Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі на Імшу Хрызма 2007 г.
Мінск, архікатэдра, 5.04.2007 г.

(падаецца са скарачэннямі)

«Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае» (пар. 1 Кар 1, 26) — гэтыя словы св. апостала Паўла да хрысціянаў Карынта адносяцца таксама і да нас, сабраных на гэтай урачыстай святой Імшы Хрызма. У дзень устанаўлення сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства мы збіраемся, каб асаблівым чынам падзякаваць Богу за святарства ў служэнні Божаму народу.

Такое было жаданне Бога, каб былі на зямлі пасрэднікі, паміж людзьмі і Стварыцелем неба і зямлі. Бог выбірае да гэтай адказнай справы святароў, акрэсліваючы дакладна тую місію, якую яны павінны былі выконваць у Старым Запавеце, служачы ў святыні. Акрэсліў ясна і выразна спосаб жыцця і служэння народу Божаму.

Езус Хрыстус з’яўляецца заснавальікам Касцёла і святарства Новага Запавету. На працягу трох гадоў Ён рыхтаваў тых, хто павінен быў працягнуць яго місію тут, на зямлі, місію служэння Богу і людзям. Збаўца выразна акрэсліў святарскія абавязкі выбраных і тых, хто праз ускладзенне іх рук будзе выконваць Яго волю. Асаблівым чынам Езус падкрэслівае святарскія абавязкі: душпастырства давераных святару душаў, навучанне і здзяйсненне святых сакрамэнтаў.

Паважаныя, Бог выбраў нас сярод многіх хрысціянаў. Гэта Яго голас паклікаў нас на Яго службу: «Ідзі за Мною!». У розных абставінах і рэчаіснасці такі заклік быў зроблены кожнаму, як апосталам, якія адгукнуліся на гэты заклік велікадушна і з гатоўнасцю.

Сёння кожны святар аднаўляе святарскія абяцанні, якія калісьці ўрачыста прынес біскупу падчас свайго святарскага пасвячэння. Яшчэ раз паўторым такія простыя, але разам з тым надзвычай вымоўныя словы нашага адданага служэння Богу і людзям у Хрыстовым святарстве. Гэтыя словы нагадаюць нам пра адказнасць за Касцёл — супольнасць, заснаваную Хрыстом для дапамогі вернікам у дасягненні святасці і збаўлення.

У гэты дзень я выказваю асаблівую ўдзячнасць тым святарам, якія перадалі веру, ад якіх атрымалі св. сакрамэнты, і тым, хто зрабіў вялікія намаганні, каб кожны з нас прайшоў адпаведную фармацыю ў падрыхтоўцы да святарства. Многія з вас працуюць у парафіях дзе вашыя папярэднікі, святары, стварылі адпаведныя ўмовы для вядзення рэгулярнага душпастырства. Сёння я скіроўваую да іх словы ўдзячнасці за руплівую і сумленную паслугу. Для памерлых святароў мы просім вечнае спачыванне ў краіне сятла і супакою, да якой, як добрыя пастыры, яны вялі сваіх авечак, часам ахвяруючы ўласным жыццём.

Імклівыя перамены ў свеце, у грамадстве і свядомасці людзей уплываюць таксама на жыццё і служэнне святара. Разважаючы над адгартацыяй Св. Айца Бэнэдыкта XVI пра Эўхарыстыю мы павінны добра ўсвядоміць, што моцай святара ў сучасным свеце, як і ва ўсе часы, з’яўляецца Эўхарыстычны Езус, які, прыходзячы да нас у святой Камуніі, не змяняецца сам у сабе, але перамяняе нас у сваё беззаганнае Цела.

Сёння мы святкуем успамін устанаўлення Эўхарыстыі, якое адбылося падчас Апошняй Вячэры. Яе вытокі — у абрадавай пасхальнай вячэры, якую спажывалі на ўспамін пра зыход ізраэльскага народа з егіпецкай няволі.

Гэта паказвае на тое, што ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі павінна прынесці ў жыццё Божага народа дар поўнай свабоды. Ізраэль, хоць і атрымаў знешнюю свабоду, аднак уся яго гісторыя была пазначана зняволеннем і грахом, страхам перад смерцю. Толькі сакрамэнт Эўхарыстыі прынес чалавецтву канчатковае вызваленне ад зла і вечнай смерці. Сярод усіх сакрамэнтаў Эўхарыстыя з’яўляецца невычэрпнаю крыніцаю святасці. Беручы ўдзел у ахвяры крыжа, хрысціянін становіцца ўдзельнікам ахвярнай любові Хрыста і атрымлівае здольнасць і запрашэнне праяўляць гэтую любоў у жыцці ва ўсіх сваіх адносінах і ўчынках.

Усім вернікам я хацеў бы пажадаць умення цаніць гэты Сакрамэнт свабоды, які робіць нас здольнымі на ахвяру, дае цярплівасць і дапамагае любіць нават ворагаў. Не прапусціці аніводнай нагоды для ўдзелу ў святой Імшы, клапоцячыся пра тое, каб гэты ўдзел заўсёды быў поўным, таму што для нашага духоўнага жыцця святая Камунія мае такое самае значэнне, як ежа для жыцця цялеснага. Яна падтрымлівае, паглыбляе і аднаўляе жыццё ласкі, атрыманае ў святым хросце (пар. ККК 1392). Гэта — штодзённы хлеб у нашым зямным вандраванні, неабходны ажно да хвіліны смерці.

Сёння я хацеў бы ад усяго сэрца падзякаваць усім святарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія здзяйсняюць Эўхарыстыю «у адпаведнасці з абрадам, наследуючы яму сэрцам і розумам, пазбягаючы ўсяго, што можа стварыць уражанне недарэчнага самавыяўлення» (SC 23). Я дзякую тым святарам, якія вымушаны пераадольваць разнастайныя перашкоды, каб прыйсці да вернікаў з дарам Эўхарыстыі. Няхай вас заўсёды падтрымліваюць словы святога Аўгустына, які казаў, што святарства — гэта «служэнне любові» па прыкладзе добрага пастыра, што ахвяруе сваё жыццё за авечак (пар. Ян 10, 14–15).

На заканчэнне я хацеў бы прывесці скіраваныя да святароў словы Папы Бэнэдыкта XVI з ужо цытаванай вышэй новай адгартацыі пра Эўхарыстыю, крыніцу і вяршыню жыцця і місіі Касцёла Sacramentum Caritatis («Сакрамэнт любові»): «Каб надаваць свайму існаванню ўсё больш поўны эўхарыстычны змест, святар ужо на этапе падрыхтоўкі і ў наступныя гады павінен прадугледзець шырокую прастору для духоўнага жыцця. Ён пакліканы да таго, каб шчыра шукаць Бога і адначасова быць блізкім да чалавечых патрэбаў. Насычанае духоўнае жыццё дазволіць яму ўсё шчыльней уваходзіць у камунію з Панам і дапаможа даць цалкам авалодаць сабою Божай любові, становячыся яе сведкам у любой сітуацыі, нават цяжкай і цёмнай. З гэтаю мэтаю, разам з Айцамі Сіноду, я рэкамендую святарам „штодзённа цэлебраваць святую Імшу нават без удзелу вернікаў“. Гэтая рэкамендацыя з’яўляецца перадусім адказам на аб’ектыўна бясконцую каштоўнасць кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі і грунтуецца таксама на яе асаблівай духоўнай плённасці, бо перажытая з вераю святая Імша выхоўвае чалавека ў найглыбейшым значэнні гэтага слова, паколькі дапамагае станавіцца падобным да Хрыста і ўмацоўвае святара ў ягоным пакліканні» (SC 80).

Адноўлена 18.07.2009 17:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі