Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі з нагоды малітвы ў 67-ю гадавіну з дня смерці мучанікаў бл. а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэнпеня, расстраляных нацыстамі ў Налібоцкай Пушчы летам 1943 г.
18 ліпеня 2010 г., Баравікоўшчына

Гадавіна смерці расстраляных у Баравікоўшчыне святароў пар. Пяршаі а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэнпеня пераносіць нас у часы Другой сусветнай вайны, у часы нянавісці і пагарды чалавекам. У імя ілжывай ідэалогіі Гітлера і ўзвышэння адной нацыі над іншай чыніліся страшныя злачынствы.

Варта адзначыць, што ў гэты самы час іншыя асобы паказвалі вялікі дух гераізму, вялікай любові да Бога, Айчыны і да іншага чалавека. Як жа часта вера ў Бога, надзея на Хрыста былі крыніцай натхнення для вялікіх спраў міласэрнасці і пакутніцкай смерці. Сёння ў цэлым свеце ведаюць св. Максіміліяна Кольбэ, які за іншага чалавека ў Асвенціме аддаў сваё жыццё.

Чаму так жорстка пазбавілі жыцця гэтых святароў, як і многіх людзей з розных хутароў, пасёлкаў і вёсак вакол або ў самой Налібоцкай Пушчы ў тыя страшныя часы Другой сусветнай вайны? Таму, што людзі, якія іх забілі, не жылі паводле Закону Божага, дзесяці запаведзяў, перададзеных Богам праз пасрэдніцтва Майсея для людзей, сярод якіх запаведзь «Не забівай».  

Сярод забітых былі і нашы продкі, якія жылі тут на працягу стагоддзяў. Былі і тыя, якія схаваліся ў Налібоцкай Пушчы падчас вайны, удзельнікі ваенных дзеянняў — прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў. Усе падзялілі той самы лёс. Чаму? Яны любілі жыццё, а многія з іх і гэтую зямлю. Гэта былі людзі міру. Многія з іх нават у час ваенных дзеянняў не хацелі пакінуць родныя мясціны — зямлю сваіх бацькоў, дзядоў, зямлю сваіх продкаў, дзе яны нарадзіліся і хацелі перадаць жыццё будучым пакаленням. Таму яны былі пазбаўленыя жыцця.

Сёння мы аддаём даніну памяці таксама святарам суседніх парафій, якія былі забітыя карнікамі ў той час: кс. Паўлу Должыку з маёй роднай парафіі Дзераўная, кс. Юзафу Байка, кс. Юзафу Барадыну з Налібак, кс. Леапольду Аўліху і кс. Казімежу Рыбалтоўскаму з Каменя, святарам са Стоўбцаў, Хатава. За што іх расстралялі, чаму катавалі? Яны пакутавалі і паміралі, таму што былі святарамі, спрабавалі несці для іншых сакрамэнтальную паслугу і перадаваць словы Евангелля Хрыста, у гэтай прорве нянавісці несці прабачэнне, любоў і надзею, клапаціліся аб дзецях, інвалідах, хворых, састарэлых асобах. Сведчанне дабрыні патрабуючым было соллю ў воку тых, хто распаўсюджваў цывілізацыю смерці.

З часу апошняй сусветнай вайны ў польскай мове з’явіліся такія выразы, як: поўнае знішчэнне нацыі, вобыск, масавыя забойствы, канцлагер, лагер, ссылка, дэпартацыя, вымушанае перасяленне на вызначаную тэрыторыю пасля адбытага тэрміна пакарання, пагромы. Гэтыя выразы выкарыстоўваліся для таго, каб акрэсліць з часоў вайны пакутніцтва нявінных людзей, цэлых народаў.

Сёння мы ўшаноўваем памяць аб забітых у Баравікоўшчыне. Складаем ім належнае ўшанаванне і ўзносім малітвы, што паходзяць з веры ў Бога. Памяць аб гэтых людзях заахвочвае да ўзмоцненай малітвы аб міры, да якога так настойліва заклікае нас Касцёл і Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.

Дні Другой сусветнай вайны, сітуацыя на нашай зямлі ў гэты час былі страшнымі. Жыхары прылеглых да Налібоцкай Пушчы мясцовасцей не пагадзіліся з акупацыяй і тэрорам. Многія пайшлі ў партызаны, каб змагацца за свабоду, каб выратаваць сябе і тых, хто жыў тут.

Словы Святога Пісання са Старога і Новага Запавету заклікаюць любіць бліжняга. Фрагмент з Кнігі Лявіт заканчваецца словамі: «Ты не будзеш помсціць, не будзеш несці ніякай злосці на сыноў свайго народа, але будзеш любіць бліжняга свайго як самога сябе». – «Будзеш любіць бліжняга, як самога сябе!»

У Евангеллі ў заключай частцы апошняга суда Хрыстус кажа збаўленым: «Усё, што вы зрабілі аднаму з меншых братоў маіх, — Мне зрабілі». А асуджаным скажа, што яны гэтага не зрабілі.

У абодвух выпадках мы маем справу з заахвочваннем да нясення дапамогі патрабуючым, але з рознымі матывацыямі. У Старым Запавеце гэта святасць Бога, які карае, але заканчваецца гэтая любоў на чалавеку — «як самога сябе».

Езус заклікае любіць бліжняга і ставіць гэтую любоў на ўзроўні Божай; любоў тут становіцца адным з ключавых элементаў, які належыць Хрысту. Другі чалавек — гэта другі Хрыстус. Больш за тое, кожны патрабуючы для мяне параўноўваецца з Хрыстом, і нават той, хто, здаецца, не мае ніякай вартасці і значэння, можа нават быць выгнаннікам у сваім грамадстве. Вось з такім чалавекам і атаясамліваецца Збаўца, і на ім Ён правярае нашу любоў да сябе.

Вялікі святы Касцёла Геранім запісаў, што аднойчы бачыў сон, у якім перажыў свой Апошні Суд перад Хрыстом. Ён даведаўся ў гэтым сне, што хаця і ахрышчаны, аднак не хрысціянін і не будзе збаўлены, хоць і прызнае Хрыста. Збаўленне не дасць пазіцыя ў грамадстве, навуковая ступень альбо іншая заслуга — але перш за ўсё любоў. Святы Геранім даведаўся тады, што больш, чым Езуса і чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, палюбіў творы язычніцкага пісьменніка Цыцэрона. Даведаўся, аб чым вучыць Евангелле.

Хай жа падзеі, якія мы сёння ўспамінаем, дапамогуць нам цвёрда трымацца вучэння Хрыста. Ваша пешая пілігрымка з Пяршаяў і Івянца ў гэты спякотны ліпеньскі дзень сведчыць аб удзячнасці да гэтых пакутнікаў, старэйшага пакалення святароў, душпастыраў вашых бацькоў і дзядоў. Вы выказалі ім сваю падзяку і ўшанавалі іх мучаніцкую смерць, прыходзячы ў гадавіну іх гібелі да месца, дзе пралілася нявінная кроў, дзе адбылася іх Галгофа, таму што да апошняй хвіліны яны не пакінулі вернікаў, хацелі спадарожнічаць ім у месцы зняволення. Быць разам падчас іх прыніжэння, спадарожнічаць у месцах утрымання пад вартай, у канцэнтрацыйным лагеры, у ссылцы, на прымусовых працах у Германіі. Яны хацелі быць пры найбольш патрабуючых — дзецях, хворых, жанчынах, састарэлых людзях. Былі сапраўднымі Самарыцянамі нават падчас вайны, калі ў экстрэмальных сітуацыях чалавек нярэдка паказваў, наадварот, свае дрэнныя рысы.

Сярод тых, хто загінуў, пацярпелых у выніку Другой сусветнай вайны, некаторых мучанікаў Касцёл узнёс да хвалы алтара. Сярод іх францішканцы вашай парафіі з Пяршаяў — бл. а. Ахілес Пухала і бл. а. Герман Стэмпень. Яны не пакінулі сваіх вернікаў да самага канца, як і сёстры мучаніцы з недалёкага адсюль Навагрудка, бл. с. Стэла Мардасевіч і яе дзесяць спадарожніц, якія аддалі жыццё за бліжніх. Яны благаслаўлёныя, таму што ўмелі велікадушна ахвяраваць сваё жыццё — тое, што вельмі дарагое чалавеку, — каб дапамагчы іншым, якія таксама маюць патрэбу. Крочылі за  Езусам Хрыстом, які за нас аддаў сваё жыццё, паміраючы за нас на Галгофе ў Вялікую Пятніцу.

Здараецца, асабліва ў апошнія часы, што ў грамадстве распаўсюджваецца расчараванне і апатыя — нават сярод хрысціян, калі сур’ёзна падрываюцца маральныя каштоўнасці, годнасць чалавечага жыцця. Таму Касцёл указвае нам на прыклад мучанікаў як на новыя, канкрэтныя прыклады вернасці Закону Божаму ў сітуацыях значна цяжэйшых, чым сучасныя. Благаслаўлёныя даюць нам прыклад таго, што з дапамогай Божай Ласкі кожны, хто верыць у Хрыста, зможа пераадолець цяжкасці, захаваць веру і быць прыкладам для іншых у руплівым выкананні Божага Права. Благаслаўлёныя Ахілес і Герман, маліцеся за нас! Амэн.

Адноўлена 19.07.2010 15:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі