Гамілія кардынала Вальтэра Каспера ў мінскай архікатэдры | Друк |
8 лістапада 2009 г.


Найдастойнейшы арцыбіскуп,
паважаныя святары,
дарагія браты і сёстры!

Мяне перапаўняюць пачуцці вялікай радасці і ўдзячнасці, што ваш арцыбіскуп запрасіў мяне ў Мінск, каб разам з вамі, у вашай катэдры цэлебраваць Эўхарыстыю. Шчыра вітаю паважанага арцыбіскупа, вітаю святароў і ад усяго сэрца шчыра вітаю ўсіх вас!

Перш за ўсё жадаю перадаць усім вам сардэчнае прывітанне Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Аб гэтым Папа папрасіў мяне ў гэтую пятніцу падчас нашай з ім сустрэчы. Пантыфік таксама перадаў вам апостальскае благаслаўленне і прасіў запэўніць, што ён заўседы ў духоўнай лучнасці з вамі.

Гэта ўжо другі мой візіт у Мінск. Сёння я прыбыў, каб сустрэцца з Найдастойнейшым Мітрапалітам Філарэтам і выкладчыкамі Інстытута тэалогіі БДУ. На працягу шматлікіх гадоў адбываецца супрацоўніцтва паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, Мітрапалітам Філарэтам і Інстытутам тэалогіі. Мы сталі добрымі сябрамі і нас яднае адна мэта: разам працаваць, каб дасягнуць поўнай еднасці Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Шлях да еднасці нялёгкі і, калі на гэта глядзець толькі з зямнога пункту гледжання, то ён да таго ж і вельмі далекі. Таму, паважаныя браты і сестры, мая радасць павялічваецца ад таго, што вы тут, у Мінску, у Беларусі, гэты працэс збліжэння актыўна падтрымліваеце і ўсебакова праяўляеце клопат аб ім. Ад усяго сэрца, паважаныя браты і сестры, выказваю вам за гэта шчырую ўдзячнасць. Найперш дзякую найдастойнешаму арцыбіскупу і ўсім вам за тое, што вы і ваш арцыпастыр робіце ў гэтым кірунку.

Еднасць хрысціянаў, асабліва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой — гэта не толькі справа рук людскіх. Гэта воля і даручэнне Хрыста, які падчас Апошняй Вячэры, перад сваёй мукай і смерцю маліўся, «каб усе былі адно». Другі Ватыканскі Сабор адносна гэтага даручэння заявіў, што аднаўленне еднасці хрысціянаў — гэта адно з найважнейшых заданняў для яго. Далей Сабор кажа, што экуменічны рух — гэта ініцыятыва Духа Святога. Таму ўсе Святыя Айцы, а найперш Ян Павел ІІ і цяперашні папа Бэнэдыкт XVI асабліва падтрымлівалі экуменічны рух.

Я ведаю пра шматлікія цяжкасці і перашкоды, якія існуюць на шляху да еднасці. З абодвух бакоў відавочныя недавер і асуджэнне, памяць аб непрыемным вопыце з мінулага, а таксама пэўныя адрозненні ў традыцыях. Мы не хочам і не можам проста ўзяць і сцерці гэтыя адрозненні. Для нас, хрысціянаў, любоў — гэта найважнейшая запаведзь. Мы павінны быць гатовы прабачаць, пераадольваць асуджэнні праз лепшае пазнанне адно аднаго. Менавіта тады мы заўважым, што паміж намі — праваслаўнымі і католікамі — больш супольнага, чым таго, што раздзяляе. Мы верым у адзінага Бога, верым у Пана нашага Езуса Хрыста, які ёсць сапраўдным Богам і сапраўдным Чалавекам, мы маем тыя ж самыя сакрамэнты і разам праслаўляем шматлікіх святых, а асабліва Марыю, Маці Бога.

Гэтую супольную веру асабліва сення мы павінны вызнаваць разам. Мы ўсе разам жывём у секулярызаваным свеце, які нясе пагрозу кожнаму з нас. На змену камуністычна-дыялектычнаму матэрыялізму прыйшла новая пагроза — практычны матэрыялізм і рэлігійная абыякавасць. Таму сёння мы не можам сабе дазволіць быць супраць адно аднаго. Мы не можам быць абыякавымі адно да аднаго. Мы павінны быць разам і весці супрацоўніцтва. Сёння нашымі ворагамі з’яўляюцца не праваслаўныя хрысціяне, але практычны атэізм. Менавіта ён пагражае ўсім нам.

За апошнія гады нам многае ўдалося зрабіць на шляху збліжэння. Мы яшчэ не дасягнулі пастаўленай мэты, мы пачалі разам працаваць. Супольна мы абараняем хрысціянскія каштоўнасці нашай еўрапейскай культуры, годнасць чалавека, правы індывідуума, сям’ю, нясём дапамогу патрабуючым, змагаемся за сацыяльную справядлівасць. Адносна гэтых пытанняў праваслаўныя і каталіцкія хрысціяне маюць аднолькавае бачанне. Менавіта таму яны павінны разам выступаць і падтрымліваць адно аднаго.

Вы запытаецеся ў мяне: што я магу зрабіць для выканання гэтага вялікага задання? Якім павінен быць мой уклад?

Толькі што мы з вамі чулі прыгожы ўрывак з Евангелля, які ніколі не пакідае мяне абыякавым, калі я чую яго або чытаю. Езус, прабываючы ў святыні, сеў насупраць скарбонкі і назіраў за людзьмі, якія складалі ахвяраванні — вялікія і малыя. Прыйшла і бедная ўдава, якая не мела сродкаў на пражыццё. Яна ахвяравала дзве лепты, бо не мела больш. Яе ахвяра была складзена не з лішку, бо аддала яна ўсё, што мела. Тады Езус паклікаў сваіх вучняў і сказаў ім: «Гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку». Калі глядзець толькі звонку, яе ахвяра была нікчэмнай. Аднак яна аддала апошняе, усе свае сродкі на пражыццё, увесь свой пажытак.

Праз гэта Езус хоча сказаць нам, што знешняя веліч нашых спраў і ўчынкаў не мае значэння. Не мае вялікага значэння тое, каб ужо заўтра было напісана ў газетах аб тым, што мы робім нешта для Валадарства Божага, для еднасці хрысціянаў, і каб адразу атрымліваць за гэта пахвалу. Такі падыход да справы, накіраваны толькі на прызнанне і пахвалу, з’яўляецца крывадушным і несумленным, аб чым сведчыць сенняшняе Евангелле. Кожны павінен рабіць столькі, колькі ён можа зрабіць. Даць больш за тае, што мы маем, мы не можам. Бог не глядзіць на вонкавае, Бог глядзіць на сэрца чалавека! І калі мы ўсё, што мы можам зрабіць, чынім ад шчырага сэрца, менавіта тады гэта з’яўляецца добрым і вялікім, нягледзячы на тое, што знешне гэта здаецца малым і нязначным. Не велічыня сумы мае значэнне, але веліч любові.

Тое ж мы можам сказаць і пра наш уклад дзеля збліжэння Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы і наогул хрысціянаў. Менавіта непрыкметныя справы маюць значэнне. На першым месцы я пастаўлю малітву аб еднасці. Малітва — гэта самае найважнейшае. Малітва з’яўляецца сэрцам экуменізму. Мы, людзі, не можам учыніць еднасці, бо яна — дар Святога Духа. Маліцца, адзін або супольна з іншымі можа кожны хрысціянін. Менавіта праз малітву кожны можа ўнесці свой уклад да пажадання Хрыста: «каб усе былі адно». Таксама малітва Крыжовага шляху, які сёння будзе асвечаны, можа быць важным укладам.

Я хацеў бы назваць яшчэ адну канкрэтную магчымасць. Экуменічны дыялог вядзецца не толькі падчас тэалагічных канферэнцый. Ен адбываецца таксама і ў штодзённасці. У штодзённым жыцці вы ўсе сустракаеце шмат праваслаўных хрысціян: сярод суседзяў, на працы, а вельмі часта і ў сваіх сем’ях. Мы не павінны ўцякаць адно ад аднаго. Наадварот, мы павінны радасна вітаць адно аднаго, прымаць удзел у радасных і смутных здарэннях жыцця! Мы павінны цікавіцца адно адным, цікавіцца верай іншага чалавека, тым, як ён жыве сваёй верай, і пры гэтым паважаць і цаніць адно аднаго. Дзякуючы гэтаму мы можам шмат чаму навучыцца і дапамагчы адно аднаму. Найперш праз святкаванне вялікіх хрысціянскіх святаў: Божага Нараджэння, Вялікадня — мы павінны віншаваць і наведваць адно аднаго. Адным словам, мы павінны стаць братэрскай і сяброўскай супольнасцю, так як гэта і павінна быць у хрысціянаў.

Я ведаю, што многае з таго, аб чым я гаварыў, вы спраўды робіце. За гэта ўсім вам я шчыра дзякую. Такім чынам мы прымаем удзел у вялікім справе паяднання, якую распачаў сам Дух Святы. Жадаю ўсім вам і кожнаму ў прыватнасці тую вялікую любоў у вашых сэрцах, якой адзначылася бедная ўдава ў сённяшняга Евангелля. Жадаю шчодрага Божага благаслаўлення, знешняга і ўнутраннага росту, супакою і радасці. Божая ласка і супакой няхай будуць заўсёды з усімі Вамі! Амэн.

Адноўлена 09.11.2009 17:50
 
© 2003-2024 Catholic.by