці шлях да Бога.

Святар у касцёле — даўца святых сакрамэнтаў. Яго рукамі здзяйсняецца хрост дзіцяці, яго вусны прамаўляюць «Я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына, і Духа Святога». Такім чынам, дзякуючы святару чалавек далучаецца да супольнасці Касцёла, акая аб’ядноўвае ўвесь народ адкуплены.

Святар перамяняе хлеб у Цела Хрыста і дае Яго вернікам. Езус сказаў апосталам, перадаючы гэты наказ таксама і ўсім святарам усіх часоў: «Гэта чыніце на маю памяць». Каб прыйсці да кожнага свайго дзіцяці ў святой Камуніі, Езус карыстаецца вуснамі і рукамі святара, асобаю канкрэтнага чалавека, выбранага і пакліканага да святога служэння.

Святар — лекар і суддзя. У судзе міласэрнасці, якім з’яўляецца сакрамэнт пакаяння — споведзь, святар моцаю, якую даў яму Хрыстус, прабачае грахі, нават найцяжэйшыя. «Калі грахі вашыя будуць як чырвань, збялеюць як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць як воўна» (Іс 1, 18), — гаворыць Святое Пісанне пра сутнасць суду Божай Міласэрнасці.

Святар — гэта сейбіт Божага Слова. Святы апостал Павел навучае свайго паслядоўніка Цімафея: «Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4, 2). Так святар выконвае настаўніцкую місію, да якой быў пакліканы: першы раз, калі праз хрост і намашчэнне хрызмам далучыўся да ўсеагульнага святарства Божага народа, другі — калі атрымаў святарскае пасвячэнне і прыняў сакрамэнт іерархічнага святарства.

Ужо паўстагоддзя здзяйсняе святарскае служэнне шаноўны ксёндз Юзаф. Напэўна, у яго вялікім святарскім жыцці было шмат і радасных, і сумных хвілінаў. Жадаем святару і надалей гэтак жа ахвярна служыць вернікам, якім Бог, выбраўшы яго, паслаў несці святло Божага слова і ласку святых сакрамэнтаў. Жадаем шчодрых Божых ласкаў і радасці ад Духа Святога, а таксама задавальнення ад святарскай працы. Няхай будзе шмат тых, хто пойдзе па яго слядах і па яго прыкладзе прысвеціць сваё жыццё святарскаму служэнню. Жадаю таксама, каб сужэнствы, якія атрымалі благаслаўленне з рук ксяндза Юзафа, былі моцныя Богам, а ў сем’ях, якія ў выніку ўзніклі, нарадзілася шмат дзетак. Жадаю, каб і надалей слова святара, прамоўленае на катэхетычных занятках, у казаннях ці проста падчас пастырскіх наведанняў парафіянаў, трапляла на ўрадлівую глебу ў сэрцах вернікаў і заўсёды давала добры плён.

Месца працы нашага юбіляра таксама незвычайнае. Неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб структуры парафіі і дэканату, якія ён узначальвае, маглі дзейнічаць так, як гэта прадугледжана ў паўсюдным Касцёле. Таму жадаем ксяндзу пробашчу асаблівай апекі святога Юзафа: няхай Апякун Святой Сям’і, якому была даручана апека над Езусам і які сёння з’яўляецца Апекуном усяго Касцёла, а таксама нябесным заступнікам нашага шаноўнага юбіляра, дапаможа яму ва ўсіх справах і вядзе яго далей па дарозе вернага і адданага святарскага служэння.

Адноўлена 18.07.2009 17:47
 
© 2003-2024 Catholic.by