Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў межах малітоўнага чування моладзі
Мінск, архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 19 снежня 2009 г.

Езус дае сапраўднае шчасце

У сярэдзіне 60-х гг. ужо мінулага ХХ ст. адным з найбольш папулярных фільмаў была стужка «The voice of music» («Голас музыкі»). Фільм распавядае пра значэнне сям’і і паўсюднасць музыкі. Сцэны фільма гавораць і аб вялікай Божай міласэрнасці. Калі нехта нават зачыняе перад чалавекам дзверы, то бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог адчыняе  для яго акно. Стужка таксама натхняе да перамогі над цяжкасцямі і ўздымання ўверх, каб дасягнуць мары свайго жыцця. Гэты фільм праз музыку, якая не мае межаў, натхняе кінуцца ў абдымкі надзеі, шчасця і гармоніі, што прысутнічаюць у Богу — нашым Творцы і Збаўцы.

Гераіня фільма Марыя спявае пра свае самыя любімыя рэчы. Адна з іх — гэта завязаны стужкай пакунак з шэрай паперы. Ён вельмі просты і непрывабны, але вельмі дарагі ёй.

Усяго некалькі дзён аддзяляе нас ад урачыстасці Божага Нараджэння. З гэтым святам звязана шмат традыцый. Адна з іх — елка і падарункі пад ёй. Звычайна яны запакаваны ў прыгожую бліскучую паперу. І калі б пад елкай быў падарунак, запакаваны ў непрывабную шэрую паперу побач з іншымі прыгожымі пакункамі з каляровымі стужкамі, ці хацелі б мы адкрыць яго першым? Хутчэй за ўсё — не, бо падарунак павінен быць у прыгожым пакунку. Мы прывыклі да гэтага і хочам, каб так было заўсёды.

Гэты прыклад дапамагае нам зразумець цяжкую праўду нашага жыцця — чаму так многа людзей не прыняло або страціла той падарунак, які нам даў сам Бог. Божы падарунак не прыйшоў да нас у прыгожым пакунку. Наш нябесны Айцец паслаў нам свайго адзінароднага Сына як самы вялікі і каштоўны дар. Аднак змясціў Яго ў вельмі бедных абставінах. Марыя — Маці Езуса — была беднай дзяўчынай. Апякун Пана святы Юзаф быў толькі сталяром. Сам Езус нарадзіўся не ў каралеўскім палацы, а ў простым хлеве, дзе сваім подыхам Яго грэлі хатнія жывёлы. Не найлепшы пакунак, калі так можна выказацца. У той жа час гэта самы вялікі дар, дадзены свету ў яго гісторыі. Гэта дар збаўлення, на якім «напісана» імя кожнага з нас.

Калі Марыя даведалася, што Бог абраў яе быць той, якая народзіць свету Збаўцу, яна напоўнілася радасцю і спявала гімн «Magnificat», у якім ёсць наступныя словы: «Усемагутны ўчыніў вялікія рэчы для мяне». Усемагутны Бог учыніў і нам вялікія рэчы. Ён паслаў нам свайго Сына як бязмежную Любоў. Аднак некаторыя людзі так зацікаўлены прыняццем падарункаў толькі ў прыгожых пакунках, што губляюць самы каштоўны падарунак.

Сёння мы запалілі яшчэ адну, ужо апошнюю, адвэнтовую свечку. Яна нагадвае нам пра тое, што мы хутка набліжаемся да Божага Нараджэння, самага вялікага Божага дару, які атрымала чалавецтва. Гэты дар — не што іншае, як уцелаўлёная любоў, якая прывяла Сына Божага на крыж, каб збавіць чалавека.

Тыдзень таму мы адзначалі трэцюю Нядзелю Адвэнту, якая называецца Нядзеляй «Gaudente» — «Радуйцеся». Святы апостал Павел заклікае радавацца ў Пану, бо Ён блізка. Сёння наша радасць яшчэ большая, бо чацвёртая Нядзеля Адвэнту ўжо непасрэдна ўводзіць нас у свята Божага Нараджэння.

Мы з радасцю, якая можа нават пераходзіць у нецярплівасць, чакаем гэтых святаў, а затым Новага года, з надзеяй на лепшую будучыню. Чакае іх асабліва моладзь. Завершыцца Адвэнт — і распачнецца час карнавалаў, батлеек, калядавання.

Усё гэта вельмі добра. Аднак толькі знешнія праяўленні радасці Божага Нараджэння — гэта вельмі мала. Сапраўдная радасць настане тады, калі яна будзе не толькі знешняй, але і ўнутранай, духоўнай.

Якім чынам і дзе мы можам знайсці такую радасць? Нам, святарам, нярэдка прыходзіцца сустракацца з цяжкай сітуацыяй мужчын і жанчын, якія жывуць у шлюбе без касцёльнага благаслаўлення. І тады можна пачуць крык іх душы: як хацелася б паспавядацца і прыняць святую Камунію! Як хацелася б!

Чалавек ведае, што яму для поўнага шчасця недастаткова мець добра ўсталяваны быт, недастаткова быць багатым, недастаткова кожны год ездіць на найлепшыя курорты, недастаткова быць папулярным у сваёй супольнасці ці нават ва ўсім грамадстве, напрыклад, вядомым бізнесменам, артыстам ці спартсменам, недастаткова імкнуцца толькі да віртуальнага шчасця ці шукаць яго ў разбэшчанасці, у наркотыках, алкаголі, неўпарадкаваных сексуальных адносінах.

На жаль, у сучасным свеце вельмі часта крытэрыем ацэнкі чалавека з’яўляецца дасягнуты ім поспех. Мы часта кажам: вось гэты ведае, як уладкавацца ў жыцці. Вакол сябе мы шукаем толькі прывабных рэчаў, любім падарункі, запакаваныя ў бліскучыя каробкі. Пры гэтым забываемся, што не ўсё тое золата, што блішчыць. Чаму так многа самазабойстваў ў вельмі развітых краінах? Здаецца, што там чалавек мае ўсё. Аднак выходзіць, што не ўсё.

Ці будзе сапраўдным шчасцем неўпарадкаванае і нязгоднае з Божай воляй амаральнае жыццё? Ці задумваецца чалавек над тым, што гэтым самым шкодзіць не толькі сабе, але і асяроддзю, дае злы прыклад іншым, разбівае чужую сям’ю? Ці змогуць ашчаслівіць чалавека ночы, праведзеныя ў далёкіх ад маральных нормаў забавах або здрадах?

Нядаўна ў Пярмі ў Расіі здарылася жудасная катастрофа — пажар у памяшканні дыскатэкі, ахвярамі якога сталі каля паўтараста юнакоў і дзяўчат. Некаторыя яшчэ знаходзяцца ў цяжкім стане. Чаму так сталася? Відавочна, што адказныя за правядзенне дыскатэкі падышлі да справы легкадумна і праявілі грубую безадказнасць, а моладзь, што сабралася там, не прыйшла адмаўляць Ружанец. Чалавечае глупства і грахоўнасць сталі прычынай гэтага няшчасця.

Калі адбываюцца такія трагедыі, паўстае пытанне: ці ведалі гэтыя людзі сапраўдную мэту свайго жыцця і які сэнс мела іх смерць? Мы ведаем, што толькі ў Богу жыццё чалавека атрымлівае свой сэнс, а смерць — гэта не канец усяго. Але ці ведаў гэта хто-небудзь з тых людзей?

Нястрымнае імкненне да абсалютнай свабоды рабіць усё што захочацца, жаданне лёгкага жыцця і лёгкіх паводзінаў, свабоднага і так званага бяспечнага сексу, імкненне да багацця за кошт іншых людзей, казіно, дзе чалавек можа прагуляць усё, захапленне астралогіяй і магіяй, да чаго нярэдка звяртаюцца і веруючыя. Таксама алкаголь і наркотыкі як спроба забыцца і выйсці з дэпрэсіі — гэта тое, што так вабіць сучасную моладзь. Гэта як быццам той завёрнуты ў прыгожую паперу пакунак, да якога мы адразу працягваем рукі, не ведаючы нават, што там.

У той жа час жыццё паводле Божага права, захаванне чысціні, прыняцце Евангелля і яго сведчанне, ахвярнасць, дапамога патрабуючым, адказная свабода не вельмі вабяць, бо падобныя да таго, завёрнутага ў шэрую паперу, пакунка, на які мы не так ахвотна глядзім. Аднак менавіта ён захоўвае ў сабе самую вялікую каштоўнасць — жыццё з Богам.  

Два дні таму завяршыўся трэці візіт беларускіх біскупаў аd limina apostolorum — да Апостальскіх парогаў. Біскупы наведалі ватыканскія кангрэгацыі і рады, сустрэліся з папам Бэнэдыктам XVI — першы раз прыватна, а другі — усе разам. Гэта стала вельмі добрым перажываннем еднасці з наступнікам Пятра і адчування паўсюднасці Каталіцкага Касцёла. Падчас другой сустрэчы Святы Айцец звярнуўся да біскупаў з пасланнем, якое павінна стаць падмуркам пастырскай праграмы Касцёла ў нашай краіне на найбліжэйшы час. У пасланні Папа звярнуў асаблівую ўвагу на патрэбу евангелізацыі. Мне гэтая справа вельмі блізкая. У размове з Пантыфікам я закрануў пытанне пагрозы секулярызму і назваў яго ракавай пухлінай сучаснасці, ад якой ёсць адны лекі — евангелізацыя. Святы Айцец з гэтым згадзіўся.

Езус прыходзіць са сваім Евангеллем, каб умацаваць нашу веру, надзею і любоў. На жаль, сучаснаму свету хрысціянства здаецца чымсьці не вельмі прывабным, яно як быццам састарылася. На самой справе яно вельмі прывабнае, заўсёды маладое і актуальнае. Нам трэба вучыцца самім жыць радасцю хрысціянства і перадаваць яе іншым. Такім чынам мы прымем удзел у інтэнсіфікацыі евангелізацыі, на што звяртае ўвагу Папа.    

Таму напярэдадні Божага Нараджэння мы не маем права дапусціць, каб прыходзячы Збаўца прайшоў міма нас, каб мы не сустрэліся з Ім, не дазволілі Яму ўвайсці ў нашыя сэрцы. Няхай наша радасць не будзе толькі радасцю знешняй, радасцю заклапочання падарункамі на святы і святочнымі адведзінамі, але найперш радасцю духоўнай. Няхай словы анёла: «Не бойцеся, сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся вам Збаўца», а таксама анёльскія спевы, якія праслаўляюць Бога на вышынях і абвяшчаюць супакой людзям добрай волі, абудзяць нас з грахоўнага сну, задавальнення самімі сабой і самадастатковасцю і дапамогуць зразумець, што не ў матэрыяльных каштоўнасцях і спажывецтве наша шчасце. Няхай яны прывядуць нас у Бэтлеем, дзе мы знойдзем самы вялікі дар Бога — адзінага Збаўцу свету, які адкрые нам прыгажосць хрысціянства, дзе наша сапраўдная радасць. Амэн.


Адноўлена 21.12.2009 14:09
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі